Салінскі мір
Салінскі мір[1] — умова, складзеная паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Тэўтонскім ордэнам. Узгадненьне тэксту ўмовы адбылося 23 красавіка 1398 году ў Горадні, абмен умоўнымі граматамі паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і вялікім магістрам Ордэна Конрадам фон Юнгінгенам — 12 кастрычніка 1398 году на высьпе Саліне (на Нёмане, насупраць утокі ракі Нявежы).
Салінскі мір | |
Падпісаная | 12 кастрычніка 1398 году |
---|---|
· месца | выспа Салін на Нёмане |
Згодна з умовай прадугледжвалася літоўская дапамога Ордэну для заваяваньня Пскова і ордэнская падтрымка ВКЛ для авалоданьня Вялікім Ноўгарадам і паходу супраць Залатой Арды. Вітаўт абяцаў саступіць Ордэну Жамойць да ракі Нявежа і палову Судувы; сваім парадкам, Ордэн абавязваўся не падтрымліваць прэтэнзіяў Сьвідрыгайлы на сталец ВКЛ.
Неафіцыйна Вітаўт заручыўся згодай Ордэна з сваімі плянамі дабівацца поўнай незалежнасьці ад Польшчы; на сьвяткаваньнях у гонар падпісаньня Салінскага міру Вітаўт быў адзінадушна абвешчаны фэадаламі ВКЛ «каралём Літвы і Русі». Гэта выклікала насьцярожанае стаўленьне да ўмовы польскага караля Ягайлы, а пляны захопу Ноўгараду і Пскова прывялі да пагаршэньня дачыненьняў ВКЛ з гэтымі рэспублікамі, а таксама Маскоўскім і Цьвярскім вялікімі княствамі. Рэальнай падтрымкі ў рэалізацыі сваіх экспансіянісцкіх плянаў Вітаўт не атрымаў, што, у прыватнасьці, абумовіла паразу войскаў ВКЛ у бітве на Ворскле 1399 году.
Варункі Салінскага міру былі ўдакладнены Рацёнскім дагаворам 1404 году, да якога далучылася і Польшча.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Краўцэвіч А. Вялікі князь Вітаўт: Нарыс. — Менск, 1998. С. 47.
Літаратура
рэдагаваць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8