Рэфлюксная хвароба

закідваньне страўнікавага зьмесьціва ў стрававод і ротавую поласьць, што раздражняе сьлізьніцу стрававода

Рэфлюксная хвароба (анг. reflux — вяртаньне) — закідваньне страўнікавага зьмесьціва ў стрававод і ротавую поласьць, што раздражняе сьлізьніцу стрававода.

Рэфлюксная хвароба
Рэнтген закіда рэчыва са страўніка ў стрававод (2009 г.)
Рэнтген закіда рэчыва са страўніка ў стрававод (2009 г.)
Сынонімы кіслотны рэфлюкс, гастраэзафагеяльная рэфлюксная хвароба (ГЭРХ)
Спэцыяльнасьць гастраэнтэралёгія
Сымптомы кіслая пякотка, смыленьне ў грудзях
Ускладненьні язвавая хвароба, бранхіт
Працягласьць 6-8 месяцаў
Прычыны парушэньне замыканьня ніжняй страваводнай сьціскальніцы
Фактары рызыкі атлусьценьне, кіла і тытунепаленьне
Мэтад дыягностыкі эндаскапія і замер кіслотнасьці стрававода
Прафіляктыка 5-разовае сталаваньне, шпацыр пасьля ежы, выключэньне алькаголю і кавы
Лячэньне аднова напругі страваводнай сьціскальніцы, нэўтралізаваньне салянай кісьлі
Лекі процігістамінны і процікіслотны сродкі
Частасьць звыш 10% людзей
Рэфлюксная хвароба ў Вікісховішчы

Узьнікае з прычыны парушэньня замыканьня ніжняй страваводнай сьціскальніцы пасьля праходу харчовай кашыцы па страваводзе ў страўнік[1]. Тады кіслае зьмесьціва страўніка замест руху ўніз у кішачнік можа наадварот патрапіць уверх у стрававод. Асяродзьдзе страваводу ёсьць слабакіслым (або нэўтральным), таму апёк паступова выклікае запаленьне страваводу. Ускладненьне хваробы выклікае ацёк, эрозію і язву з крывацёкамі[2]. Часам шматслойны плоскі эпітэлій стрававода перараджаецца ў кішачны цыліндрычны эпітэлій (стрававод Барэта), што ёсьць перадракам. Хвароба найчасьцей даходзіць да раку стрававода ў краінах Азіі, дзе ўжываюць празьмерна гарачую ежу і мае пашырэньне рассмоктваньне насваю. Іншым ускладненьнем бывае хранічны бранхіт і бранхіяльная астма, бо стрававод злучаецца з гартаньню, трахеяй і дыхнікамі. Такая пагроза існуе, калі кіслае зьмесьціва страўніка з бактэрыямі падымаецца да ротавай поласьці, якое тады закідваецца праз трахею ў дыхнікі[3].

У 1925 годзе ўпершыню апісалі праявы хваробы, якую ў 1935 годзе амэрыканскі гастраэнтэроляг Ашэр Ўінкэльстайн назваў рэфлюкснай.

Папярэджаньне

рэдагаваць

Прадухіленьню хваробы спрыяе прыём ежы 4-5 разоў на дзень дробнымі порцыямі. Пасьля сталаваньня варта рабіць прагулку працягласьцю 20-40 хвілінаў. Карысна пазьбягаць прыёму ежы лежачы. Таксама варта ўнікаць вострай, вэнджанай і салёнай ежы, бо тая ёсьць сакагоннай і выклікае ўтварэньне вялікай колькасьці салянай кісьлі. Адначасна карысна адмовіцца ад спажываньня вырабаў, якія пашыраюць, аслабляюць і расслабляюць ніжнюю страваводную сьціскальніцу. У прыватнасьці варта адмовіцца ад тытунепаленьня праз разбуральнае ўзьдзеяньне нікатыну і іншых прадуктаў тытунёвага дыму на стрававод. У сувязі з падобнай шкодай карысна пазьбягаць усялякіх алькагольных напояў. Таксама варта выключыць каву праз наяўнасьць кафэіну. Урэшце карысным ёсьць сон з прыўзьнятай галавой[3].

Чыньнікі

рэдагаваць

Узьнікненьню хваробы спрыяе пасьпешлівы прыём ежы, атлусьценьне, маларухомы лад жыцьця, злоўжваньне алькаголем, паленьне і малакроўе[3].

Хвароба выяўляецца празь пякотку і смыленьне ў грудзях. Таксама адзначаецца боль у языку і дзяснах, прыступ спазмы ў дыхніках[3]. Суправаджаецца кіслай адрыжкай і кіслым прысмакам у роце[1].

Для вывучэньня закідаў страўнікавай сакрэцыі ў стрававод зонд з капсуламі апускаюць праз нос у стрававод і страўнік, дзе вымяраюць частасьць і шчыльнасьць закідаў. Для ўнутранага агляду страваводнай сьціскальніцы і пашкоджаньня (запаленьня, ацёка і язвы) стрававода выкарыстоўваюць эндаскоп[3].

Лячэньне

рэдагаваць

Цягам 6-8 месяцаў ажыцьцяўляецца прыём процігістамінных лекаў для адновы напругі ніжняй страваводнай сьціскальніцы і процікіслотных лекаў для зьмяншэньня кіслотнасьці ў страваводзе праз нэўтралізаваньне сакрэцыі салянай кісьлі. Пры ўскладненьні напругу ніжняй страваводнай сьціскальніцы павышаюць шляхам плястычнай апэрацыі[3] (фундаплікацыя).

Беларусь

рэдагаваць

На 2014 год каля 20% дарослага насельніцтва Беларусі цярпела ад рэфлюкснай хваробы[1].

  1. ^ а б в Сьвятлана Барысенка. Што ядзім? Як выпіваем // Зьвязда : газэта. — 14 жніўня 2014. — № 152 (27762). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Сьвятлана Барысенка. Страваваньне без пакут // Зьвязда : газэта. — 28 чэрвеня 2012. — № 123 (27238). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в г д е Сьвятлана Барысенка. Пякотка можа прывесьці да раку // Краіна здароўя. — 14 студзеня 2009. — № 1 (115). — С. 6.