Рэйтан (карціна Яна Матэйкі)
«Рэйтан — Заняпад Польшчы» (па-польску: Rejtan – Upadek Polski), альбо «Рэйтан на сойме 1773 года» (па-польску: Rejtan na sejmie 1773 roku) — карціна Яна Матэйкі, намаляваная ў 1866 годзе і паказвае падзеі красавіку 1773 году, калі Тадэвуш Рэйтан спрабаваў сарваць сойм і не дапусьціць падзелу Рэчы Паспалітай. Каб не выпусьціць дэпутатаў з салі пасяджэньняў, Рэйтан лёг перад выхадам са словамі: «Забіце мяне, не забівайце Айчыну!»
Рэйтан – Заняпад Польшчы | |
Польская мова: Rejtan – Upadek Polski | |
Мастак | Ян Матэйка |
---|---|
Год | 1866 |
Тып | алей, палатно |
Памеры | 282 × 485 |
Месцазнаходжаньне | Каралеўскі замак, Варшава |
Сюжэт і пэрсанажы карціны
рэдагавацьСюжэт карціны апавядае аб сцэне, якая адбылася 21 красавіка 1773 году. У апошні трэці дзень працы «Падзельнага сейма», які праходзіў у Варшаве, сойм павінен быў ратыфікаваць падзел земляў Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Расеяй і Аўстрыяй. Цэнтральнай постацю карціны зьяўляецца шляхціч Тадэвуш Рэйтан, які ў роспачы спрабуе прадухіліць ганебную для яго радзімы падзею. Рэйтану, які ляжыць у дзьвярох, Адам Панінскі паказвае на расейскіх грэнадэраў, якія бачныя ў зале за дзьвярыма. Зьлева ад Панінскага намаляваны Станіслаў Шчэнсны Патоцкі (якому ў той час быў 21 год і ў зале сейма яго не было). Справа ад Панінскага каронны гетман Францыск Ксавэры Браніцкі, які закрыў твар рукамі. Гэтыя трое, як раз зьбіраюцца ўвайсьці ў салю сейма, каб падпісаць зьневажальную для Рэчы Паспалітай дамову.
У левай частцы палатна вылучаецца фігура Франца Салезыя Патоцкага. Ён намаляваны ў сабаліным футры, у позе, нібыта ён ідзе зь невідушчым позіркам і працягнуўшы рукі, як сьляпы. На яго грудзях намаляваны Ордэн Белага арла. Салезій Патоцкі на самай справе ў гэты дзень быў ужо мёртвы, аднак Матэйка намаляваў яго на палатне як сымбаль адчаю й бясьсільля найбуйнейшых польскіх магнатаў. Справа бачная галава князя Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку.
Зьлева-ззаду ад Салезія Патоцкага бачная фігура караля польскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які трымае ў левай руцэ гадзіньнік.
У левым вугле карціны намаляваны князь Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі, які сядзіць. Справа ад яго ў расшпіленай сутане Міхал Ежы Панятоўскі, брат апошняга караля польскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Над усёй мізансцэнай высіцца партрэт расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ зь дзяржавай у руцэ. Аднак зьлева ад партрэта імпэратрыцы Матэйка намаляваў маладога чалавека, у правай руцэ якога заціснутая карабэла ў ножнах, а ў левай канфэдэратка. Гэты малады чалавек, сымбальізуе надзею на вызваленьне Рэчы Паспалітай.
У ложы ў асяродзьдзі дзьвюх дам намаляваны расейскі пасол князь Мікалай Васільевіч Рапнін, зь левага боку ад якога знаходзіцца княгіня Ізабэла Чартарыйская, палюбоўніца Рапніна[1] Гэта яшчэ адна гістарычная вольнасць, у гэты час паслом Расеі ў Польшчы ўжо быў барон Ота Магнус фон Штакельбэрг.
Гісторыя карціны
рэдагавацьНягледзячы на супраціўленьне дзеячаў польскай эміграцыі ў Парыжы і, у прыватнасьці, князя Адама Ежы Чартарыйскага і яго атачэньня, карціна была паказана на выставе ў Парыжы ў 1867 годзе, дзе была ўзнагароджана залатым мэдалём.
Карціну для сваёй калекцыі набыў імпэратар Аўстрыі Франц Ёсіф I. У 1918 годзе ўрад Польшчы выкупіў палатно й перадало яго ў калекцыю Каралеўскага замка ў Варшаве. У верасьні 1939 году карціна перайшла ў рукі немцаў, і яны эвакуавалі палатно з Варшавы ў 1944 годзе. Карціна была знойдзена ў жудасным стане ў нямецкай Сілезыі недалёка ад горада Яленя-Гура. Палатно было адноўлена на працягу трох гадоў рэстаўрацыйных працаў.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Юркевіч З. Ю. Як мог знікнуць твор пра наваградца — Культура , 2015, №6
- Островский Г. С. Ян Матейко: монографический очерк. — Искусство, 1965. — С. 126.
- Cegielski T. Rejtan. Upadek Polski // Polaków dzieje malowane. — Warszawa: 2007.