Рафал Чарвякоўскі

беларускі хірург-вынаходнік

Рафа́л Ю́заф Чарвяко́ўскі (1743, Пінск, цяпер Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 1816, Кракаў, цяпер Польшча) — беларускі хірург-навуковец.

Рафал Чарвякоўскі

лац. Rafał Čarviakoŭski
Дата нараджэньня 24 кастрычніка 1743
Месца нараджэньня Пінск (Берасьцейскае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае)
Дата сьмерці 5 ліпеня 1816
Месца сьмерці вольны горад Кракаў (Аўстрыйская імпэрыя)
Месца пахаваньня
Месца вучобы Рымскі ўнівэрсытэт (1776)
Занятак хірург, лекар, анатам, акушэр
Навуковая сфэра хірургія
Месца працы Галоўная каронная школа (Кракаў, з 1779-га)
Вядомы як бацька польскай хірургіі
Навуковая ступень доктар мэдыцыны[d]
Вучні Францішак Касьцецкі(pl)

Доктар мэдыцыны. Аўтар 12 тамоў па хірургіі[1]. Вынаходнік некалькіх хірургічных прыладаў і спосабаў умяшаньня[2].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 1762 годзе 18-гадовым юнаком скончыў у Пінску школу манаскага ордэна піяраў, у які ўступіў. У 1765 годзе скончыў тамсама піярскую вучэльню[2]. У 1771 годзе паступіў у Рымскі ўнівэрсытэт (Папская дзяржава), дзе 16 сакавіка 1776 году атрымаў ступеню доктара мэдыцыны. Пражываў у Рыме пры падтрымцы доктара філязофіі Гуга Калантая родам з Валынскага ваяводзтва, які быў сябрам Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай. У 1777 годзе рымскі папа Піюс VI вызваліў Рафала Чарвякоўскага на яго ўласную просьбу ад духоўнага званьня, бо тое было несумяшчальным зь лекаваньнем жанчынаў. Праходзіў лекарскую практыку ў шпіталях сталіцаў 6 дзяржаваў Заходняй Эўропы: Нэапалю (Нэапалітанскае каралеўства), Флярэнцыі (Вялікае княства Тасканскае), Турыну (Сардынскае каралеўства), Вены (Вялікае княства Аўстрыя), Парыжу (каралеўства Францыя) і Бэрліну (каралеўства Прусія). 5 кастрычніка 1779 году накіраваўся зь Пінска ў Кракаў (Польскае каралеўства) выкладаць мэдыцыну ў Галоўнай кароннай школе[1]. У 1780 годзе атрымаў званьне прафэсара. Заснаваў катэдру анатоміі, хірургіі і акушэрства ды стаў іх першым выкладнікам у Кракаве. Таксама стварыў першы ў Кракаве анатамічны тэатар. У 1785 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў яго залатым мэдалём і прызначыў прыдворным лекарам. Рафал Чарвякоўскі зрабіў першае ў Кракаве ўскрыцьцё трупа чалавека і праводзіў сшываньне ранаў жывата і кішак, трэпанацыю чэрапа і трахеатамію[2]. Падчас паўстаньня Касьцюшкі 1794 году быў галоўным лекарам лязарэту пры саборы сьвятога Пятра ў Кракаве (Рэч Паспалітая)[1]. У 1796 годзе выдаў «Практычную хірургію». У 1816 годзе апублікаваў «Падрыхтоўку да хірургічнай дапамогі». У 1816—1817 гадах выйшаў яго 6-томнік «Агляд хірургічных інструмэнтаў». Агулам выдаў 12 тамоў дасьледаваньняў па хірургіі. Вынайшаў некалькі хірургічных прыладаў і спосабаў умяшаньня. Падрыхтаваў звыш 200 вучняў[2].

  1. ^ а б в Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 24 кастрычніка 2013. — № 201 (27566). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в г Вучоны-мэдык, асьветнік Рафал Юзаф Чарвякоўскі // Палеская праўда : газэта. — Пінск: 16 сьнежня 2018.