Расьціслаў (князь)

вялікамараўскі князь

Расьцісла́ў (па-славацку: Rastislav, па-чэску: Rostislav, таксама Rastic, Rasticlao, Rastislaus; *?, Маравія — † пасьля 870, Баварыя) — другі вялікамараўскі князь. За ягоным валадараньнем на тэрыторыю Вялікае Маравіі прыйшлі зь Бізантыі Кірыл і Мятод, якія заклалі пачаткі славянскае пісьмовасьці. Расьціслаў быў кананізаваны Чахаславацкай праваслаўнай царквой у кастрычніку 1994 року.

Расьціслаў
Rastislav
князь
Абраз князя Расьціслава
князь вялікамараўскі
846? — 870
Папярэднік Моймір I
Наступнік Славамір
князь нітранскі
846 — 860
Папярэднік Моймір I
Наступнік Сьвятаполк I
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 820, Маравія
Памёр 870(0870), Баварыя
Дынастыя Мойміравічы
У Вікіпэдыі ёсьць артыкулы пра іншых людзей зь імем Расьціслаў.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Пастаўлены на сталец у 846 року каралём усходніх франкаў Людовікам Нямецкім, які спадзяваўся, што зможа кіраваць ім лягчэй, чым ягоным дзядзькам Моймірам I. Першы час Расьціслаў пашыраў і ўмацоўваў сваю дзяржаву, заключыў хаўрусы з Баўгарскім царствам і Бізантыйскай імпэрыяй. Аднак у 850 року Расьціслаў пазбавіўся ўплыву Людовіка II, адкрыта падтрымаў іхніх ворагаў і выгнаў баварскіх місіянэраў з краіны.

У 855 року войска Людовіка II уварвалася ў Вялікую Маравію і дайшло да самае крэпасьці Расьціслава (імаверна, Дзевін). Тут мараўцы спынілі наступ усходніх франкаў і перасьледавалі іх да берагоў Дунаю, разрабаваўшы памежныя землі Баварыі.

У 858 року Расьціслаў замірыўся з Карламанам, маркграфам Усходняе Маркі і сынам Людовіка Нямецкага. Дзякуючы гэтаму далучыў да тэрыторыі сваёй дзяржавы частку земляў сучаснае Вугоршчыны. У 861 року супольнае войска Карламана і Расьціслава пайшло вайной на Людовікава хаўрусьніка Прыбіну, які быў забіты ў гэтай выправе. Пасьля яго ўладаром Блятэнскага княства стаў сын Прыбіны, які перайшоў на бок Расьціслава.

У 861 року Расьціслаў вырашыў канчаткова парваць з уплывам усходніх франкаў у Вялікамаравіі і зьвярнуўся да Папы рымскага з просьбаю даслаць настаўнікаў, якія б маглі падрыхтаваць мясцовых сьвятароў. Папа не адгукнуўся, а бізантыйскія сьвятары, якія даўно дзейнічалі ў Вялікамаравіі, параілі зьвярнуцца да бізантыйскага імпэратара Міхаіла III. Расьціслаў разам са сваім пляменьнікам Сьвятаполкам, князем удзельнага Нітранскага княства, так і зрабілі, пасьля чаго прыкладна ў 863 року Міхаіл III прыслаў сюды Кірылу і Мятода. Іхняя місіянэрская дзейнасьць мела закладнае значэньне для культурнага разьвіцьця ня толькі Вялікае Маравіі, але і ўсяе Ўсходняе Эўропы. Выявіўшы адсутнасьць у мясцовых жыхароў уласнае пісьмовасьці, Кірыл і Мятод вынайшлі для мараўцаў глаголіцу[1].

У 868—869 роках як Расьціслаў, так і Сьвятаполк былі змушаныя адбіваць чарговыя напады ўсходніх франкаў. У 870 Сьвятаполк перайшоў на бок ворага і прызнаў уладу ўсходніх франкаў над Нітранскім княствам. Расьціслаў адрэагаваў няўдалай спробай забіць свайго пляменьніка, ды сам быў захоплены Сьвятаполкам. У лістападзе 870 року Сьвятаполк перадаў Расьціслава ў рукі ворага. Ён быў адпраўлены ў Баварыю, дзе й памёр у зьняволеньні.

Па сьмерці Расьціслава ў Вялікай Маравіі пачалася барацьба за ўладу. Прэтэнзіі на сталец вылучыў Сьвятаполк, які ў выніку адолеў іншых кандыдатаў Людовіка, усходнефранскіх маркграфаў Вільгельма II і Энгельшалька I.

  1. ^ Simon Franklin. Writing, Society and Culture in Early Rus, c.950-1300. — Cambridge University Press, 2002. — С. 188. — ISBN 9780521813815
Папярэднік
Моймір I
князь Вялікай Маравіі
846?—870
Наступнік
Славамір