Раман Дмоўскі

польскі палітык

Рама́н Станісла́ў Дмо́ўскі (па-польску: Roman Stanisław Dmowski; 9 жніўня 1864, маёнтак Каменка пад Варшавай, Царства Польскае — 2 студзеня 1939, Драздова, Другая Рэч Паспалітая) — польскі палітычны дзяяч, публіцыст.

Раман Станіслаў Дмоўскі
па-польску: Roman Dmowski
Міністар замежных справаў Польшчы
27 кастрычніка 1923 — 14 сьнежня 1923
Прэзыдэнт: Станіслаў Вайцахоўскі
Прэм’ер-міністар: Уладыслаў Грабскі
Папярэднік: Мар’ян Сэйда
Наступнік: Караль Бэртоні
Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі
1907 — 1909
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 9 жніўня 1864
пад Варшавай, Царства Польскае
Памёр: 2 студзеня 1939 (74 гады)
Драздова, Польская Рэспубліка
Партыя: Нацыянал-дэмакратычная партыя Польшчы
Народна-нацыянальны зьвяз
Адукацыя: Варшаўскі ўнівэрсытэт
Узнагароды:
Вялікі крыж ордэна Адраджэньня Польшчы
Вялікі крыж ордэна Адраджэньня Польшчы
Ордэн Зоркі Румыніі Ордэн Аранскіх-Насаў

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт (1890). У студэнцкія часы браў удзел у дзейнасьці падпольнай студэнцкай арганізацыі «Зьвяз польскай моладзі „Зэт“(pl)». Імкнуўся да аддзяленьня польскага вызвольнага руху ад расейскага, быў арганізатарам антырасейскіх дэманстрацыяў. За арганізацыю студэнцкай вулічнай маніфэстацыі ў сотую гадавіну Канстытуцыі 3 траўня (1891) быў арыштаваны і паўроку перабываў у Варшаўскай цытадэлі, пасьля высланы ў Мітаву.

У 1893 року зь іншымі дзеячамі нацыянальнага руху арганізаваў «Нацыянальную лігу» (польск. Liga Narodowa) — нелегальную палітычную арганізацыю, што дзейнічала ва ўсіх трох частках падзеленай Польшчы.

У 1895 Раман Дмоўскі зь Мітавы таемна перабраўся ў Львоў. Стаў рэдактарам часопісу «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), ачоліў «Нацыянальную лігу» (з 1897 — Нацыянал-дэмакратычная партыя Польшчы).

Аўтар працы «Думкі сучаснага паляка» (1902), што стала ідэалягічнай праграмай польскіх эндэкаў. Лічыў, што Беларусь трэба разглядаць як усходнюю тэрыторыю Польшчы.

У 1904 узяў удзел у Парыскай канфэрэнцыі рэвалюцыйных і апазыцыйных партыяў Расеі. Паступова з разьвіцьцём польскага рэвалюцыйнага рабочага руху стаў выступаць супраць пралетарыяту. З 1905 — у Варшаве, заклікаў да здушэньня рэвалюцыі і прапаноўваў супрацоўніцтва з царызмам.

У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднаньня польскіх дэпутатаў) у 2-й і 3-й Дзяржаўнай думах. У 1908 выдаў кнігу «Нямеччына, Расея і польскае пытаньне», у якой прадбачыў ваенны канфлікт паміж Расеяй і Нямеччынай і лічыў, што месца Польшчы ў ім на баку Расеі. Удзельнічаў у нэаславянскім руху, у 1908 у Празе браў удзел у панславянскім кангрэсе.

 
Працэсія падчас пахаваньня Рамана Дмоўскага

На пачатку І сусьветнай вайны 25 лістапада 1914 стварыў у Варшаве з дазволу расейскіх уладаў Нацыянальны польскі камітэт. У 1915 у Пецярбургу дамагаўся стварэньня польскіх вайсковых фармаваньняў. У 1917 у Парыжы арганізаваў Нацыянальны камітэт, галоўнай мэтай якога было аднаўленьне незалежнай Польшчы і стварэньне польскага войска.

У ліпені 1917 падаў ангельскаму ўраду мэмарыял «Упарадкаваньне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы», у якім акрэсьліваў межы будучай Польшчы. Паводле гэтага праекту ўся Заходняя і Цэнтральная Беларусь уваходзіла ў склад польскай дзяржавы, усходняя граніца якой праходзіла па гэтай званай «лініі Дмоўскага». Адначасова Р. Дмоўскі распрацаваў асновы нацыянальна-дзяржаўнай арганізацыі Другой Рэчы Паспалітай на падставе канцэпцыі інкарпарацыі. Быў палітычным апанэнтам Юзэфа Пілсудзкага, пасьлядоўна выступаў за стварэньне монанацыянальнае польскае дзяржавы.

У 1919 прадстаўляў Польшчу на Парыскай мірнай канфэрэнцыі. Да 1922 року быў дэпутатам Сойму, у 1923 — міністар замежных справаў. Пасьля прыходу да ўлады Ю. Пілсудзкага ў 1926 стварыў апазыцыйны «Лягер Вялікай Польшчы», які ў 1933 быў забаронены.

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Niemcy, Rosja i kwestia polska / Dmowski, Roman. — Warszawa : Inst. Wydawn. Pax, 1991, Wyd. 1.

Літаратура

рэдагаваць