Рада народных міністраў БНР

(Перанакіравана з «Рада Народных Міністраў»)

Ра́да наро́дных міні́страў БНР — выканаўчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі, сфармаваны Радай БНР замест Народнага сакратарыяту БНР у адпаведнасьці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11 кастрычніка 1918 году[1].

Рада народных міністраў БНР

Сьцяг БНР
Абрэвіятура РНМ БНР
Папярэднік Народны сакратарыят БНР
Наступнік Сакратарыят Рады БНР
Дата ўтварэньня 11 кастрычніка 1918 (106 гадоў таму)
Дата спыненьня існаваньня 1 чэрвеня 1948 (76 гадоў таму)
Тып урад
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта абарона волі грамадзянаў Беларусі
Месцазнаходжаньне Менск (да 1919 г.), Коўна (да 1923 г.), Прага
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Сяброўства 8 міністраў
Афіцыйныя мовы беларуская
Старшыня Антон Луцкевіч (1-ы),
Мікола Абрамчык (апошні)
Асноўныя асобы Вацлаў Ластоўскі, Аляксандар Цьвікевіч, Васіль Захарка
Матчына кампанія Рада Беларускай Народнай Рэспублікі

У склад 1-й Рады Народных Міністраў (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі й Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў: Антон Луцкевіч (старшыня, міністар замежных справаў), Язэп Варонка (міністар унутраных справаў), Васіль Захарка (намесьнік старшыні да верасьня 1919, міністар фінансаў), Лявон Заяц (дзяржаўны кантралёр), Яўген Ладноў (міністар вайсковых справаў), Аркадзь Смоліч (міністар асьветы), Аляксандар Цьвікевіч (міністар юстыцыі). Пазьней Варонку на пасадзе міністра зьмяніў Кузьма Цярэшчанка[1].

13 сьнежня 1919 году адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую Раду БНР (прапольская зьнешнепалітычная арыентацыя) і Народную Раду БНР (прабалтыйская). Найвышэйшая Рада пацьвердзіла паўнамоцтвы кабінэту Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасьля адстаўкі Луцкевіча (28 лютага 1920) Найвышэйшая Рада свой кабінэт не фармавала, 6-м урадам БНР лічыцца кабінэт, сфармаваны 13 сьнежня 1919 Народнай Радай. У склад гэтай Рады Народных Міністраў уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў: Вацлаў Ластоўскі (старшыня), Яфім Бялевіч (міністар фінансаў, зь верасьня 1920 Аляксандар Вальковіч), Тамаш Грыб (міністар унутраных справаў), Клаўдзі Дуж-Душэўскі (дзяржаўны сакратар), Яўген Ладноў (міністар замежных справаў, пазьней Цьвікевіч), Лявон Заяц (дзяржаўны кантралёр), Цьвікевіч (намесьнік старшыні, міністар юстыцыі)[1].

У выніку ганеньняў з боку польскіх акупацыйных уладаў кабінэт Ластоўскага эміграваў. Да лістапада 1920 ён месьціцца ў Рызе, потым у Коўне[1].

На Першай Усебеларускай канфэрэнцыі ў 1921 у Празе Рада Народных Міністраў прызнаная адзіным законным органам выканаўчай улады Беларусі[1].

1 кастрычніка 1922 году створаны 7-ы ўрад БНР — Дзяржаўная калегія на чале зь Пётрам Крачэўскім.

8-ы ўрад БНР сфармаваны 23 жніўня 1923. У склад Рады Народных Міністраў увайшлі Цьвікевіч (старшыня, міністар замежных справаў), Варонка (міністар асьветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в. а. міністра фінансаў), Заяц (дзяржаўны кантралёр), Уладзімер Пракулевіч (дзяржаўны пісар). Прэзыдыюм Рады БНР прыняў склад гэтага кабінэту «да ведама», але не зацьвердзіў яго пастановай[1].

У лістападзе 1923 году Рада Народных Міністраў пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канфэрэнцыяй (1925, Бэрлін) Рада Народных Міністраў абвясьціла ўрад БНР «зьліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасьць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі й ягоны намесьнік Захарка не прызналі акты Рады Народных Міністраў правамоцнымі. Пасьля канфэрэнцыі старшынём Рады Народных Міністраў стаў Захарка, які ў 1928-43 спалучаў гэтую пасаду з выкананьнем абавязкаў старшыні Рады БНР[1].

З сакавіка 1943 да сакавіка 1946 старшынём Рады БНР і Рады Народных Міністраў быў Мікола Абрамчык. З чэрвеня 1948 году Рада Народных Міністраў не фармавалася[1].

  1. ^ а б в г д е ё ж Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4 С. 204

Бібліяграфія

рэдагаваць