Пётар Бяссонаў

расейскі гісторык літаратуры, фальклярыст, этноляг, публіцыст

Пё́тар Аляксе́евіч Бяссо́наў (4 (16) чэрвеня 1828, г. Масква — 22 лютага (6 сакавіка) 1898, Харкаў) — расейскі славянафіл, гісторык літаратуры, публікатар славянскага, у тым ліку беларускага фальклёру, этноляг і публіцыст. Прафэсар Харкаўскага ўнівэрсытэту (1879)[1]. Належаў да адэптаў ідэалёгіі заходнерусізму[2]».

Пётар Бяссонаў
Пётр Бессонов
Дата нараджэньня 4 (16) чэрвеня 1828
Месца нараджэньня Масква
Дата сьмерці 22 лютага (6 сакавіка) 1898 (69 гадоў)
Месца сьмерці Харкаў
Месца вучобы Маскоўскі ўнівэрсытэт
Занятак мовазнавец, бібліятэкар, прафэсар, філёляг, славіст, фальклярыст, прафэсар унівэрсытэту
Навуковая сфэра славістыка, фальклярыстыка
Месца працы Віленскае рэальнае вучылішча
Віленская I гімназія
Харкаўскі ўнівэрсытэт
Вядомы як складальнік зборнікаў народных песень, дасьледчык фальклёру
Сябра ў Таварыства сэрбскай пісьменнасьці[d], Сэрбскае навуковае таварыства[d] і Сэрбская акадэмія навук і мастацтваў[d]

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Пётар Бяссонаў нарадзіўся ў Маскве, ў сям’і сьвятара. У 1846 годзе скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю і паступіў на гісторыка-філялягічны факультет Маскоўскага ўнівэрсытэту[1], дзе праўляе прыхільнасьць да расейскай гісторыі, літаратуразнаўства і этнаграфіі, пачынае зьбіраць народныя песьні[3]. Скончыў унівэрсытэт у 1851 годзе. Пасьля атрыманьня адукацыі служыў у Маскоўскім архіве Міністэрства замежных спраў (1855—1857), Маскоўскай сынаідальнай друкарні (з 1858). Член Таварыства аматараў расейскай славеснасьці пры Маскоўскім унівэрсытэце, яго сакратар (1869—1878), член-каррэспандэнт Сэрбскага навуковага таварыства, член Расейскага геаграфічнага таварыства.

Па ініцыятыве папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі Івана Карнілава быў пераведзены ў Вільню, дзе вясной 1865 быў прызначаны на пасаду старшыні Віленскай археаграфічнай камісіі, дырэктарам Віленскага рэальнага вучылішча і дырэктарам Віленскай I гімназіі. Аднак пры ім праца ў Археаграфічнай камісіі замерла. Расчараваны Карнілаў дамогся ягонага звальненьня ў 1866 годзе. Пасьля выгнаньня зь Вільні Бяссонаў служыў бібліятэкарам у Маскоўскім унівэрсытэце (1867—1878). У 1879 годзе атрымаў званьне ганаровага доктара ад Казанскага ўнівэрсытэту, і стаў прафэсарам катэдры славянскіх «гаворак» Харкаўскага ўнівэрсытэту.

Ідэйныя перакананьні

рэдагаваць

Пётар Бяссонаў быў прадстаўніком ідэй панславізму, сфармаванага ў 1840—1850-я ў рускіх славянафільскіх гуртках. У навуковых поглядах Бяссонаў зьяўляўся ідэалістам, яго разважаньні ў галіне этналёгіі, міталёгіі й гісторыі славянства належаць да спэцыфічнага славянафільскага «народнага напрамку», яны, аднак, па словах дасьледчыкаў, нанесьлі непапраўную страту расейскай фалькларыстычнай навуцы, бо знаходзяцца ў такім поўным падпарадкаваньні сьмелай і пладавітай фантазіі аўтара, што крытыкі нават рэдка лічаць патрэбным спрачацца зь ім[4]. Крытыка Бяссонава не сьціхала доўгія гады.

Падчас паўстаньня 1861—1863 гадоў Бяссонаў, сярод іншых «рупліўцаў славянскай ідэі», быў у 1863 годзе накіраваны ў Паўночна-Заходні край, дзе працаваў у мураўёўскай адміністрацыі (1863—1865), а менавіта ў некалькіх установах Віленскай навучальнай акругі: узначальваў Віленскую археаграфічную камісію, быў у складзе рэфарматараў і прыклаў руку да зьнішчэньня Віленскага музэю старажытнасьцяў, арганізаваў публічную бібліятэку, служыў дырэктарам Віленскай I гімназіі і Віленскага рэальнага вучылішча. У 1866 Бяссонаў накіраваў у III аддзяленьне запіску аб мерах прадухіленьня новага паўстаньня. Ён раіў у першую чаргу аслабіць уплывы рымска-каталіцкага духавенства, перашкаджаючы яму распаўсюджваць каталіцтва і адначасна далучаючы каталікоў да праваслаўя, зрабіць адукацыю народа выключна ўрадавай справай, замяніць усіх «чыноўнікаў-палякаў» расейцамі, прыцягнуць у край магчыма большую колькасьць расейскіх землеўласьнікаў. У гэтай запісцы ён нагадваў, што ў Ковенскай губэрні «асобы расейскага паходжаньня» не набылі яшчэ ніводнага сэквэстраванага маёнтку або маёнтку высланага паўстанца і лічыў гэта недахопам.

У пачатку 1870-х, ужо жывучы ў Маскве бібліятэкар Маскоўскага ўнівэрсытэту Пётар Бяссонаў напісаў працу «Сэпаратызм у Паўночна-Заходнім краі. Аповяд відавочцы.» (па-расейску: Сепаратизм в Северо-Западном крае. Рассказ очевидца) — своеасаблівы роздум-рэмінісцэнцыя пра сваё жыцьцё ў Вільні. Бяссонаўскія замалёўкі ўяўляюць пэўную цікавасьць і могуць быць выдатнымі ілюстрацыямі таго, хто і як займаўся русіфікацыяй Паўночна-Заходняга краю. Успаміны не публікаваліся, рукапіс захоўваецца ў фондах Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі.

Навуковая праца

рэдагаваць

Апублікаваў зборнік баўгарскіх песень з нарысам баўгарскай граматыкі (Масква, 1860—1874)[5], зборнік духоўных вершаў «Калики перехожие» (Масква, 1861—1863), «Детские песни», куды ўвайшла частка беларускіх песень, сабраных расейскім гісторыкам-фальклярыстам Пятром Кірэеўскім[1] (Масква, 1868). Апошняя зь пералічаных — першы зборнік рускага дзіцячага фальклёру.

Вынікам дзейнасьці Бяссонава ў Вільні стаў зборнік «Белорусские песни», выдадзены празь некалькі гадоў у Маскве (1871). У зборнік увайшлі валачобныя, юр’еўскія, куставыя, мікольскія, пятроўскія, купальскія, калядныя і масьленічныя песьні[1].

Аўтар прац пра харвацкага мысьляра Юрыя Крыжаніча і бібліяграфічнага нарысу пра расейскую актрысу і сьпявачку XVIII стагодзьдзя графіню Праскоўю Шарамецеву.

Літаратура

рэдагаваць
  • Гулак А. Славянафіл думае пра Беларусь // ZAPISY. —Мн.:, № 25. 2001.
  • Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917. Гродна, 2001, — 322 с.
  • Гулак А. Заходняя Беларусь другой паловы XIX ст.у рукапіснай працы П. Бяссонава // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа: Зб. навук. пр. / Адк. рэд. А. М. Пяткевіч. — Гродна: ГрДУ, 2003.— 399 с ISBN 985-417-479-4. С. 92—98.
  • Н. Н. Владыко. Бессонов // Русские писатели. 1800—1917: Биобиблиографический словарь. Редкол.: П. А. Николаев (гл. ред.) и др. Т. 1: А—Г. Москва: Советская энциклопедия, 1989. С. 253. (рас.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць