Польскі наступ на Вільню (1919)

Заняцьцё́ Ві́льні паля́камі (па-польску: ofensywa wileńska, па-польску: wyprawa wileńska) — адна зь першых польскіх апэрацыяў у красавіку 1919 году падчас польска-бальшавіцкай вайны.

Польская адзнака за ўдзел у бітвах за Вільню ў 1919 годзе
Тэатар ваенных дзеяў на Віленшчыне
Адозва Пілсудзкага Да насяленьня В.Кн. Беларуска-Літоўскага

Перадумовы наступу

рэдагаваць

У лістападзе 1918 РСФСР, пасьля капітуляцыі немцаў перад Антантай абвесьціла Берасьцейскі мір нядзейсным і распачала наступ Чырвонай арміі на захад. Вынікам наступу была эміграцыя ўраду БНР зь Менску і летувісаў зь Вільні. 15 сьнежня 1918 у Вільні быў скліканы Савет рабочых дэлегатаў, які абвесьціў дыктатуру пралетарыяту, хаця ў горадзе амаль не было прамысловасьці і рабочай клясы. 1 студзеня 1919 была створана БССР.

У адказ Камітэт абароны Ўсходніх крэсаў і Самаабарона Літвы і Беларусі паспрабавалі супрацьстаяць бальшавікам. Вільня часова патрапіла ў рукі палякаў, але ўжо 5 студзеня горад заняла Чырвоная армія. Сілы самаабароны адышлі на Гарадзеншчыну, а ў горадзе была створаная Летувіская рада народных камісараў, якую ўзначаліў Вінцас Міцкявічус-Капсукас. 5 лютага ў Беластоку палякі здолелі дамовіцца зь немцамі ў дачыненьні да праходу польскіх войскаў праз тэрыторыю, дзе адбывалася эвакуацыя нямецкай арміі на Віленшчыне і Беларусі.

7 лютага 1919 Пілсудзкі сказаў свайму супрацоўніку, Уладзіславу Бараноўскаму, як бачыць тагачасную магчымасьць усталяваньня граніц:


  У гэты момант Польшча знаходзіцца зусім без граніц і ўсё, што мы можам цяпер здабыць на захадзе, залежыць ад Антанты — як яны захочуць больш ці менш прыціснуць немцаў. На ўсходзе іншая справа: тут дзьверы, якія адчыняюцца і зачыняюцца, і ўсё залежыць ад таго, хто і як шырока сілай іх адчыніць…  

—Юзэф Пілсудзкі

27 лютага бальшавіцкія ўлады пачалі ствараць урад Летувіска-беларускай савецкай рэспублікі. Кантраляваныя бальшавікамі абшары былі пад клясавым тэрорам і прымусовым усталяваньнем савецкіх парадкаў. Ахвярамі тэрору галоўным чынам былі памешчыкі, інтэлігенцыя, дзеячы незалежніцкіх рухаў і сьвятарства.

У другой палове лютага польская армія пад камандваньнем генэрала Станіслава Шаптыцкага пачалі баі з Чырвонай Арміяй. У сакавіку, у выніку наступу групы генэрала Антонія Лістоўскага палякі захапілі Пінск.

16 красавіка 1919 польскае войска пачало наступ. Ягоную галоўную мэту — заняцьце Вільні — ажыцьцяўляла кавалерыйская групоўка палкоўніка Ўладзіслава Беліны-Плажмоўскага (9 эскадронаў кавалерыі і батарэя коннай артылерыі) ды групоўка пяхоты генэрала Рыдзя-Сьміглага (3 батальёны пяхоты).

Адначасова ў кірунку Ліды ўдарылі аддзелы генэрала Жыгмунта Лясоцкага, на Баранавічы і Наваградак групоўка генэрала Стэфана Макрэцкага, а на Лунінец — генэрала Антонія Лістоўскага. 17 красавіка была ўзятая Ліда, 18 красавіка Наваградак, 19 красавіка — Баранавічы.

Польскае войска дасягнула Вільні ранкам 19 красавіка і ў той самы дзень пры падтрымцы жыхароў гораду кантралявала амаль увесь горад. Толькі ў некаторых месцах бальшавікі трымаліся да 21 красавіка. Выгнаньне бальшавікоў, якія ў першай фазе польскай атакі мелі перавагу ў людзях, было магчыма дзякуючы і ахвярнасьці польскіх чыгуначнікаў віленскага вузла, якім, нягледзячы на абстрэл бальшавікоў, пашчасьціла спыніць цягнік да Ліды, што дазволіла прысьпешыць падыход пяхоты.

Пасьля наступу

рэдагаваць

Пасьля заняцьця Вільні Юзэф Пілсудзкі выдаў 22 красавіка 1919 адозву да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага, дэкляруючы самавызначэньне ўсіх народаў колішняй Рэчы паспалітай абодвух народаў. Гэты крок быў прыняты з энтузіязмам польскамоўнай часткі жыхароў краю, аднак беларускае насельніцтва збольшага засталося абыякавым да адозвы, а летувісы глыбока занепакоіліся. Іх урад, які знаходзіўся ў Коўне, выказаў пратэст.

Узяцьце Вільні моцна крытыкавалася частка польскіх палітыкаў, якія абвінавацілі Пілсудзкага (галоўнага ініцыятара наступу) у здрадзе перад Сэймам. Апэрацыя таксама крытыкавалася Летувой, якая лічыла польскае войска акупацыйным (тады як у Вільні да вайны жыло толькі 2% летувісаў).

Савецкі контранаступ на Вільню напрыканцы красавіка 1919 скончыўся паразай; Саветы, аднак, занялі Вільню ў 1920 годзе, а пазьней перадалі яе Летуве, якая была саюзьнікам СССР. Польшча атрымала горад у выніку бунту Жалігоўскага.

Глядзіце таксама

рэдагаваць