Плытаго́нства — адзін зь відаў рачнога транспартаваньня грузаў з дапамогай плытоў, які быў пашыраны ў Беларусі ў XVI—XIX стагодзьдзях у мястэчках, якія мясьціліся каля паўнаводных рэк.

Нёманскія плытагоны ў пачатку ХХ стагодзьдзя

Людзі, якія займаліся плытагонствам, называліся плытаго́намі альбо плы́тнікамі. Іх задачай было кіраваньне плытамі падчас іх плаваньня, уменьне ліквідаваць узьнікаючыя заторы, дзеля чаго плытагонам часта даводзілася пераскокваць з аднаго плыта на другі, пры гэтым рызыкуючы быць раздушанымі ці скалечанымі. З прычыны таго, што плытагонства — траўманебясьпечная праца, ёю займаліся фізычна цягавітыя людзі.

У Беларусі плытагонства зьяўлялася галоўным сродкам перавозкі лесу да пачатку ХХ стагодзьдзя, пакуль не заняпала з разьвіцьцём чыгункі.

Працэс падрыхтоўкі і сплаву плытоў адбываўся наступным чынам.

Спачатку гандляры-пасрэднікі (звычайна гэта былі габрэі) атрымлівалі квоту на нарыхтоўку дзяржаўнага ці княжага лесу і ліцэнзію на яго перавозку водным шляхам, пасьля чаго наймалі ў мястэчках лесасекаў і возьнікаў-тралёўшчыкаў[1].

Лесасекі займаліся высечкай лесу і нарэзкай дрэваў на штукі — бярвеньні даўжынёй 3-5 мэтраў. Возьнікі-тралёўшчыкі акорвалі драўніну і складалі яе ў шліхты для прасушкі, што выконвалася звычайна ўвосень ці ўзімку. Напрадвесьні вязальшчыкі плытоў на беразе рэк зьвязвалі бярвеньні ў зьвёны — так званыя лаўкі альбо гонкі, якія складаліся зь некалькіх дзясяткаў дрэваў. Кожнае бервяно прывязвалася пры дапамозе віцаў (пруткоў або карэньняў дрэў) да жаросьцяў — пракладзеных упоперак на канцах плыта жэрдак. Потым лаўкі злучаліся між сабой паклёсамі — перакінутымі з аднаго канца плыта на іншы доўгімі палкамі, якія прывязваліся да жаросьцяў віцамі[1].

Плыты, якія сплаўляліся па Нёмане, былі невялікімі і складаліся з 2-3 гонкаў, на першай зь якіх прымацоўваліся прысы ці апачыны — рулявыя вёслы, якія ўяўлялі сабою чатырохмятровыя бярвёны, адзін канец якіх апускаўся ў ваду і абточваўся ў выглядзе лопасьці, а другі канец мацаваўся ў адмысловых выманьнях сьпераду плыта. На апошнім плыце з лаўкі былі шырыгі — завостраныя доўгія калы, якімі пры неабходнасьці можна было спыніць гонку. Часам на плытах меліся барбары — ліны зь віцаў, прыробленыя да завостраных калкоў, якімі можна было запаволіць ход зьвяна[1].

На адным зьвяне плытоў адначасова знаходзіліся некалькі чалавек, галоўным зь якіх быў старшы плытнік, якога ў розных мясцовасьцях называлі караваншчыкам, атаманам, корнікам, ротманам, флісаком ці арэлям. Пры неабходнасьці начлегу гонку прывязвалі да арала — забітага ў зямлю слупа — з дапамогай віцаў. Добры плытнік мусіў ведаць усе небясьпечныя месцы на шляху прытрымліваньня яго плыта[1].

Найбольшай актыўнасьці плытагонства дасягала ўвесну, калі на рэках наступала паводка і практычна спынялася з надыходам межані ўлетку. Зрэдку плыты гналі і ўвосень, асабліва калі яна была багатай на дажджы.

На плытах часам рабіліся невялікія буданы, дзе плытнік мог атуліцца ад непагадзі і пераначаваць, бо сыход з плытоў мог прывесьці да згубы драўніны, што ў сваю чаргу пагражала стратай месячнага альбо двухмесячнага заробку. Сярэдні заробак аднаго плытагона за сплаў аднаго зьвязку з 2-3 плытоў ад Пясочнага да Гародні складаў 35 рублёў разам з харчамі гаспадара (для параўнаньня — кіляграм ялавічыны каштаваў 35-37 капеек). Самі плытнікі называлі свой заробак «сабачым хлебам». Перагонка плыта па Нёмане з Мікалаеўшчыны да Гародні ці Коўна магла заняць ад 4 да 6, а ў горшым выпадку — 9 тыдняў[1].

Вядомымі плытагонскімі мястэчкамі на Нёмане былі Пясочнае, Магільна, Мікалаеўшчына, Новы Сьвержань, Жукаў Барок і іншыя.

Працы плытагонаў прысьвечаны верш Якуба Коласа «Плытнікі» і частка паэмы «Новая зямля», дзе гэты занятак апісаны на прыкладзе яго бацькі, які сам некаторы час працаваў плытнікам.

  1. ^ а б в г д https://beldumka.belta.by/isfiles/000167_157829.pdf/(недаступная спасылка) Сяргей Жолуд. Сабачы хлеб Нёманскіх плытагонаў. Беларуская думка, №10/2017.