Паштальён (верш)

дэбютны верш Уладзіслава Сыракомлі

«Паштальён» (па-польску: Pocztylion) — дэбютны верш Уладзіслава Сыракомлі. Адносіцца да жанру гутаркі[1], які надалей паэт актыўна разьвіваў.

Паштальён
па-польску: Pocztylion
Жанр: Верш
Гутарка
Аўтар: Уладзіслаў Сыракомля
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: Красавік 1844
Публікацыя: 1844
Выдавецтва: Язэп Крашэўскі
Колькасьць старонак: 4
Пераклад на беларускую: 1890
Перакладчык: Янка Лучына, Максім Лужанін
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

Твор быў апублікаваны ў віленскім часопісе «Athenaeum» (Т. 6, 1844)[2] Язэпа Крашэўскага. Верш меў падзагаловак «народная гутарка» (па-польску: gawęda gminna), быў падпісаны крыптанімам NN. У публікацыі адзначана, што верш напісаны ў красавіку, але, паводле Уладзімера Мархеля, — у траўні[3]. У 1853 г. твор увайшоў у зборнік «Гутаркі і дробныя вершы» (па-польску: Gawędy i rymy ulotne Władysława Syrokomli)[4].

Прататып

рэдагаваць

Верш заснаваны на гісторыі з жыцьця старога селяніна, пачутай пісьменьнікам у адзін кірмашовы дзень у мірскай карчме[5]. У маладыя гады гэты селянін служыў фурманам на пошце ў Міры. У вёсцы, непадалёку ад тых мясьцінаў, жыла яго каханая. Неяк сярод ночы, у лютую завею, разбудзіў яго пісар і загадаў сьпешна везьці лісты. Дарогаю пачулася фурману, што ў полі нехта, заблудзіўшыся, кліча на дапамогу, просіць паратунку. Ён памкнуўся на голас, але перадумаў, хацеў хутчэй справіцца з заданьнем. Вяртаючыся назад, паштальён убачыў каля дарогі замёрзлую дзяўчыну. Жах і адчай ахапіў яго, калі, падышоўшы бліжэй, пазнаў у незнаёмай сваю каханую[6]. Паэта так уразіла, што ён у тую ж ноч запісаў гэта вершам[7].

Рэдакцыі

рэдагаваць

Першапачаткова ў вершы былі радкі, дзе тлумачылася, што паштальён мусіў спяшацца, інакш бы атрымаў пакараньне нагайкай. Пазьней гэтае чатырохрадкоўе апускалася[8].

Пераклады

рэдагаваць

У 1868 г. Леанід Трэфалеў вольна[9] пераклаў верш Сыракомлі на расейскую мову, дзякуючы чаму верш стаў надзвычайна папулярнай песьняй у Расеі[10]. У 1879 г. ў Маскве выйшаў зборнік выбраных твораў песьняра ў перакладзе на расейскую, дзе быў зьмешчаны і новы пераклад пад назвай «Почтарь» паэта Ліядора Пальміна[11].

На ўкраінскую мову перакладаў Міхайла Старыцкі, упершыню апублікаваў у зборніку «З даўняга сшытка. Песьні і думы» (па-ўкраінску: З давнього зшитку. Пісні і думи) 1881 г.[12] У 2014 г. з’явіўся аматарскі пераклад Валерыя Якаўчука[13].

Упершыню на беларускую мову верш пераклаў Янка Лучына і апублікаваў у № 19 «Мінскага лістка» 1890 года («Ямшчык»)[14]. Гэты пераклад увайшоў у пасьмяротны зборнік Лучыны «Вязанка» (1903)[15]. Пазьней верш перакладаў Максім Лужанін[16].

У культуры

рэдагаваць

Уладзімер Уродніч напісаў карціну «Калі я на пошце служыў ямшчыком» (1999)[17].

  1. ^ Старычонак, В. Дз. 150 сачыненняў па беларускай літаратуры. — 1999. — С. 99.
  2. ^ Pocztylion // Athenaeum (пол.). — Wilno: J. I. Kraszewski, 1844. — Т. 6. — С. 205-208.
  3. ^ Мархель, У. І. Вяшчун славы і волі. — 1989. — С. 16.
  4. ^ Syrokomla, Wł. Gawędy i rymy ulotne Władysława Syrokomli (пол.). — Wilno: Księgarnia pod firmą Zawadzki i Węcki, 1853. — 95 с.
  5. ^ Мархель, У. І. Лірнік вясковы. — 1983. — С. 29.
  6. ^ Старычонак, В. Дз. 150 сачыненняў па беларускай літаратуры. — 1999. — С. 98.
  7. ^ Мархель, У. І. Лірнік вясковы. — 1983. — С. 29.
  8. ^ Мархель, У. І. Лірнік вясковы. — 1983. — С. 41-42.
  9. ^ Ткачэнка, Дз. Знаете ли вы, что знаменитая песня «Когда я на почте служил ямщиком» связана с Копыльщиной?  (бел.) // Слава працы. — 02.10.2018.
  10. ^ Старычонак, В. Дз. 150 сачыненняў па беларускай літаратуры. — 1999. — С. 98-99.
  11. ^ Кондратовичъ, Л. Избранныя стихотворенія Людвига Кондратовича (Владислава Сырокомля) (рас.). — Москва: В. М. Лавровъ и В. А. Федотовъ, 1879. — Т. 1. — С. 1-4. — 462 с.
  12. ^ Старицький, М. Поштар  (укр.) // Мисленне древо.
  13. ^ Сирокомля, В. Ямщик  (укр.) // Клуб Поезії. — 30.09.2014.
  14. ^ Абрамавічус, Вл. Библиография по белорусской литературе XIX века. — 1949. — С. 36.
  15. ^ Лучына, Я. Вязанка. — Пецербургъ: 1903.
  16. ^ Сыракомля, У. Выбраныя творы. — 2010. — С. 95-97.
  17. ^ Уродніч Уладзімір Васільевіч // Беларусь у асобах і падзеях.

Літаратура

рэдагаваць