Палацава-паркавы комплекс Булгакаў (Жылічы)

помнік архітэктуры позьняга клясыцызму ў Жылічах Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласьці
(Перанакіравана з «Палац у Жылічах»)
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Краіна Беларусь
Пасёлак Жылічы
Каардынаты 53°9′20.76″ пн. ш. 29°41′21.04″ у. д. / 53.1557667° пн. ш. 29.6891778° у. д. / 53.1557667; 29.6891778Каардынаты: 53°9′20.76″ пн. ш. 29°41′21.04″ у. д. / 53.1557667° пн. ш. 29.6891778° у. д. / 53.1557667; 29.6891778
Архітэктурны стыль клясыцызм
Аўтар праекту Клабукоўскі, Караль Падчашынскі
Заснавальнік Ігнат Булгак
Дата заснаваньня 1830-я
Будынкі:
палац • парк • гаспадарчыя пабудовы
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь Гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі, шыфр 511Г000459
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў на Вікісховішчы

Палацава-паркавы комплекс Булгакаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. у Жылічах каля Добасны. Знаходзіцца на беразе ракі Добасны[a]. Твор архітэктуры позьняга клясыцызму. Аб'ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі[1].

Рэзыдэнцыя Булгакаў — добра сплянаваны маштабны палацава-паркавы ансамбль. У яго склад, апроч палацу з паркам, уваходзілі вялікія пладовыя сады, агароды, вадаёмы, дзе вялася рыбная гаспадарка. Быў вялікі гаспадарчы двор, вадзяны млын, вінакурня, крухмальны і цукровы заводы[1]. Да нашага часу захаваліся палац, флігель, парк, сьвіран ды іншыя гаспадарчыя пабудовы.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Ігнат Булгак

Мураваны палац у Жылічах збудавалі ў 1830-я рокі на заказ бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака (1798—1848)[2] паводле праекту архітэктара Караля Падчашынскага[1]. Узводзіўся ў два прыёмы: спачатку збудавалі галоўны П-падобны корпус, а пазьней у 1864—1876 рокі да яго прыбудавалі доўгае двухпавярховае крыло з палацавым касьцёлам і дадатковымі жылымі памяшканьнямі[2]. Такі архітэктурны разьвязак утварыў напаўадкрыты ўнутраны двор[2]. Паводле некаторых зьвестак, заходнюю частку палаца дабудавалі ў 1914 року[1]. Першымі работамі з 1825 року кіраваў навучэнец Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў Клабукоўскі[3].

У 1848 па сьмерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў да ягонага малодшага сына Эдгара. За ім дабудавалі палац — зьявіліся два аднапавярховыя флянгі з касьцёлам, аранжарэяй[2] і службовымі памяшканьнямі. Будаваньнем, імаверна, кіраваў Караль Падчашынскі[3][4].

Апошні ўласьнік маёнтку, пляменьнік Эдгара Эмануэль Булгак, памёр у Польшчы ў міжваенны час. Па бальшавіцкім перавароце 1917 року тут разьмяшчаўся дзіцячы дом, у 1930-х роках — заатэхнічны тэхнікум. За часами Другой сусьветнай вайны паўднёвае крыло, у якім знаходзілася аранжарэя, разабралі[4]. Палац ператварылі ў шпіталь, а ў парку хавалі памерлых жаўнераў[5].

 
Унутраны двор у час рэканструкцыі

Па вайне ў палацы знаходзілася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Па тым, як дзеля яе непадалёк збудавалі новы будынак, палац пачаў прыходзіць у заняпад. На першым паверсе заставалася бугальтэрыя з аддзелам кадраў[1]. У 1973 року архітэктар Я. Курто распрацаваў праект рэстаўрацыі комплексу, які пазьней ажыцьцявілі[6]. Гаспадарчыя пабудовы часткова выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах, астатнія разбураліся[1].

З 1996 року ў будынку разьмяшчаецца краязнаўчы музэй і музычная школа[1]. У 2009 року пачалася рэстаўрацыя палацава-паркавага комплексу. Паводле пастановы Савету Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 року № 437 яго ўлучылі ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаваньне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[7].

Архітэктура

рэдагаваць
 
Пазалочаныя капітэлі і барэльефы з антычнымі сцэнамі

Палац — помнік архітэктуры позьняга клясыцызму, цэнтар кампазыцыі палацава-паркавага ансамблю. Гэта прастакутны ў пляне будынак з калённым портыкам на галоўным фасадзе і прастакутным рызалітам на паркавым фасадзе. Галоўны корпус вылучаецца ў цэнтры шасьцікалённым портыкам карынцкага ордэру[2] з франтонам, дэкараваным ляпным гербам[3], і бэльвэдэрам над лесьвічнай кратай. Тарцы галоўнага корпусу афармляюцца ідэнтычнымі чатырохкалённымі портыкамі. Пэрымэтрам будынку праходзіць разьвіты карніз з фрызам, аздоблены ляпнымі гірляндамі і разэткамі[1]. Галоўны фасад бакавога корпусу праразаецца аркавымі ваконнымі праёмамі і аздабляецца калянадай. Цэнтар вылучаецца двухпавярховым аб’ёмам палацавага касьцёла.

 
Фрагмэнт парку

Мае мяшаны калідорна-анфілядны плян[1][2]. Распрацоўку ўнутраных памяшканьняў прыпісваюць таксама Клабукоўскаму[3]. Унутраная прастора багата аздабляецца[2] ляпнінай, дробнай скульптурнай плястыкай, росьпісамі, пазалотай, люстэркамі, дэкаратыўнай абіўкай. У дэкоры выкарыстоўваюцца ампірныя элемэнты: буйныя фрызы, панэлі з барэльефнымі антычнымі сцэнамі[1]. Прытым кожны з 100 пакояў[3] дэкаруецца індывідуальна. На другім паверсе паўднёвага крыла галоўнага корпусу вылучаецца прастакутная ў пляне парадная заля, падзеленая калёнамі на тры часткі. Заля дэкаруецца шырокім шматфігурным барэльефным фрызам зь сюжэтамі на тэмы паляваньня, бітвы, ахвярапрынашэньня. Калёны і пілястры маюць пазалочаныя капітэлі. Асноўны плястычны эфэкт стварае кесанаваная столь з багата арнамэнтаванай ляпнінай. Падлога паркетная, печкі пакрываюцца кафляй[1].

Тадэвуш Раствароўскі на заказ гаспадароў сядзібы аздобіў пляфоны(ru) заляў сцэнамі з антычнымі міталягічнымі сюжэтамі.

Алеі рэгулярнага парку ўтвараюць выцягнуты з усходу на захад[4] прастакутнік. Плошча парку складае 18 га[2], а ўсяго комплексу з вадаёмамі, пладовымі садамі, падсобнымі збудаваньнямі — каля 100 га. Раўнінную частку парку перасякае рака Добасна з маляўнічымі сажалкамі і выспамі. Захаваліся руіны павільёну-купальні, альтанак, масткоў. Перад галоўным фасадам палацу парк мае рэгулярны характар і партэрнае азеляненьне. Астатняя частка парку мае пэйзажны характар, створаны ў 1830-я рокі, з разнастайнасьцю насаджэньняў, у тым ліку і экзотаў, напрыклад, хвоя веймутава (Pinus strobus), Acer saccharinum, Juglans cinerea, Tilia ×europaea ды іншых[1][3].

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Міру, 5

Літаратура

рэдагаваць
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
  • Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Кіраўскага р-на. — Мн.: Вышэйшая школа, 1997. — 445 с. ISBN 985-06-0218-Х. — С. 108—115.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
  • Федорук А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск: «Ураджай», 1989. — 247 с. ISBN 5-7860-0086-9.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  511Г000459