Рафі́еў Наджаф (Наджафкулі) Раджабалі аглы́ (22 сакавіка 1915 — 24 сьнежня 1970) — камандзір танкавага ўзводу 3-га танкавага палку 37-й мэханізаванай брыгады 1-га мэханізаванага корпусу 1-га Беларускага фронту, малодшы лейтэнант. Герой Савецкага Саюзу.

Наджаф Рафіеў
22 сакавіка 1915(1915-03-22) або 1912[1]24 сьнежня 1970(1970-12-24) або 1970[1]
Месца нараджэньня Ардубад, Азэрбайджан
Месца сьмерці
Узнагароды Герой Савецкага Саюзу

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся 22 сакавіка 1915 году ў горадзе Ардубадзе (цяпер Нахічаванская аўтаномная рэспубліка Азэрбайджану) у сям’і рабочага. Азэрбайджанец. Пасьля сканчэньня дзевяці клясаў вучыўся на курсах шоўкаводзтва ў Тбілісі. Вярнуўшыся ў Ардубад, стаў працаваць старэйшым інспэктарам кокана-сяменнай станцыі. У 1931 годзе пераехаў у горад Баку, пасьпяхова скончыў ФЗУ, пасьля чыгуначны тэхнікум.

У 1935 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію і накіраваны ў бранятанкавыя войскі. Пасьля прахаджэньня тэрміновай службы застаўся ў войсках, паступіў у вайсковую вучэльню. Перад вайной скончыў Ленінградзкую вышэйшую бранятанкавую школу.

Чалец ВКП(б)/КПСС з 1943 году.

Удзел у ВАВ

рэдагаваць

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 году. На чацьверты дзень вайны, 26 чэрвеня, танкіст Рафіеў уступіў у бой з фашыстамі пад украінскім горадам Крэменец. Быў паранены ў галаву, але застаўся ў баі.

Падчас адступленьня Рафіеў адзначыўся ў шматлікіх баёх пад украінскімі гарадамі Жытомір, Харкаў. Толькі ў адным баі пад Палтавай танкіст Рафіеў вывеў са строю два цяжкія нямецкія танкі, шэсьць гарматаў і болей за пяцьдзясят гітлераўскіх салдат.

У час бітвы ў раёне Мацьвеева Кургана Рафіеў быў паранены трэці раз, і зноў не пакінуў поле бою. Экіпаж Рафіева зьнішчыў варожы танк, дзьве цяжкія гарматы, мінамёт і трыццаць пяць гітлераўскіх салдатаў. За мужнасьць і адвагу сьмелы танкіст быў адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Камандзір танкавага ўзводу малодшы лейтэнант Рафіеў асабліва вызначыўся ў баёх за вызваленьне Беларусі, умела арганізуючы дзеяньні ўзводу ў час наступу. 26 чэрвеня 1944 году пад Бабруйскам танкісты авалодалі пераправай праз раку Пціч і, асеўшы на шашы Бабруйск — Глуск, перарэзалі праціўніку шляхі да адыходу. 27 чэрвеня, перасьледуючы ворага, танкавы ўзвод уварваўся ў населены пункт Леніна (Горацкі раён Магілёўскай вобласьці). 8 ліпеня танкісты Рафіева першымі ўвайшлі на вуліцы гораду Баранавічы.

Загадам Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету СССР ад 26 верасьня 1944 году за ўзорнае выкананьне заданьняў кіраўніцтва і праяўленыя мужнасьць і гераізм у баёх зь нямецкімі захопнікамі малодшаму лейтэнанту Рафіеву Наджафу Раджабалі аглы прысвоена званьне Героя Савецкага Саюзу з наданьнем ордэну Леніна і мэдаля «Залатая Зорка» (N4476).

Пасьля вайны

рэдагаваць

Пасьля перамогі застаўся ў войску. У 1945 годзе скончыў Вышэйшую афіцэрскую бранятанкавую школу, у 1951 годзе — Вышэйшую афіцэрскую школу самаходнай артылерыі. З 1956 году маёр Рафіеў — у запасе. Жыў і працаваў у Баку. Памёр 24 сьнежня 1970 году.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сьцяга, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, мэдалямі.

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

Адна з вуліцаў на радзіме Героя ў Ардубадзе носіць імя Рафіева, тамсама ўсталяваны ягоны бюст.

Ганаровы грамадзянін Глуску з 1969 году[2].

У 1976 рашэньнем выканаўчага камітэту Менгарсавету № 208 ад 24 чэрвеня ягоным імем названая вуліца ў мікрараёне Малінаўка ў сталіцы Беларусі Менску. На адным з будынкаў па вуліцы ўсталяваная мэмарыяльная дошка: «Эта улица названа именем Героя Советского Союза Рафиева Наджаф-Кули Раджабовича — сына азербайджанского народа, отличившегося в боях с немецко-фашистскими захватчиками за освобождение Белоруссии в 1944 году».

  1. ^ а б в Faceted Application of Subject Terminology
  2. ^ ПОЧЕТНЫЕ ГРАЖДАНЕ г.п. Глуск (рас.) Ими гордится Глусчина. Глускі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 24 сьнежня 2008 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць