Нагіб Махфуз
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |
Нагіб Махфуз (11 сьнежня 1911, Каір — 29 жніўня 2006; па-арабску: نجيب محفوظ) — эгіпецкі пісьменьнік-раманіст, адзіны ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, які пісаў на арабскай мове. Аўтар больш чым 40 раманаў, мноства апавяданьняў, п’есаў і сцэнараў. Задоўга да выпадку з брытанскім пісьменьнікам Салманам Рушдзі стаў мішэньню для фундамэнталістаў.
Нагіб Махфуз | |
نجيب محفوظ | |
Нагіб Махфуз (1990-я) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 11 сьнежня 1911 Каір |
Памёр | 29 жніўня 2006 (94 гады) Каір |
Пахаваны | |
Сужэнец | Atiyatullah Ibrahim[d][1] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік-раманіст |
Гады творчасьці | 1932 — 2004 |
Жанр | раман, апавяданьне, п’еса |
Мова | арабская |
Значныя творы | Каірская трылёгія |
Прэміі | Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры (1988) |
Узнагароды | |
Нарадзіўся ў Каіры ў 1911 годзе. Скончыў філязофскі факультэт Каірскага ўнівэрсытэту, першую празаічную кнігу апублікаваў у 1938-м — гэта быў зборнік аповедаў. Праз год у друку зьявіліся першыя ягоныя раманы — гістарычныя апавяданьні аб эпосе фараонаў. Гэтыя творы «Гульні лёсу» (1939), «Радобіс» (1943), «Барацьба Фіваў» (1944) — гістарычныя і рамантычныя, аўтар прапаноўваў задумацца слаўным мінулым краю.
Каірская трылёгія
рэдагавацьПасьля другой сусьветнай вайны зьвярнуўся да сучасных тэмаў. Гучную славу прынесла яму так званая «каірская трылёгія», тры раманы, у якіх апісваецца жыцьцё трох пакаленьняў сям’і гараджанаў. Час апублікаваньня гэтай трылёгіі — пачатак новага пэрыяду ў эгіпецкай гісторыі, які наступіў пасьля зьвяржэньня манархіі і прыходу да ўлады маладых вайскоўцаў на чале з Гамалем Абдэлем Насэрам. Даўні сябар і перакладнік Нагіба Махфуза амэрыканскі арабіст Роджэр Ален кажа: «Да таго часу Эгіпет ужо прайшоў праз рэвалюцыю. Усё зьмянілася. Ужо не было караля Фарука. Прэзыдэнтам быў Насэр, здарыўся Суэцкі крызіс, была пабудаваная Асуанская плаціна, гэта быў цалкам новы сьвет, зусім іншая сытуацыя. І вось зьяўляецца трылёгія, якая апавядае аб эгіпецкай гісторыі з 1916 па 1944 гады; тры тамы, цалкам прысьвечаныя адной эгіпецкай сям’і, якая перажыла ўсе сацыяльныя, палітычныя, культурныя зьмены, якія здарыліся ў міжваенны пэрыяд. Арабскі сьвет чытаў яго і казаў: «Так, так яно і было, гэтае вельмі дакладнае апісаньне таго, што дзеялася ў Каіры. Зараз мы бачым, завошта мы ваявалі і з чым мы ваявалі. Гэта тлумачыць тое, што адбываецца цяпер».
«Каірская трылёгія» ператварыла Махфуза ў самога вядомага празаіка арабскага сьвету. Роджэр Ален кажа аб значэньні творчасьці пісьменьніка для арабскага сьвету: «Няма такога арабскага раманіста, які б не прызнаў сваім настаўнікам Махфуза. Ён стварыў саму магчымасьць пісаць раманы на арабшчыне. Ён — сапраўдны абраз. У Эгіпце яго завуць „эгіпецкай пірамідай XX стагодзьдзя“. Няма чалавека ў Эгіпце, якога б паважалі больш. Ён заўсёды казаў тое, што думае. Ён быў прамы чалавек. Махфуз не хаваў ніколі свайго меркаваньня».
«Каірская трылёгія», праз шмат гадоў пасьля яе напісаньня, прынесла аўтару міжнародную вядомасьць. Прафэсар Роджэр Ален лічыць, што Нобэлеўская прэмія па літаратуры была прысуджаная Махфузу пасьля таго, як трылёгія была перакладзеная на францускую: «Падставай для рашэньня Нобэлеўскага камітэту 1988 году прысудзіць прэмію Нагібу Махфузу было тое, што трылёгію пераклалі на францускую. Пераклад быў выдадзены ў 1987».
Аўляд Хараціна
рэдагавацьНагіб Махфуз зазнаў і перасьлед з боку рэлігійных фундамэнталістаў. Падставай стаў яго раман «Аўляд Хараціна», які рэлігійныя кансэрватары палічылі абразьлівым для рэлігіі. Аўляд Хараціна — калябіблейская алегорыя, што ўключае прататыпы Мухамада й Ісуса. Роджэр Ален зазначае: «Гэты раман друкаваўся кавалкамі ў эгіпецкай газэце „Аль-Ахрам“ у 1959 годзе і тут жа выклікаў вялікі скандал. Унівэрсытэт Аль-Азхар зрабіў усё, каб кнігу забаранілі, але ўрад адмовіўся спыніць публікацыю. Але ўсёт-кі Махфуз вырашыў, што раман ня будзе выдадзены ў выглядзе кнігі ў Эгіпце». «Аўляд Хараціна» надрукавалі ў Лібане, пасьля чаго эгіпецкі мална Амар Абдэль-Рахман заклікаў да забойства пісьменьніка — задоўга да падобнага здарэньня з Рушдзі.
У 1960-я стыль пісьменьніка мяняецца — ён адыходзіць ад рэалістычнай манэры выкладу і піша карацейшыя, зь імклівым разьвіцьцём сюжэта раманы, што ўключаюць свабодную плынь сьвядомасьці і дыялёгі ў біблейскім стылі — як то «Шлях» (1964).
У 1994 годзе быў зьдзейсьнены замах на Нагіба Махфуза — пісьменьнік атрымаў цяжкае нажавое раненьне. Калі ісламістам не падабаўся сьвецкі характар твораў Махфуза, дык сьвецкія ўлады Эгіпту з падазраньнем ставіліся да нацыяналістычных настрояў некаторых яго кніг. Але гэта не паўплывала на афіцыйнае шанаваньне пісьменьніка — ужо пры жыцьці яму паставілі ў Каіры бронзавы манумэнт.
Сьпіс раманаў
рэдагаваць- «Павеў шаленства» (1938)
- «Гульні лёсы» (1939)
- «Родапіс» (1943)
- «Барацьба Фіваў» (1944)
- «Новы Каір» (1945)
- «Хан аль-Халілі» (1946)
- «Вуліца Мідак» (1947)
- «Пачатак і канец» (1949)
- «Сярод палацаў» — першы раман трылёгіі, апублікаваны ў 1956—1957 гг.
- «Палац мары» — другі раман трылёгіі
- «Цукровы дом» — трэці раман трылёгіі
- «Аўлад Харатына» (1959)
- «Восеньскія перапёлы» (1964)
- «Балбатаньне пад Нілам» (1966)
- «Пансыён Мірамар» (1966)
- «Люстэркі» (1972)
- «Шаноўны гаспадзін» (1975)
- «Эпапея хара фішэй» (1977)
- «Трыюмф узвышанага» (1981)
- «Ночы тысячы начэй» (1982)
- «Мудрасьць Хеопса»
Сьпіс зборнікаў навэлаў
рэдагаваць- «Павеў шаленства» (1938)
- «Божы сьвет» (1963)
- «Дом з благой славай» (1965)
- «Тавэрна чорнай кошкі» (1968)
- «Пад навесам» (1969)
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьНагіб Махфуз — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Вячаслаў Ракіцкі. Памёр вялікі арабскі раманіст(недаступная спасылка) // Радыё «Свабода». 30 жніўня 2006
- Біяграфія і фота Нагіба Махфуза (рас.)
- Творы Нагіба Махфуза для чытаньня і спампоўваньня па-расейску
- Бібліятэка Машкова пра Махфуза (рас.)
- Махфуз на сайце Нобэлеўскага камітэта (анг.)
- ^ https://honna.elwatannews.com/news/details/2030254/%D8%A3%D8%AE%D9%81%D9%89-%D8%B2%D9%88%D8%A7%D8%AC%D9%87-%D9%85%D9%86%D9%87%D8%A7--%D9%84%D9%85%D8%AF%D8%A9-10-%D8%B3%D9%86%D9%88%D8%A7%D8%AA-%D9%81%D9%8A-%D8%B0%D9%83%D8%B1%D9%89-%D8%B1%D8%AD%D9%8A%D9%84%D9%87-%D9%85%D9%86-%D9%87%D9%8A-%D8%B2%D9%88%D8%AC%D8%A9-%D9%86%D8%AC%D9%8A%D8%A8-%D9%85%D8%AD%D9%81%D9%88%D8%B8