Плынь сьвядомасьці

Плынь сьвядомасьці — прыём у літаратуры XX ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, які непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыцьцё, перажываньні, асацыяцыі, які прэтэндуе на непасрэднае ўзнаўленьне мэнтальнага жыцьця сьвядомасьці пасродкам счапленьня ўсяго вышэй згаданага, а таксама нелінейнасьці, абарванасьці сынтаксыса.

Тэрмін «плынь сьвядомасьці» належыць амэрыканскаму філёзафу-ідэалісту Ўільяму Джэймзу: сьвядомасьць — гэта плынь, рака, у якой думкі, пачуцьці, успаміны, раптоўныя асацыяцыі перабіваюць адна адну і дзівачна, «нелягічна» пераплятаюцца («Асновы псыхалёгіі», 1890). «Плынь сьвядомасьці» часта ўяўляе сабой апошнюю ступень, крайнюю форму «ўнутранага маналёга», у ім аб'ектыўныя сувязі з рэальным асяродзьдзем нярэдка цяжка аднавімыя.

Плынь сьвядомасьці стварае ўражаньне, што чытач быццам бы «падслухоўвае» яго досьвед у сьвядомасьці пэрсанажаў, што дае яму наўпроставы інтымны доступ у іхнія думкі. Таксама ўключае ў сабе ўяўленьне ў пісьмовым тэксце таго, што не зьяўляецца ні выключна вэрбальным, ні тэкстуальным.

Аўтар жа зацікаўлены ў тым, каб апублікаваць уяўнае ўнутранае жыцьцё яго выдумленых герояў для азнаямленьня чытача, звычайна немагчымае ў рэальным жыцьці.

Дасягаецца гэта ў асноўным двумя шляхамі — апавяданьнем і цытаваньнем, унутраным маналёгам. Пры гэтым часта пачуцьці, перажываньні, асацыяцыі адна адну перабіваюць і пераплятаюцца, накшталт таго, як гэта адбываецца ў сьне, чым часта на думку аўтара і зьяўляецца насамрэч нашае жыцьцё — пасьля абуджэньня ад сну мы ўсё-такі ўсё яшчэ сьпім.

Наратыўна-апавядальны спосаб перадачы «плыні сьвядомасьці» ў большай частцы складаецца з рознага кшталту сказаў, якія ўключаюць «псыхалягічную нарацыю», якая апавядальна апісвае эмацыйна-псыхалягічны стан той альбо іншай дзейснае асобы і свабоднага ўскоснага дыскурса, ускосных разважаньняў як асаблівай манеры прадстаўленьня думкаў і поглядаў выдумленага пэрсанажа зь яго пазыцыі шляхам камбінаваньня граматычных ды іншых асаблівасьцяў стыля яго простай мовы з асаблівасьцямі ўскосных паведамленьняў аўтара. Напрыклад, ня проста — "Яна думала: «Заўтра я тут застануся», і ня ўскосна — «Яна думала, што яна застанецца тут на наступны дзень», а спалучэньнем — «Яна бы засталася тут заўтра», што дазваляе, таму хто быццам бы стаіць па-за падзеямі і прамаўляе ад трэцяй асобы (аўтару) выразіць пункт гледжаньня яго героя ад першай асобы, часам з даданьнем іроніі, камэнтара, і г. д.

Унутраны маналёг жа зьяўляецца прамым цытаваньнем маўклівай вуснай мовы героя, зусім не абавязкова ўзятай у двукосьсі. Тэрмін «унутраны маналёг» часта памылкова прынімаецца за сынонім тэрміна «плынь сьвядомасьці». Аднак поўнае разуменьне дадзенай літаратурнай формы магчымае толькі пра дасягненьні стану «чытаньня паміж радкоў», то бок «невэрбальнага інсайта» ў дадзеную паэзіі ці прозу, што радніць гэты жанр зь іншымі высокаінтэлектуальнымі формамі мастацтва.

Узорам адной з ранейшых спробаў выкарыстаньня падобнага прыёма можа служыць маналёг галоўнае гераіні ў апошніх частках рамана Льва Таўстога «Анна Карэніна», які будуецца на перарывах і паўторах.

У клясычных творах «плыні сьвядомасьці» (раманы М. Пруста, В. Ўулф, Дж. Джойса) надзвычайна абвостраная ўвага да суб'ектыўнага, патаемнага ў псыхіцы чалавека; парушэньне традыцыйнае апавядальніцкае структуры, зрушэньне часавых плянаў прынімаюць характар фармальнага экспэрымэнта. Цэнтральны твор «плыні сьвядомасьці» ў літаратуры — «Уліс» (1922) Джойса, які прадэманстраваў адначасова вяршыню і вычарпанасьць магчымасьцяў мэтада «плыні сьвядомасьці»: дасьледваньньне ўнутранага жыцьця чалавека спалучаецца ў ім з размыцьцём граніцаў характара, псыхалягічны аналіз нярэдка пераўтвараецца ў самамэту.

Плынь сьвядомасьці ў літаратуры

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Жантиева Д. Г., Джеймс Джойс, М., 1967;
  • Мотылева Т. Л., Внутренний монолог и «поток сознания», в её кн.: Зарубежный роман сегодня, М., 1966;
  • Friedman M., Stream of consciousness. A study in literary method, New Haven — L., 1955;
  • Steinberg E., The stream of consciousness and beyond in «Ulysses», Pittsburg, 1973;
  • Yorke, Ritchie, Into The Music, London: Charisma Books , ISBN 0-85947-013-X.