Мінейкі — шляхецкі род гербу Газдава, набілітаваны ў Вялікім Княстве Літоўскім. Шляхецтва зацьвердзілі ў Расейскай імпэрыі. Сёньня жывуць у Беларусі, Грэцыі, ЗША, Канадзе, ПАР, Польшчы і г. д.

Мінейкі
лац. Miniejki
Герб Мінейкаў
Герб Газдава
Краіна паходжаньня: Вялікае Княства Літоўскае
Тытул: шляхта
Прызнаныя ў: Вялікае Княства Літоўскае, Каралеўства Польскае, Расейская імпэрыя
Першы з роду: Якуб Мінят Мінейка

Прозьвішча рэдагаваць

Асноўны артыкул: Мінейка (імя)

Мініка (Minnico) — імя германскага паходжаньня[1]. Іменная аснова -мін- (-мен-) (імёны ліцьвінаў Мінят, Асьміна, Гальмін; германскія імёны Miniatus, Osminna, Galmin) паходзіць ад гоцкага minan 'менаваць, памятаць, любіць'[2], minthi 'памяць'[3].

Адпаведнасьць імя Мінейка германскаму імю Minnico, якое ўпамінаецца яшчэ ў VIII стагодзьдзі, сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[4].

Існуюць таксама іншыя тлумачэньні: магчыма, прозьвішча роду паходзіць ад назвы справы, якой займаўся меркаваны заснальнік роду Якуб Мінят Мінейка. У Сярэднявеччы чалавек, які займаўся выпускам манэтаў зваўся мінцарам. Тая ж назва ўжывалася для зьбіральніка падаткаў у маёнтках вялікага князя. (за гэта Якуб мог атрымаць шляхецтва). Атанасэ Мінейка (Athanase Mineikos) выводзіў грэцкае паходжаньне роду. «Miniatis» — грэцка-бізантыйская назва для зьбіральнікаў падаткаў. «Min» ці «Minas» значыла па-грэцку «месяц». У той жа час «Miniatiko» значыла «месяцовая плата падаткаў», а цяпер — «месяцовая пэнсія». Згодна з Атанасэ й ягоным дзядзькам Зыгмунтам Мінейкам, Мінейка ёсьць варыянт «Miniatis» і абазначала асобаў, якія прыходзілі раз на месяц зьбіраць падаткі.

Паходжаньне рэдагаваць

Паходжаньне роду няпэўнае. Анджэй Навіцкі сьцьвярджаў, што род пачаўся ад Лукаша Мінейкі ў XVII ст. Зыгмунт Мінейка адзначаў, што карэньні варта шукаць значна раней. Ягоная думка магла абапірацца на больш трывалыя падставы, бо ён быў апошнім уладаром родавага маёнтку Балванішкаў (Ашмянскі павет). Ён меў доступ да родавых дакумэнтаў, якія загінулі падчас Другой сусьветнае вайны. На ягоную думку, пачаткі роду варта шукаць у часох, што папярэднічалі уніі ВКЛ і Кароны (раней за XV ст.). На той час у родзе ўжываўся назоў Мілейка замест Мінейка. Род належыў да пляменнае літоўскае арыстакратыі. Зыгмунт сьцьвярджаў, што хтосьці з роду падпісаў адзін з дакумэнтаў, што замацоўвалі унію. Магчыма, гаворка ідзе пра Гарадзельскую унію (1413 год).

Тым часам Міхал Мінейка сьцьвярджаў пра паходжаньне роду ад Якуба Мінята Мінейкі ў 1620 годзе.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1090, 1125.
  2. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  3. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 169.
  4. ^ Schmittlein R. Les noms d’eau de la Lituanie (suite) // Revue internationale d’onomastique. Nr. 3, 1964. P. 161.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць