Мілан Кундэра
Мíлан Ку́ндэра (па-чэску: Milan Kundera; 1 красавіка 1929 — 11 ліпеня 2023) — адзін з найбольш вядомых у сьвеце чэскіх аўтараў. Пісаў па-чэску й па-француску. Найбольш знакаміты яго твор называецца «Невыносная лёгкасьць быцьця».
Жыцьцё й творчасьць
рэдагавацьЧэхаславаччына
рэдагавацьБацькам Мілана быў Людвік Кундэра, музыказнаўца й пазьней рэктар Музычнай Акадэміі ў Брно (з 1948 па 1961 год). Пісьменьнік рана навучыўся граць на піяніна, музыка моцна паўплывала на ўсю яго творчасьць. У 1945 годзе, будучы гімназістам, пераклаў верш Уладзімера Маякоўскага, які быў апублікаваны ў часопісе «Гонг». Тады ж пачаў сам пісаць вершы.
Пасьля вайны падпрацоўваў як рознарабочы й джазавы музыка. У 1948 годзе скончыў гімназію ў Брно й пачаў вывучаць музыку й літаратуру ў Праскім Карлавым унівэрсытэце. Аднак у хуткім часе пісьменьнік перайшоў у Кінаакадэмію. У 1950 годзе па палітычных прычынах вымушаны быў прыпыніць навучаньне на два гады (Кундэра й яго ўнівэрсытэцкі таварыш былі выключаныя з камуністычнай партыі, у якую Мілан уступіў у 1948 годзе, за антыпартыйныя дзеяньні). Яго раман «Жарт», напісаны ў 1965—1967 гадох, шмат у чым натхнёны падзеямі таго пэрыяду жыцьця маладога пісьменьніка. У 1956 годзе Кундэра зноў уступае ў кампартыю, аднак у 1970 годзе яго канчаткова выключаюць зь яе.
Пасьля заканчэньня вучобы Мілан Кундэра выкладаў на факультэце кіно Праскай акадэміі музыкі й драматургіі. У 1957 годзе ён выдаў лірычны зборнік «Маналёгі», у які ўвайшлі інтэлектуальныя вершы пра каханьне. Пісьменьнік піша шэраг эсэ, прысьвечаных авангарднай паэзіі, для пэрыядычных выданьняў «Literarni noviny» і «Listy».
Як і шматлікія іншыя чэскія інтэлектуалы, Кундэра прымаў актыўны ўдзел у падзеях Праскай вясны. З-за гэтага ён быў пазбаўлены магчымасьці выкладаць, ягоныя кнігі былі забароненыя і выняты зь усіх бібліятэк Чэхаславаччыны.
Францыя
рэдагавацьУ 1975 годзе Кундэра з жонкай Верай Грабанковай імігравалі ў Францыю, дзе пісьменьнік атрымаў месца выкладчыка. У 1978 годзе, пасьля выданьня раману «Кніга сьмеху й забыцьця» (Kniha smíchu a zapomnění), чэскі ўрад пазбавіў пісьменьніка чэскага грамадзянства. З 1981 году ён зьяўляецца грамадзянінам Францыі. У 1978 годзе Кундэра пераехаў у Парыж, дзе ў 1984 годзе зьявіўся ягоны найзнакаміцейшы твор — раман «Невыносная лёгкасьць быцьця» («Nesnesitelná lehkost bytí»).
Пачынаючы з выдадзенага ў 1994 годзе раману «La lenteur» Кундэра піша па-француску.
Трохі аб усім
рэдагавацьСам Кундэра дзеліць сваю творчасьць на два этапы: пэрыяд нясьпеласьці (ад гэтай часткі сваёй творчасьці дыстанцуецца й забараняе публікаваць творы гэтага пэрыяду), і на пэрыяд сваіх лепшых твораў.
Сьмешныя каханкі
рэдагавацьКундэра сьцьвярджае, што ўпершыню «знайшоў сябе», калі пісаў аповед «Я сумны Бог» (1958), пазьней уключаны ў першую з трох сшыткаў «Сьмешных каханак» (1963, 1965, 1968). Характэрная рыса «Сьмешных каханак» — анэкдатычнасьць, жартаўлівасьць. Па прызнаньні аўтара, ён пачаў пісаць аповеды для ўласнага задавальненьня. Першае агульнае выданьне ўсіх трох сшыткаў, якое складаецца з 8 аповедаў, выйшла ў Празе ў 1970, аднак пазьней аўтар перапрацаваў складанку, надаўшы ёй новую форму й кампазыцыйнае адзінства, і ўключыў толькі 7 аповедаў. Тэматыка «Сьмешных каханак» засяроджана на містыфікацыі, гульні з каханьнем і парадоксах донжуанства нашага часу. Кожны з аповедаў мае сваю апавядальную структуру, мадэль і тэму, якія аўтар разьвіў пазьней у сваіх раманах.
Жарт
рэдагавацьСвой першы раман «Жарт» Кундэра пачаў пісаць яшчэ ў 1962, кніга была надрукавана ў 1967. Выкарыстоўваючы гратэскавую гісторыю пра чалавечае жыцьцё, сапсаванага з-за простага жарту, і пра няўдалую помсту героя, аўтар малюе зьмены, якія адбываліся ў чэскім грамадзтве зь сярэдзіны 1950-х, і прыводзіць свайго героя да адчуваньня адчужанасьці ад сьвету. Аўтар перапісаў раман у выглядзе сцэнара для фільма, які ён сам і паставіў.
Жыцьцё — ня тут
рэдагавацьУ рамане «Жыцьцё — ня тут» (скончаны ў 1969 ці 1970, упершыню выйшаў у Парыжу на францускай мове ў 1973) апісваецца гісторыя маладога паэта, які паставіў свой мастацкі талент і юнацкае славалюбства на службу ідэалёгіі. Менавіта таму яму не даецца ні самакрытыка, ні цьвярозы погляд на грамадзкае становішча, урэшце ён бесцырымонна ўмешваецца ў лёс іншых людзей, прыносячы ім няшчасьця. Сама назва рамана зьяўляецца цытатай. Гэтай фразай, узятай зь А.Рэмбо, А.Брэтон у 1924 годзе завяршыў Маніфэст сюррэалізму. Той жа самы лёзунг можна было ўбачыць у Парыжу ў 1968 падчас студэнцкіх хваляваньняў.
Вальс на разьвітаньне
рэдагаваць«Вальс на разьвітаньне» (скончаны ў 1971 ці 1972, упершыню выйшаў на францускай мове ў Парыжу ў 1976) — апошні раман, напісаны ў Празе. На першы погляд ён здаецца проста камэдыяй, якая апісвае калізіі паміж некалькімі любоўнымі парамі ў чэскім курортным мястэчку. На самім жа справе гэта кніга поўная смутку й роспачы, выкліканымі безвыходнасьцю сытуацыі. Галоўнага героя рамана прымушаюць зьехаць з краіны абыякавасьць людзей, пустэча, дробязнасьць праблем.
Кніга сьмеху й забыцьця
рэдагаваць«Кніга сьмеху й забыцьця» была напісана ў першыя гады эміграцыі, і ўпершыню выйшла на францускай мове ў Парыжу ў 1979. Як і ў некаторых іншых творах Кундэры, кампазыцыя тэксту інсьпіравана музычнай кампазыцыяй. У рамана няма скончанага сюжэту, асобныя эпізоды зьяўляюцца рознымі варыяцыямі на агульную тэму: героі змагаюцца з забыцьцём і прыходзяць да таго, што мінулае нельга заклікаць на дапамогу сучаснасьці, мінулае нельга палепшыць.
Невыносная лёгкасьць быцьця
рэдагавацьМатывы эміграцыі й побытавай ідыліі Кундэра разьвівае ў рамане «Невыносная лёгкасьць быцьця» (скончаны ў 1972, упершыню апублікаваны на францускай мове ў 1984), героі якога пасьля жніўня 1968 зьяжджаюць у Швайцарыю, але потым вяртаюцца ў Чэхаславаччыну. У рамане шмат філязофскіх разважаньняў, заснаваных па перавазе на тлумачэньні лёгкасьці й цяжару ў духу старажытнагрэцкага філёзафа Пармэніда й ідэі Фрыдрыха Ніцшэ пра вечнае вяртаньне. У 1988 амэрыканскі рэжысэр Філіп Каўфман зьняў па гэтым рамане аднайменны фільм.
Несьмяротнасьць
рэдагавацьУ рамане «Несьмяротнасьць» (дапісаны ў 1988, упершыню апублікаваны на францускай мове ў 1990 годзе), апошнім рамане, напісаным на чэскай мове, Кундэра падкрэсьлівае фіктыўнасьць усяго адбывалага. Яго галоўным чынам цікавяць агульныя пытаньні быцьця й характэрныя рысы эўрапейскай культуры. У кнізе рэфлексіўнасьць настолькі пераважае над сюжэтнай лініяй, што яе можна лічыць нейкім сынтэзам рамана й эсэ.
Мастацтва рамана
рэдагавацьКлючом да глыбейшага разуменьня творчасьці Кундэры можа быць складанка зь сямі эсэ «Мастацтва рамана», напісаных на францускай мове й выдадзеных у 1986. Гэта складанка ня мае нічога агульнага з раньняй аднайменнай тэарэтычнай працай, акрамя назвы. Тут аўтар кажа пра свой мэтад пісьма, асабліва акцэнтуе ўвагу на сьціплую ацэнку традыцыі цэнтральна-эўрапейскага рамана й выяўляе захапленьне мадэрнізмам «кафкаўскай» традыцыі.
Парушаныя запаветы
рэдагавацьНаступныя эсэ апублікаваны ў складанцы «Парушаныя запаветы» (1993). Разважаньні пра магчымасьці рамана, а таксама апублікаваныя ў часопісах эсэ пра палітычнае й культурнае проціпастаўленьне «Захаду» й «Ўсходу» й пра канцэпцыю Цэнтральнай Эўропы зрабілі Кундэру папулярным публіцыстам яшчэ ў 1980-е. Ён таксама публікаваўся ў чэскіх, францускіх, і нават у ісьляндзкіх і мэксыканскіх пэрыядычных выданьнях.
Павольнасьць. Сапраўднасьць. Недасьведчанасьць.
рэдагавацьКундэра ня раз падкрэсьліваў, што чэрпае натхненьне ў творах эўрапейскай літаратуры пэрыяду Адраджэньня й Асьветы, асабліва ў раманах Д.Бакачча, Ф.Рабле, Л.Стэрна й Д.Дыдро. Сваю п’есу «Жак і яго спадар», прысьвечаную Дзідро й якая зьяўляецца варыяцыяй на тэму рамана самага Дзідро «Жак фаталіст» напісаў у гады, наступныя за савецкай акупацыяй. Упершыню п’еса была апублікавана ў Парыжу ў перакладзе аўтара ў 1981.
У 1990-е гады піша свае раманы на францускай мове. «Павольнасьць» (1995) і «Сапраўднасьць» (1997) уяўляюць хутчэй нейкія рэзюмэ, у якіх намёк на больш пэўную гісторыю толькі ілюструе абстрактныя разважаньні, эсэ чаргуюцца зь сюжэтнай лініяй, і ў сьвет рамана пранікаюць больш ці меней відавочныя алюзіі на традыцыі рамана мінулых стагодзьдзяў.
Апошні раман «Недасьведчанасьць» (2000) быў упершыню апублікаваны па жаданьні аўтара на гішпанскай мове. Тэмы рамана — эміграцыя, адзінота, памяць, забыцьцё, настальгія, абыякавасьць.
Творы
рэдагавацьРаманы
рэдагаваць- 1967 «Жарт» (Žert)
- 1972 «Вальс на разьвітаньне» (Valčík na rozloučenou)
- 1973 «Жыцьцё ня тут» (Život je jinde)
- 1978 «Кніга сьмеху й забыцьця» (Kniha smíchu a zapomnění)
- 1984 «Невыносная лёгкасьць быцьця» (Nesnesitelná lehkost bytí)
- 1990 «Несьмяротнасьць» (Nesmrtelnost)
- 1995 «Павольнасьць» (La lenteur)
- 1997 «Сапраўднасьць» (L’Identité)
- 2000 «Недасьведчанасьць» (L’Ignorance)
Эсэ
рэдагаваць- 1955 «Пра спрэчкі спадчыны» (O sporech dědických)
- 1960 «Мастацтва рамана» (Umění románu: Cesta Vladislava Vančury za velkou epikou)
- 1968 «Чэская дамова» (Český úděl)
- 1969 «Радыкалізм і эксгібіцыянізм» (Radikalismus a exhibicionismus)
- 1983 «Выкрадзены Захад ці трагедыя Цэнтральнай Эўропы» (Únos západu aneb Tragédie střední Evropy)
- 1986 «Мастацтва рамана» (L’art du Roman (Umění románu))
- 1992 «Парушаныя запаветы» (Les testaments trahis (Zrazené testamenty))
- 1991—2004 «Мой Яначак» (Můj Janáček))
- 2005 «Невядомая спадчына Сэрвантэса» (Zneuznávané dědictví Cervantesovo)
- 2005 «Заслона» (Le Rideau (Opona))
- 2006 «Каструсь — цень сьвятога Гарту» (Kastrující stín svatého Garty)
- 2006 «Ня тут, дома, мой сябра» (Nechovejte se tu jako doma, příteli)
- 2009 «Сустрэча» (Une rencontre (Setkání))
Паэзія
рэдагаваць- 1953 «Чалавек — неабсяжны сад» (Člověk zahrada širá)
- 1955 «Апошні травень» (Poslední máj)
- 1957 «Маналёгі» (Monology)
П’есы
рэдагаваць- 1962 "Уладальнік ключоў " (Majitelé klíčů)
- 1966 «Дзьве плёткі, два вясельля» (Dvě uši, dvě svatby)
- 1968 «Прамашка» (Ptákovina)
- 1971 «Жак і яго спадар» (Jakub a jeho pán: Pocta Denisu Diderotovi)
Зборнікі аповедаў
рэдагаваць- 1968 «Сьмешныя каханкі» (Směšné lásky)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Milan Kundera // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Milan Kundera // Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ а б в Encyklopedie dějin města Brna (чэс.) — 2004.
- ^ Boyer-Weinmann M. Milan Kundera, romancier de l’existence, est mort (фр.) / J. Fenoglio — Paris: Société éditrice du Monde, 2023. — ISSN 0395-2037; 1284-1250; 2262-4694
- ^ Balucha M., Svátková K., Kottová A. Ve věku 94 let zemřel Milan Kundera. Ve světě patřil mezi nejznámější české spisovatele (чэс.) — Český rozhlas, 2023.
- ^ а б Fichier des personnes décédées mirror
- ^ Milan KUNDERA (чэс.) — Ústav pro českou literaturu AV ČR.
- ^ а б Who's who (брыт. анг.) — (untranslated), 1849. — ISSN 0083-937X
- ^ https://www.nouvelobs.com/culture/20230712.OBS75656/la-mort-de-milan-kundera-sa-derniere-plaisanterie.html
- ^ Zemřela Olga Haasová-Smrčková, neteř Huga Haase a první žena Milana Kundery (чэс.) — 2022.
- ^ а б Kundera, Milan, 1929-2023 // CONOR.SI
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Трагедыя Цэнтральнай Еўропы / М. Кундэра // Фрагмэнты: Сярэднееўрапейскі культурны агляд. — Мінск, 1996. — №1. — С. 4-20.
- Якуб і яго пан. Ухвала Дэні Дыдро
- Дзесяць прычынаў, каб ня быць бацькам
- Няхай старыя мертвыя саступяць месца маладым мертвым (пераклад з чэшскай А. Вострыкавай) // Крыніца, 1998, №10.С.51-64.
- Страчаныя лісты [ІV частка рамана «Кніга смеху і забыцця»] (Пер. з чэшск. С. Сматрычэнка) // Крыніца, 1998, №10.С.64-85
- Непрызнаная спадчына Сервантэса [Эсэ] (Пер. з чэшск. А. Вострыкава) // Крыніца, 1998, №10.С.85-91
- Якуб і яго гаспадар [Эсэ] (Пер. з франц. Зм. Дзмітрук) // Крыніца, 1998, №10.С.91-96
- Апавяданьне «Эдуард і Бог» у часопісе ARCHE ў перакладзе Аляксея Знаткевіча
- Супраць лірыкаў (з раману «Жыцьцё ня тут»)
- Інтэрвію з Кундэрам (анг.)
- Сайт, прысьвечаны Мілану Кундэру (анг.) (ням.)
- Сайт, прысьвечаны Мілану Кундэру (пол.)
- Мілан Кундэра «Хто такі раманіст? Як становяцца вялікімі пісьменьнікамі?» (рас.)