Мухалніца
Муха́лніца (па-баўгарску: Мухалница) — прыродаахоўная зона на захадзе Баўгарыі. Знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад Боцеўграду і за 63 км на паўночны ўсход ад Сафіі. Заснавана ў 1992 годзе з мэтай захаваньня ўнікальнай сваімі маштабамі міграцыі травяной жабы (Rana temporaria).[1].
Мухалніца | |
Мухалница | |
Дата ўтварэньня | 8 траўня 1992 (32 гады таму) |
---|---|
Тып | запаведнік |
Месцазнаходжаньне | Боцеўград, Баўгарыя |
Сайт | Мухалніца на сайце Выканаўчага агенцтва навакольнага асяродзьдзя Баўгарыі |
Гістарычная даведка
рэдагаваць14 лютага 1968 году баўгарскі заоляг Уладзімер Бешкаў адкрыў папуляцыю зь некалькіх сотняў травяных жабаў у маленькім балоце непадалёк ад Боцеўграду, што зусім нехарактэрна для такога роду на гэткай нязначнай вышыні (360 м). 1 і 4 сакавіка 1971 году ён пазначыў некалькі сотняў асобінаў і адпусьціў іх назад у балота. 4 чэрвеня 1971 году адна з пазначаных жабаў была заўважана на схілах гары Біла за 4925 м па простай лініі ад балота і на вышыні 875 м над узроўням мора. Празь некалькі гадоў Бешкаў аднавіў свае дасьледваньні ў 1979 годзе, калі паміж 31 студзеня і 3 сакавіка было пазначана 457 жабаў. Таксама ў лютым і сакавіку 1980 году былі пазначаны жабы на вышыні 5,5 і 6 км над балотам падчас іхняга руху ўніз па цячэньні. 11 сакавіка 1980 году дзьве зь іх былі знойдзены ў балоце Мухалніца (адну праз 4, іншую — праз 11 дзён пасьля пазначаньня)[2]. Бешкаў апублікаваў вынікі свайго дасьледваньня ў шэрагу навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, якія сталі падставай для абвяшчэньня ў 1992 годзе балота і тэрыторыі між ім і рачулкай Стара (Зелінска) прыродаахоўнай зонай[3].
Гісторыя міграцыі жабаў
рэдагавацьМасавае прыбыцьце тысячаў жабаў у мясцовасьць Мухалніца пачалося, імаверна, у канцы апошняга ледніковага пэрыяду, то бок каля 8 000 год таму. Падчас штогадовай міграцыі зь месцаў зімоўлі (рэк і ручаёў у верхняй частцы гары) да абалоны Мухалніца, травяныя жабы за некалькі дзён праходзяць адлегласьць да 6 км, а некаторыя зь іх, магчыма, і больш за 10 км. Сам пэрыяд размнажэньня працягваецца каля 2 тыдняў, звычайна ў канцы лютага і на пачатку сакавіка, у залежнасьці ад тэмпэратуры. Наяўнасьць адкладзенай ікры падчас раставаньня лёду ёсьць звычайнай зьявай. Жабы перасоўваюцца ўніз па цячэньні рачулкі Зелінская і інстынктыўна адчуваюць, дзе яны павінны выйсьці зь яе, каб дасягнуць балота. Па заканчэньні шлюбнага пэрыяду жабы вяртаюцца назад да вяршыні гары, праходзячы па сушы прыкладна тую ж адлегласьць у супрацьлеглым кірунку. З аплодненых заплодкавых вузаў вылупляюцца апалонікі, якія ператвараюцца ў маленькіх жабаў і запаўняюць тое балота ў канцы траўня, або ў пачатку чэрвеня[4]. Гэткая міграцыя дзеля размнажэньня ёсьць унікальнай для віду і зьяўляецца адной з найдаўжэйшых сярод вядомых міграцыяў у сьвеце амфібіяў[5]
Іншыя віды амфібіяў і рэптыліяў
рэдагавацьАкрамя травяной жабы ў тым самым балоце выяўлена яшчэ 8 відаў земнаводных[6]: звычайны трытон (Lissotriton vulgaris), трытон Карэліна (Triturus ivanbureschi), жаўтачэраўная жаба (Bombina variegata), рапуха шэрая (Bufo bufo) і рапуха зялёная (Bufotes viridis), квакша звычайная (Hyla orientalis), жаба бойкая (Rana dalmatina) і жаба азёрная (Pelophylax ridibundus). Ёсьць выпадкі, калі сустракалася эўрапейская балотная чарапаха (Emys orbicularis). Гэткая адносна высокая відавая разнастайнасьць на такой невялікай па памерах плошчы пацьвярджае важнасьць аховы мясцовасьці Мухалніца для захаваньня мясцовай фаўны.
Пагрозы і спробы іх прадухіленьня
рэдагавацьЗа апошнія 10 гадоў назіраецца павелічэньне памераў балота і зарастаньне яго рагозам (Typha sp.), які паступова захапляе амаль усю яго плошчу. Прычынай гэтага зьяўляюцца шматгадовыя сьцёкі з трубаў мясцовага волазабесьпячэньня і каналізацыі, якія маюць выражана адмоўны ўплыў на жабаў, якім дзеля размнажэньня патрабуецца адкрытая вадзяная паверхня. У сувязі са сьцёкамі, імаверна, зьмяніўся водны ражым балота, які ператварыўся ў больш спрыяльны для рагозу. Прагрэсуючае распаўсюджаньне рагозу, імаверна, выклікае новыя зьмены воднага рэжыму, і балота перасохне. Апошняе азначае, што ў найбліжэйшыя гады папуляцыя горных жабаў страціць асноўнае месца для размнажэньня, а фэнамэнальная міграцыя спыніць адбывацца. Асаблівасьцю гэтае пагрозы зьяўляецца тое, што яна непасрэдна закранае ўсе іншыя віды земнаводных, што былі выяўленыя ў прыродаахоўнай зоне.
Іншай істотнай пагрозай для папуляцыі травяных жабаў ёсьць іх масавая гібель падчас міграцыі на асфальтаванай дарозе, якая праходзіць уздоўж паўночна-ўсходняга берагу балота. Выйшаўшы з рачулкі, жаба абавязкова павінна перайсьці дарогу (акрамя тых, якія праходзяць пад дарагой праз трубу для стоку вады). Аўтамабільны рух тут не вялікі, але, паводле паведамленьняў мясцовых жыхароў, у дні міграцыі дарога пакрыта безьліччу задушаных жабаў.
У 2017 годзе грамада Боцеўграду супольна з камандай вучоных з Інстытуту дасьледваньняў біяразнастайнасьці і экасыстэмаў і Нацыянальнага музэю прыродных навук пры Баўгарскай акадэміі навук распачалі дзейнасьць, зьвязаную з прадухіленьнем вышэйапісанай пагрозы, шляхам вырываньня рагозу і ўсталяваньня трубаў для бясьпечнага пераходу цераз дарогу.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Мухалница (баўг.). Изпълнителна агенция по околна среда. Праверана 17 лістапада 2017 г.
- ^ Бешков Владимир. Най-голямата периодична миграция в света на земноводните // Природа. — 1988. — Т. 37 (1). — С. 34—39.
- ^ Заповед № 328 от 08.05.1992 г., Обн. ДВ. бр. 43/1992
- ^ Бешков, В., Б. Ангелова. Една необикновена размножителна миграция на планинската водна жаба (Rana temporaria L.) // Екология. — 1981. — Т. 8. — С. 34—42.
- ^ Russell, A., Bauer, A., Johnson, K. 2005. Migration in amphibians and reptiles: An overview of patterns and orientation mechanisms in relation to life history strategies. In: Elewa A.M.T. (eds) Migration of Organisms. Springer, Berlin, Heidelberg pp. 151—203
- ^ Stoyneva, M., T. Michev. 2007. Blattse Mouhalnitsa. — In: Michev, T., M. Stoyneva (eds.) Inventory of Bulgarian Wetlands and their Biodiversity. Part 1: Non-Lotic Wetlands, IBW5732, Publ. House Svetlostrouy, Sofia
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьМухалніца — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў