Касьцёл Сьвятога Яна і кляштар баніфратаў (Менск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Яна і кляштар баніфратаў
| |
Касьцёл Сьвятога Яна. Б. Лявэрнь, 1840
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Менск |
Каардынаты | 53°54′22″ пн. ш. 27°33′18″ у. д. / 53.90611° пн. ш. 27.555° у. д.Каардынаты: 53°54′22″ пн. ш. 27°33′18″ у. д. / 53.90611° пн. ш. 27.555° у. д. |
Заснавальнік | Тэадор Антоні Ваньковіч |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Касьцёл Сьвятога Яна і кляштар баніфратаў |
Касьцёл Сьвятога Яна і кляштар баніфратаў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Менску. Знаходзіўся на Цёмных Крамах, у пачатку Казьмадзям'янаўскай вуліцы[a], непадалёк ад Менскага Замчышча. Твор архітэктуры барока.
Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарных карпусоў, будынка шпіталя, а таксама гаспадарчых пабудоваў і саду[2] і злучаўся з суседнім бэрнардынскім кляштарам праз падземны тунэль. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцёл і кляштар. Да нашага часу захаваліся падмуркі.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ 1700 року стольнік і падстароста менскі Тэадор Антоні Ваньковіч ахвяраваў баніфратарам 10 тыс. злотых і вялікі пляц на Старым (Нізкім) Рынку пад будаваньне касьцёла, кляштару, шпіталя і інш., а таксама фальварак Кальварышкі (за местам, на беразе ракі Сьвіслачы), які меў 1 валоку і 15 моргаў ворнай зямлі і комплекс жылых і гаспадарчых пабудоваў. Адначасна стольнік старадубскі М. Радкевіч падараваў кляштару 2 сенажаці над Сьвіслаччу[2]. У 1709 року А. Т. Ваньковіч ахвяраваў кляштару маёнтак Саковічы, а касьцёлу — убраньне. У 1750 року Аўгустын Антон Любінецкі адпісаў братам 3 тыс. злотых.[3].
Будаваньне касьцёла вялося ў пачатку XVIII ст. Сьвятыня моцна пацярпела ад мескага пажару 1762 року. З гэтае прычыны ў 1764 року прыёр Клемэнс Вільчэўскі склаў дамову з майстрамі менскага мулярскага цэху Антоніем Каплінскім і Пятром Макарэвічам на аднаўленьне і разбудову касьцёла.
Пры кляштары дзеяў шпіталь на 18 ложкаў[2], у якім у пачатку XIX ст. лекаваліся ня толькі ўбогія, але і вязьні. Браты-баніфратары забясьпечвалі пацыентаў лекамі і прадуктамі харчаваньня[4]. Апроч таго, існавала невялікая бібліятэка, якая мела каля 50 кніжак і рукапісаў на лацінскай мове[2].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягваў дзеяць. У 1796 року ў кляштары знаходзіліся 4 манахі. Да 1824 року сюды далучылі Менскі кляштар рохітаў[5].
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 рокаў у 1836 року ўлады Расейскай імпэрыі канфіскавалі касьцёл і кляштар у манахаў[2]) і прадалі іх з публічнага торгу[6]. У 1860-я рокі касьцёл зруйнавалі, а кляштарныя карпусы прыстасавалі пад жытло[2].
Архітэктура
рэдагавацьКасьцёл
рэдагавацьКасьцёл — прастакутны ў пляне 1-нэфавы будынак, які галоўным 2-вежавым фасадам выходзіў на пляц Нізкага Рынку.
У інтэр'еры касьцёла, часткова перакрытага крыжовым скляпеньнем, знаходзіліся 3 драўляныя алтары. У галоўным 2-ярусным алтары, які ўпрыгожвалі 4 ліхтары, знаходзіліся абразы Сьвятога Яна Божага, Сьвятога Аўгустына і Езуса Хрыста[2]. У бакавых алтарах — цудоўны абраз Маці Божай, аздоблены срэбнымі шатамі і каронай[6], а таксама фігура ўкрыжаванага Хрыста[2].
Кляштар
рэдагавацьДраўляны 2-павярховы кляштарны корпус выходзіў на вуліцу Казьмадзям’янаўскую. На першым паверсе знаходзіліся 18 крамаў, якія здаваліся ў арэнду, а на другім жылі манахі. На вуліцу Зыбіцкую выходзіла 2-павярховая камяніца, у якой на першым паверсе было 7 крамаў, на другім — жылыя пакоі і кухня[2].
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 8
- ^ а б в г д е ё ж з Дзянісаў У. Менскі кляштар баніфратаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 291
- ^ Касмылёў В. Дабрачыннасць баніфратаў і рохітаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 317.
- ^ 400 гадовы юбілей прысутнасці баніфратаў на ўсходніх землях // Слова Жыцця. № 10 (279), 17 траўня 2009 г.
- ^ Дзянісаў У. Менскі кляштар баніфратаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 291—192
- ^ а б Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 188.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.