Марыя Косіч
Мары́я Ко́січ, у дзявоцтве Ўладзі́мерава (1850, в. Расуха, Мглінскі павет Чарнігаўскай губэрні — 10 красавіка [ст. ст. 28 сакавіка] 1911, там жа) — беларуская фальклярыстка, этнографка, пісьменьніца і перакладніца.
Марыя Косіч лац. Maryja Kosič | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Марыя Мікалаеўна Ўладзімерава |
Нарадзілася | 1850 Расуха, Мглінскі павет Чарнігаўскай губэрні |
Памерла | 10 красавіка 1911 Расуха, Мглінскі павет Чарнігаўскай губэрні |
Пахаваная | |
Муж | Мікалай Косіч |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка, пісьменьніца |
Кірунак | фальклярыстка, этнаграфістка |
Узнагароды | Залаты мэдаль Расейскага геаграфічнага таварыства |
Подпіс | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьЖыла ў маёнтку дзеда Г. М. Сілевіча каля вёскі Расухі сярод беларускага насельніцтва са своеасаблівымі этнаграфічнымі і моўнымі рысамі. Адукацыю атрымала ў інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. З маленства палюбіла народныя песьні, прывязалася сэрцам да народу. Мела багатую бібліятэку. Ведала францускую мову[1].
Марыя Мікалаеўна ўзяла шлюб з вэтэрынарным урачом, але дзяцей ня мела. Узімку яна з мужам зьяжджала з Расухі ў Чарнігаў, дзе працавала ў рэдакцыі. Зямлю звычайна здавалі ў арэнду.
У 1911 року ў «Русской музыкальной газете» зьявіўся нэкралёг аб сьмерці Марыі Косіч. У 1917 ейны маёнтак і бібліятэка былі разрабаваныя мясцовымі сялянамі. Пахаваная ў Разрытаўскім манастыры (цяпер разбураны) за 6 км ад в. Расухі.
Дзейнасьць
рэдагавацьЭтнаграфічная
рэдагавацьУжо ў юнацтве пачала вывучаць фальклёр (у 60-я гг. стала дасьледаваць беларускую народную песьню). З 1897 р. пад уплывам вядомага ўкраінскага грамадзкага дзеяча Аляксандра Русава, які пасяліўся непадалёку, прыступіла да сыстэматычнага збору народных песень.
Аўтарка працы «Літвіны-беларусы Чарнігаўскай губэрні, іх побыт і песьні» (1901), прысьвечанай вуснай народнай паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызавала жыцьцё і побыт сялянаў, іх вераваньні, паданьні, песьні, асаблівасьці гаворкі і сьпеваў. У 1906 р. надрукавала этнаграфічны артыкул «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губэрні». Гэтыя працы былі выкарыстаны ў сваёй рабоце беларускім мовазнаўцам Паўлам Растаргуевым[2].
Літаратурная
рэдагавацьАд этнаграфічна-фальклярыстычнай працы М. Косіч перайшла да ўласнай творчасьці на беларускай мове. У вершаваным творы «На перасяленьне: Расказ Цёткі Домны з Палесься» раскрыла характэрную асаблівасьць жыцьця беларускай парэформеннай вёскі — масавае перасяленьне безьзямельных і малазямельных сялянаў у Сыбір. Выдатнае веданьне вясковых рэалій і народнай мовы, шчырае спачуваньне народу дазволілі ёй намаляваць даволі яркія сцэны падрыхтоўкі сялянаў да перасяленьня, разьвітаньня з роднымі мясьцінамі.
Мы ў сваім сяле век свой векавалі, — ну, такой нуды, як нам у Сыбіры, нашы дзяды й прадзеды не зазналі.
Наша-ж то сяло стаіць пры рацэ, а за рэчкай — луг, а там усё — дубравы… Ёсць у тых дубравах равы глыбакія, горы высакія, ляды шыракія. Лецечкам сьвятым чаго ў нас няма? У нашым гаёчку грыб, арэх і жолуд; усякая ягада: і суніца, і брусьніца, касьцяніца і чарніца, і рабіна і каліна, — усяго ёсьць там! Чорна ягада смародыня — і тая расьце па лугам. Ды што па вясьне, як пачне лес раскідацца, усе лужкі-даліны траўкай ураджацца, какалуша па лесе распушчацца! Божухна мой мілы, во як там прыгожа! Такія дзіковінкі, як там у Расусе, ня знайдзеш ній-дзе у цэлай акрузе. У нас крэпка душна улетку ня бывае. Ды што там узімку, як мароз прыцісьне, — унясеш у хатку сухенькіх дравец, вытапіш ляжанку, тады наша хатка — цёплая, як матка. Сядзіш сабе — люба! Пасканьні прадзеш, а шчэ, калі трапіцца, й песьню завядзеш. Праўда, што бывала хлеба небагацька — ета ня ў дзіковінку. Хоць галадавалі, ды не паміралі! Там у нас і так бывала: у каго хлеба не хватала, паедзе на «паньскае», нарубае дроў, воз лык накладзе, у горад адвязе, — і хлебца прыпасе. Можна было жыць: што Бога гнявіць![3]. |
Адначасова яна працавала над «пералажэньнямі» баек Крылова на беларускую мову. Па сутнасьці, гэта былі не пераклады, а пераробкі-перапрацоўкі, творы ў многім самастойныя. Выклаўшы сюжэт байкі Крылова, Косіч пераходзіла потым на блізкія сытуацыі з бытавога і грамадзкага жыцьця роднай вёскі. У яе творах парушаны байкавы памер — вольны верш[4].
Уздумаў Воўк у дарогу сабірацца Прыходзіць ён зь зязюляй папрашчацца — Не ноч мая тут, кажа, — жыць! Ну ды й народ! Вор на вару! Усё б ён біў ды грабіў; Хоць сам пан-чорт — І той яму б ня ўладзіў. Воўк і зязюля[5]. |
У 1901 г. перадала рукапіс сваіх пералажэньняў 11 баек Крылова ў кіеўскую цэнзуру. Рукапіс разглядаўся ў Галоўным упраўленьні па справах друку, ва ўпраўленьні Віленскай навучальнай акругі. Рукапіс забаранілі, але нейкім чынам у 1903 року Марыі Мікалаеўне ўдалося выдаць сваю кнігу ў друкарні Чарнігаўскага земства.
У 1902 р. зьвярнулася да Льва Талстога з просьбай дазволіць ёй перакласьці на «беларускую гаворку» яго камэдыю «Першы вінакур, або як чарцянё акрайчык заслужыла». У якасьці ўзору мовы да пісьма былі прыкладзены пералажэньні баек Крылова «Лебедзь, рак і шчука» і народных песень «літвінаў-беларусаў». Л. Талстой даў згоду на пераклад, ягоны рукапіс М. Косіч накіравала ў віленскую цэнзуру, якая дазволу на друкаваньне камэдыі ня дала.
Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» ўзяла на свой склад і прадавала кнігі Косіч[6].
Асобныя яе рукапісы і аўтографы зьберагаюцца ў сховішчах Менску, Кіеву, Масквы, Санкт-Пецярбургу. Невялікія творы альбо ўрыўкі зь іх некалькі разоў зьмяшчаліся ў разнастайных хрэстаматыях, але буйныя работы дагэтуль не перадрукаваныя.
Ацэнкі дзейнасьці
рэдагавацьЯўхім Карскі ў сваёй рабоце «Беларусы» ацаніў Марыю Мікалаеўну наступным чынам: Гаворачы пра А. Ельскага, немагчыма не прыгадаць і дзейнасьць іншага народалюбца, зьвязанага з этнаграфічным вывучэньнем Чарнігаўскай Беларусі. Маю на ўвазе даволі вядомую дасьледчыцу М. М. Косіч, якая ў 1902 г. выпусьціла «Літвіны беларусы Чарнігаўскай губэрні, іх быт і песьні»… — даволі каштоўную этнаграфічную працу. З штучных твораў, якія належаць яе пяру і маюць на мэце асьвету народу, адзначым дзьве брашуры: 1. На піресялення. Расказ цёткі Домны з Палесься. Чарнігаў, 1903… К(ошт)10 к(ап). Верш пачынаецца з апісаньня вёскі і яе ваколіц. Апісваецца клімат, адлюстроўваецца мясцовае жыцьцё.
У вершы шмат пачуцьцяў, безумоўна праводзіцца добрая думка, але замала складу, не заўважна знаёмства з тэхнікай верша, яшчэ больш памылак друку, як і ў асноўнай этнаграфічнай рабоце аўтара, назва якой прыведзена вышэй.
2. У тым жа родзе, што датычыцца вершаў, і брашура «Пералажэньне некаторых баек Крылова на беларускае нарэчча». Чарн(ігаў). 1903… К(ошт)15 к(ап). Да перакладаў і пераробак часта далучаныя павучаньні і высновы, якія маюць злабадзённы мясцовы характар. У якасьці высновы аўтар закранае недахопы ў справах мясцовых грамадзкіх установаў[7].
Салідарызуецца з Карскім і беларускі літаратуразнавец Янка Казека: …«пералажэнні» М. Косіч, як і іншыя яе працы, ня страцілі сваёй этнаграфічнай цікавасьці. І ў «пералажэньнях» крылоўскіх баек ёсьць цікавыя дэталі этнаграфічнага характару; напісаны гэтыя творы з захаваньнем асаблівасьцей гаворкі беларускага насельніцтва былых Мглінскага і Сураскага паветаў (цяпер Бранскай вобласьці).
«Пералажэньні» Марыі Косіч у мастацкіх адносінах досыць прымітыўныя. Прыстасаваўшы крылоўскія байкі да тых ці іншых мясцовых здарэньняў, пісьменьніца зьбядніла і здрабніла іх зьмест, пазбавіла іх вострай грамадзкай накіраванасьці і сатырычнай сілы. …не магла наша літаратура, якая мела ўжо «Тараса на Парнасе», «Пінскую шляхту», «Дудку беларускую» і «Смык беларускі», лічыць гэтыя «пералажэньні» сваім значным здабыткам[8].
А вось ацэнка беларускім паэтам Нілам Гілевічам песеннага матэрыяла, сабранага беларускай «прагрэсіўнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай фальклярысткай»: 'Песенны матэрыял, сабраны Косіч, вельмі разнастайны ў жанравых і тэматычных адносінах. Абрадавая лірыка ахоплівае бадай што ўсе вядомыя этнаграфічныя рубрыкі. Шырока пададзена таксама сямейна-бытавая лірыка, салдацкія і рэкруцкія песьні («на прызывы»), баляды, розныя хлапечыя песьні, затым — гульнёвыя, турэмныя і гістарычныя («Пра Платона-казака»). Вельмі многа песень і прыпевак жартоўных, вясёлых — яны аб’яднаныя пад загалоўкам «Ігрышчы або вечарніцы».
З каляндарна-абрадавых песень хочацца адзначыць цудоўны варыянт папулярнай і сёньня купальскай песьні «Ой рана на Йвана».
Ой рана на Йвана Проці Йвана ночка мала, Йдзе Купала начавала? Начавала ў чыстым полі У чыстым полі ў густом жыці Што Купала вячэрала? Вячэрала варэнікі Чым Купала запівала? Запівала гарэлачкай. [9]. |
Такім чынам, большасьць дасьледчыкаў, высока ацэньваючы этнаграфічную частку яе працы, лічаць літаратурную творчасьць Марыі Мікалаеўны дастаткова аматарскай.
Дадатковыя зьвесткі
рэдагавацьУ 1909 року адна зь першых беларускіх перакладчыц Тэрэза Гардзялкоўская прасіла рэдакцыю «Нашай Нівы» выслаць ёй кнігі Марыі Косіч «На перасяленьне» і «Басьні Крылова на беларускую мову пераложанныя»[10].
Адзін зь піянэраў беларускага руху, Антон Луцкевіч, так напісаў пра яе:
Вось жа, ня дзіва, што беларускі адраджэнскі рух у першыя гады свайго існаваньня налічвае ў сваіх радах дужа мала дзяўчат і кабет беларускіх. Праўда, ужо ў канцы 90-х гадоў мінулага сталецьця зьяўляюцца ў беларускай літаратуры першыя жаноцкія імёны, да якіх належыць, прыкладам, Марыя Косіч, аўтар этнаграфічных прац аб беларусах Чарнігаўшчыны і апавяданьняў, ды перакладчыца баек Крылова. але гэта яшчэ адзінкі — прадстаўніцы старэйшых інтэлігентных пакаленьняў, сярод якіх ніколі не заміраў нейкі асаблівы «сантымэнт» да беларушчыны | ||
—Антон Луцкевіч, [11] |
Бібліяграфія
рэдагаваць- Косич М. Н. На пирисяленьня. Рассказ тётки Домны из Полесья. Чернигов, 1903.
- Косич М. Н. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни // Живая старина, Вып. II, СПб, 1901, С. 221—260.
- Косич М. Н. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни // Живая старина, Вып. III—IV, СПб, 1901, С.1 — 88.
- Косич М. Н. О постройках белорусского крестьянина Черниговской губернии, Мглинского уезда: деревни Бородинки и Амелькина хутора // Живая старина. Вып. I, 1906, С. 74 — 93.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Расторгуев П. А. Северско-белорусский говор. Ленинград, 1927. С. 49
- ^ Мы маем шэраг крыніц, якія ўтрымліваюць фальклёрныя запісы, даюць магчымасьць зазірнуць у мінулае слоўніка, аддаленае ад нас пэрыядам часу ў 100 і больш гадоў. Якая каштоўнасьць гэтых крыніц як лексікаграфічных матэрыялаў? Вядома, ня ўсе яны аднолькавай каштоўнасьці. Найбольшае значэньне, як па аб’ёме, так і па якасьці матэрыялу мае мае работа М. М. Косіч «Літвіны-беларусы Чарнігаўскай губэрні». Запісы рабіліся амаль выключна паводле словаў асоб жаночага полу ва ўзросьце да 78 гадоў, прычым пераважна ад асоб ва ўзросьце ад 40 да 65 гадоў. З указанай колькасьці запісаў толькі 35 зроблены паводле словаў маладых людзей ва ўзросьце ад 16 да 25 гадоў. Запісы рабіліся ў розныя часы; найбольш раньнія зь іх адносяцца да 50-х гг. ХІХ ст., пазьнейшыя — да канца стагодзьдзя. Найбольшая колькасьць запісаў прыходзіцца на 90-я гг. ХІХ ст. Мэта працы М. М. Косіч — літаратурна-этнаграфічная: паказаць, як у песьнях адлюстраваліся розныя бакі сялянскага быту. Але не без цікавасьці яна ставіцца і да мовы запісаў, у прыватнаьсці да слоўнікавага складу. Ёй указана (у тэксьце і зносках) значэньне многіх слоў: барджэй, магерка, брыль, мушкаваны, хліп, бурдзяны, шапавал, намётка, ксьціны, брахнійка, прыкліка, абыдзень і інш. Расторгуев П. А. Словарь народных говоров Западной Брянщины. Мн., 1973. С. 13—14.
- ^ Гарэцкі М. І. Хрэстаматыя беларускай літаратуры. Вільня, 1922. С. 242.
- ^ Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. Мн., 1971. С. 368.
- ^ .Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. Мн., 1971. С. 327.
- ^ Supołka «Zahlanie sonca i u naše wakonce» wydała pokul što i pradaje…// Nasza Niwa, 1908, № 11, С. 8
- ^ Е. Ф. Карский. Белорусы. Т. III. Очерки словесности белорусского племени. Кн. 3. Художественная литература на народном наречии. — Петроград. 1922. С. 140—142
- ^ Казека Я. Беларуская байка. Мн., 1960. С. 56
- ^ . Паводле Гілевіч Н. С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 104—105.
- ^ Беларускі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1, Спр. 73, Арк. 64.)
- ^ Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленне. Вільня — Беласток, 2009. С. 312
Літаратура
рэдагаваць- Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленне. Вільня — Беласток, 2009. С. 312, 370.
- Бас І. Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследванні. Мн., 1969.
- Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. Мн., 1971. С. 327—330, 368.
- Казека Я. Беларуская байка. Мн., 1960. С. 48 — 56.
- Карский Е. Белорусы. Т. III. Вып. 3. Петроград. 1922. С. 140—142
- Гарэцкі М. І. Хрэстаматыя беларускай літаратуры. Вільня, 1922. С. 242.
- Гілевіч Н. С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 103—106.
- Кісялёў Г. В. Косіч Марыя // Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік. У 6 Т. Т. 3. — Мн. 1994. — С. 386—387.
- Пятроўская Г. А. Косіч Марыя Мікалаеўна // Беларуская энцыклапедыя. У 18 Т. Т. 8. Мн., 1999. — С. 430.
- Расторгуев П. А. Северско-белорусский говор. Ленинград. 1927.
- Расторгуев П. А. Словарь народных говоров Западной Брянщины. Мн., 1973.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьМарыя Косіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Катлярчук А. Беларусы Бранскага краю: Этнічная гісторыя і сучаснасць // Arche № 2(16), 2001.
- Мария Косич з кн. Тихая моя Родина. Брянск, 1997.
- Бібліятэка сайту Беларуская Смаленшчына. Творы Марыі Мікалаеўны Косіч у электронным выглядзе