Македонская біржа
«Македо́нская бі́ржа» — фондавая біржа Паўночнай Македоніі, заснаваная ў верасьні 1995 году.
«Македонская біржа» | |
мак. Македонска берза | |
Тып | фондавая |
---|---|
Разьмяшчэньне | Скоп’е, Паўночная Македонія |
Заснаваная | 13 верасьня 1995 (29 гадоў таму) |
Ключавыя асобы | Тоні Стаяноўскі (старшыня)[1] |
Валюта | македонскі дэнар[2] |
Колькасьць лістынгаў | 94 (16.IV.2022)[3] |
РынКап | ▼179 млрд дэнараў (30.ХІІ.2020) |
Аб'ём | ▲8,195 млрд дэнараў (2020 год)[4] |
Індэксы | «МБІ10», «АМБ» |
Сайт | mse.mk |
На 2022 год месьцілася ў Скоп’і па вуліцы Орцэ Нікалава, д. 75. Мела поўную назву «Македонская біржа каштоўных папераў» («МБКП»)[5]. Рада кіраўнікоў біржы ўтварала 3 камісіі: 1) расцэнак, 2) дысцыплінарную, 3) трацейскую[1]. Ад 9 верасьня 2018 году гандлявалі ў будні а 9:00—14:00. Разьлічваліся за каштоўныя паперы на 2-і працоўны дзень пасьля заключэньня ўгоды[2].
Рынкі
рэдагавацьНа 2022 год «Македонская біржа» ўлучала ў «Звышрасцэнку» паёў толькі «Камэрцыйны банк Скоп’я», у «Біржавую расцэнку» — паі 24-х прадпрыемстваў, а ў «Абавязковую расцэнку» — 69 прадпрыемстваў[3]. Расцэнку аблігацыяў на біржы мелі ўрад Паўночнай Македоніі, «ТТК Банк» і «Цэнтральны каапэратыўны банк»[6]. На Вольным рынку «Македонскай біржы» абарачаліся паі 45 прадпрыемстваў[7].
«Македонская біржа» дапускала ў рынкавы разьдзел «Расцэнка малых акцыйных таварыстваў» прадпрыемствы з капіталам ад 250 000 эўра і праверанай грашовай справаздачай за папярэдні год. Паводле Закону Паўночнай Македоніі 2013 году «Аб каштоўных паперах», у «Абавязковую расцэнку» ўносілі прадпрыемствы з праверанай справаздачнасьцю за 2 папярэднія гады, капіталам ад 1 млн эўра, прынамсі 50 пайшчыкамі і прынамсі 1 % паёў у вольным абарачэньні на біржы. У «Біржавую расцэнку» траплялі прадпрыемствы з капіталам ад 5 млн эўра, прынамсі 100 пайшчыкаў і прынамсі 10 % паёў у вольным абарачэньні. Да «Звышрасцэнку» маглі належаць паі прадпрыемства з праверанай справаздачнасьцю за 3 гады, капіталам ад 10 млн эўра, прынамсі 200 пайшчыкаў і прынамсі 20 % паёў у вольным абарачэньні[8]. Для разьмяшчэньня аблігацыяў у разьдзеле рынку «Біржавая расцэнка» патрабавалася правераная грашовая справаздачнасьць прадпрыемства за папярэднія 3 гады, вартасьць выпуску ад 500 000 эўра і прынамсі 50 уласьнікаў аблігацыяў. Для разьмяшчэньня кароткатэрміновых аблігацыяў патрабавалі справаздачнасьць за 2 гады, капітал ад 5 млн эўра і вартасьць іх выпуску ад 500 000 эўра[9].
Урэшце, на біржы гандлявалі паямі 619 адкрытых інвэстыцыйных фондаў[10].
Паслугі
рэдагавацьНа 2022 год «Македонская біржа» распаўсюджвала 6 відаў зьвестак пра біржавы гандаль: 1) бягучы стан гандлю, 2) стан гандлю з затрымкай да 15 хвілінаў, 3) вынік гандлёвага дня, 4) апрацаваны вынік гандлю, 5) вынікі даўнейшага гандлю паводле пэрыядаў, 6) справаздачы і навіны расцэнкавых прадпрыемстваў[11]. Таксама біржа выпускала праграмы:
- «БЭСГ Нэт» для імгненнага кругласодневага агляду — 1) статыстыкі гандлю паямі і аблігацыямі, 2) рынкавых цэнаў у зьмяненьні, 3) угодаў паводле брокераў;
- «МБ Нэт» ад 2006 году для прагляду бягучага і мінулага гандлю кожнай каштоўнай паперай паводле віду і разьдзелу рынку, а таксама бягучага значэньня біржавога індэксу «МБІ10»;
- «БЭСГНэт Аналітыка» за штогадовую плату ў 18 000 дэнараў для — 1) фундамэнтальнага аналізу паёў звыш 100 прадпрыемстваў паводле 70 грашовых паказьнікаў за 3 гады ў дэнарах, эўра і далярах ЗША ад балянсу да выплачаных дывідэндаў, 2) тэхнічнага анілізу звыш 40 паказьнікаў у графічным прадстаўленьні паводле цаны каштоўнай паперы, 3) кіраваньня ўкладаньнямі ў партфоліё з мадэляваньнем прыбытковасьці[12].
Для канчатковых карыстальнікаў выпускалі дадатак «еТрэйдэр», які дазваляў адпраўляць электронны заказ брокеру празь Сеціва[13]. На смартфон магчыма было ўсталяваць «мТрэйдэр», які дазваляў запоўніць заказ брокеру, а таксама паглядзець склад партфоліё ды рынкавыя зьвесткі[14]. Сярод іншага, «Македонская біржа» пастаўляла вэб-дадатак «Квіток» для разьмяшчэньня на сайтах цаны каштоўных папераў і адсотку яе зьмяненьня з затрымкай да 15 хвілінаў[15].
Індэксы
рэдагавацьНа 2022 год «Македонская біржа» вылічала 2 індэксы:
- «МБІ10». Цэнавы індэкс, які пачаў вылічацца 4 студзеня 2005 году ад 10 000 пунктаў з узважваньнем праз рынкавую капіталізацыю паёў у вольным абарачэньні на біржы. Абнаўляўся двойчы на год Камісіяй біржавых індэксаў. Складаўся з паёў 10 найбольшых прадпрыемстваў на Афіцыйным рынку[16]. На 16 красавіка 2022 году налічваў 6068,48 пунктаў і меў рынкавую капіталізацыю ў 155,289 млрд дэнараў[17].
- «АМБ». Цэнавы індэкс аблігацыяў, які вылічаюць з 30 чэрвеня 2006 году ад 100 пунктаў. Узважаны паводле абарачэньня. Долю аднаго выпуску аблігацыяў абмяжоўвалі 30 % індэксу[18]. На 16 красавіка 2022 году налічваў 132,66 пунктаў і меў рынкавую капіталізацыю ў 2,885 млрд дэнараў[19].
Сяброўства
рэдагавацьНа 2022 год «Македонская біржа» налічвала 10 сябраў: «Ашчадны банк Скоп’я», «Гаспадарчы банк Скоп’я», «Ілірыйскія ўкладаньні», «Інвэстброкер», «Інова Брокер», «Камэрцыйны банк Скоп’я», «Новы люблянскі банк» (Славенія), «ТТК банк», «Фершпед брокер» і «Эўрагаўс»[20]. Яны мелі прынамсі па 2 упаўнаважныя брокеры ў кожны працоўны дзень біржы[21] з падлучэньнем да «Біржавой электроннай сыстэмы гандлю» («БЭСГ»)[22]. Брокерскія дамы плацілі біржы 0,1 % ад вартасьці гандлю паямі прадпрыемстваў і 0,025 % ад вартасьці аблігацыяў[23].
Мінуўшчына
рэдагаваць13 верасьня 1995 году ў Скоп’і адбыўся Ўстаноўчы сход АТ «Македонская біржа». У якасьці заснавальнікаў біржы выступілі 19 юрыдычных асобаў, сярод якіх было 13 банкаў, а таксама па 3 страхавыя прадпрыемствы і ашчадныя касы. Фонд вытворчых таямніцаў Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі вылучыў ураду Македоніі тэхнічную дапамогу ў навучаньні 1-га пакаленьня брокераў. 28 сакавіка 1996 году адбыўся 1-ы дзень гандлю на «Македонскай біржы», які адкрыў македонскі прэзыдэнт Кіра Глігараў. Гандаль ладзілі двойчы на тыдзень па аўторках і чацьверах. 16 кастрычніка 1996 году «Македонская біржа» стала паўнапраўнай удзельніцай Саюзу эўразійскіх фондавых біржаў (СЭФБ; Турэччына). 17 кастрычніка 1996 году дасягнулі абарачэньня ў 5,521 млн македонскіх дэнараў. У 1998 годзе Парлямэнт Македоніі ўхваліў новы Закон «Аб каштоўных паперах», паводле якога на біржы ўвялі гандлёвыя абавязкі. Таксама «Македонская біржа» запусьціла ўласную вэб-бачыну і ўкараніла блёкавыя ўгоды. За 1998 год 78 % сукупнага абарачэньня біржы памерам каля 3,7 млрд дэнараў склаў гандаль паямі такіх 3-х прадпрыемстваў, як «Халодная пракатніца Скоп’я», «Усенская цэмэнтарніца» і «Бровар Скоп’я». У 1999—2000 гадох гандаль дзяржаўнымі паямі ажыцьцямілі за 107 угодаў на агульную суму ў блізу 4,4 млрд дэнараў. 25 красавіка 2001 году ўкаранілі «Біржавую электронную сыстэму гандлю» («БЭСГ») ад «Люблянскай біржы» (Славенія), пасьля чаго гандаль на біржавой пляцоўцы спынілі. У 2001 годзе запрацаваў Цэнтральны дэпазытар, што дазволіла дэматэрыялізаваць каштоўныя паперы. Таксама ў 2001 годзе ў Македоніі ўхвалілі Закон «Аб інвэстыцыйных фондах». 1 лістапада 2001 году пачалі вылічаць «Македонскі біржавы індэкс» («МБІ»), які склалі 5 найбольш ліквідных паёў такіх прадпрыемстваў, як «Алькалёід Скоп’я», «Эўропа Скоп’я», «Камэрцыйны банк Скоп’я», «Маркетпол» і «Ацяпленьне Скоп’я». МБІ быў цэнавым і няўзважаным індэксам[24].
У сьнежні 2002 году на афіцыйным рынку «Македонскай біржы» вылічалі расцэнкі на паі 78 акцыйных таварыстваў, рынкавая капіталізацыя якіх дасягнула 219 млн эўра. Таксама стварылі расцэнку 1-га выпуску аблігацыяў дэнацыяналізацыі ў Македоніі, пасьля чаго пачаўся гандаль дзяржаўнымі канвэрсавальнымі пасьведчаньнямі. У 2002 годзе ўпершыню выпусьцілі электроннае выданьне «Факты пра расцэнкавыя прадпрыемствы», якое зьмяшчала іх грашовую справаздачнасьць. У студзені 2005 году пачалі разьлічваць індэкс «МБІ10», у які ўлучылі паі 10 такіх прадпрыемстваў, як: «Алькалёід Скоп’я», «Ацяпленьне Скоп’я», «Камэрцыйны банк Скоп’я», «Маркетпол», «Скопскі рынак», «Гаспадарчы банк Біталы», «Граніт Скоп’я», «Македоніятурыст», «Эўропа Скоп’я» і «Охрыдзкі банк». У 2006-м на «Македонскай біржы» пачалі гандляваць штодня. За 2007 год сукупнае абарачэньне біржы дасягнула 682 млн эўра. «МБІ10» вырас са 100 пунктаў пры ўвядзеньні ў 2005 годзе да 10 057 пунктаў у 2007-м. Гэтая зьява атрымала назву «Македонскай біржавой вясны». У 2007 годзе для падачы зьвестак прадпрыемствамі ўкаранілі апраграмаваньне «СЭІ Нэт», а таксама стварылі разьдзел рынку «Звышрасцэнка». За 2008 год «МБІ10» вырас на 70 %. Сярод іншага, укаранілі «БЭСГ» на падставе Фікс-пратаколу і з даданьнем аналітыкі з 3-х модуляў — «Тэхнічны аналіз», «Фундамэнтальны аналіз» і «Маё партфоліё». У 2010 годзе «Македонская біржа» стварыла Асяродак падрыхтоўкі. Пры гэтым, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР; Ангельшчына) аказаў падтрымку ў падрыхтоўцы падрычніка «Гандаль каштоўнымі паперамі». У 2013 годзе стварылі разьдзел рынку «Абавязковая расцэнка». На сьнежань 2013 году на афіцыйным рынку біржы гандлявалі паямі 116 прадпрыемстваў, рынкавая капіталізацыя якіх дасягнула 1,6 млрд эўра. У 2016 годзе пры падтрымцы ЭБРР запусьцілі плятформу «Повязь СУЭ». Гэта дазволіла брокерам і ўкладальнікам гандляваць паямі каля 400 прадпрыемстваў з агульнай капіталізацыяй на 30 млрд эўра, якія разьмясьцілі на 3-х біржах Балканаў — Баўгарскай (Сафія), Заграбскай (Харватыя) і Македонскай[24].
У 2020 годзе выручка АТ «Македонская біржа» вырасла да 45,4 млн дэнараў, а прыбытак скараціўся да 13,3 млн дэнараў[25]. Звыш паловы (57 %) выручкі атрымалі ад гандлёвых збораў. Яшчэ 17 % склалі даходы ад расцэнак на паі прадпрыемстваў і 6 % — ад укладаньняў, а таксама 4 % — зборы з брокерскіх дамоў за сяброўства на біржы. За 2020 год абсяг гандлю на біржы вырас на 6 % да 8,195 млрд дэнараў (132,9 млн эўра). Пры гэтым, гандаль паямі прадпрыемстваў павялічыўся на 49 % да 5,681 млрд дэнараў (92,1 млн эўра), а гандаль аблігацыямі ўпаў на 21 % да 284 млн дэнараў (4,6 млн эўра). Пры канцы 2020 году на Афіцыйным рынку біржы гандлявалі паямі 100 прадпрыемстваў, зь якіх 27 у разьдзеле «Звышрасцэнкі» і 73 у разьдзеле «Абавязковай расцэнкі». За 2020 год рынкавая капіталізацыя паёў на біржы зьнізілася на 1,25 % да 179 млрд дэнараў (2,91 млрд эўра), што складала 26,9 % сукупнага ўнутранага прадукту Паўночнай Македоніі. Адначасна капіталізацыя аблігацыяў павялічылася больш як у 2,5 разы да 13,36 млрд дэнараў (217,3 млн эўра)[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Арганізацыя біржы (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ а б Гандаль (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ а б Расцэнка паёў (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ а б Справаздача аб працы за 2020 год (макед.) // АТ «Македонская біржа», сакавік 2021 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Сувязныя зьвесткі (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Расцэнка аблігацыяў (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Вольны рынак (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Вольны рынак (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Расцэнка на Афіцыйным рынку (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Адкрытыя інвэстыцыйныя фонды (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Распаўсюд зьвестак (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Вырабы біржы (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ еТрэйдэр (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ мТрэйдэр (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Квіток біржы (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Будова індэксу «МБІ10» (макед.) // АТ «Македонская біржа», 30 сьнежня 2021 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Вартасьць індэксу «МБІ10» (макед.) // АТ «Македонская біржа», 16 красавіка 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Будова і разьлік індэксу «АМБ» (макед.) // АТ «Македонская біржа», 30 сьнежня 2021 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Вартасьць індэксу «МБІ10» (макед.) // АТ «Македонская біржа», 16 красавіка 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Сьпіс сябраў (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Умовы прыёму ў сябры (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Умовы безупыннага сяброўства (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Коста Кастоўскі. Тарыфнік (макед.) // АТ «Македонская біржа», 20 студзеня 2020 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ а б Гісторыя (макед.) // АТ «Македонская біржа», 2017 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Фінансавая справаздача за 2020 год з высновамі незалежнага рэвізора (макед.) // АТ «Македонская біржа», 16 сакавіка 2021 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Апошнія навіны (макед.) // АТ «Македонская біржа», 14 красавіка 2022 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |