МАЗ 303Е

нізкападлогавы электробус, які вырабляе «Менскі аўтамабільны завод»

«МАЗ 303Е»[1] — нізкападлогавы электробус, які вырабляе «Менскі аўтамабільны завод» зь 2020 году.

«МАЗ 303Е»
Агульныя зьвесткі
Вытворца«Менскі аўтамабільны завод»
Гады вытворчасьці зь 2020-га
Месца вытворчасьці Менск (Беларусь)
Зьнешні выгляд
Кляса аўтобус
Кузаў апорны, 3-дзьверны
Кампанаваньне вагоннае, заднерухавіковае
Колькасьць дзьвярэй
Сілавы блёк
Электрарухавік асынхронны 3-фазны: 650 вольт
Ёмістасьць 285 кіляват·гадзіна
Выходная магутнасьць 200 кіляват
Трансьмісія мэханічная
Электраакумулятар літ-жалеза-фасфатны: 412 ампэр-гадзіна
Запас акумулятару 300 км
Тып зарадкі камбінаваная з 2-ма разэткамі: 4 гадзіны
Прывад задні (4х2)
Габарыты
Колавая база 615 см
Даўжыня 1243 см
Шырыня 255 см
Вышыня 330 см
Клірэнс 32 см
Маса 11 865 кг
Поўная маса 18 000 кг
Максымальная хуткасьць 100 км/гадзіна
Гісторыя
Папярэднік «МАЗ 303»

Аснашчаўся літ-жалеза-фасфатнымі батарэямі-назапашвальнікамі. Магутнасьць рухавіка складала 272 конскія сілы[2].

Вытворчасьць рэдагаваць

14 студзеня 2020 году электробус «МАЗ 303Е10» прайшоў выпрабаваньні і атрымаў «Ухваленьне тыпу транспартнага сродку» («УТТС»)[3]. 5 траўня 2020 году кіраўнік «Менскага аўтамабільнага заводу» Валер Іванковіч паведаміў пра выпуск 1-х досьледных узораў нізкападлогавага электробуса «МАЗ 303Е10». Электробус вырабілі на аснове мадэлі «МАЗ 303». Акумулятарная батарэя мела ёмістасьць 412 ампэр/гадзіна, што давала запас ходу да 300 км[4]. На даху электробуса «МАЗ 303Е10» стварылі гарбінку, якая абыгрывала сілуэт зубра. Плошчу панарамнага шкленьня павялічылі амаль на траціну. Каркас вырабілі зь нержавейных сталёвых трубаў са спэцпрофілем для апоры. Для зьмяншэньня выдаткаў на рамонт панэлі вырабілі з алюміну і плястыку. Для зьмяншэньня шуму сілавую ўстаноўку разьмясьціцілі над панэлямі. Электрарухавік «ЦэТракс» магутнасьцю 300 кіляватаў паставіў «Фрыдрыхсгафэнскі завод шасьцерняў» (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг, Нямеччына). Батарэю-накапляльнік сілкавалі ад аўтаномнага трансфарматара напругай 380 вольтаў на станцыях з раздымам камбінаванай зарадкі з 2-ма разэткамі. На зарадку патрабавалася да 4 гадзінаў. Даўжыня электробуса «МАЗ 303Е» склала 12,43 мэтры, шырыня — 2,55 мэтры, а вышыня — 3,3 мэтры. У салёне маглі разьмясьціць больш за 70 чалавек, зь іх да 30 на сядзеньнях і 14 у безбар’ернай зоне. Салён меў бескантактнае супрацьзазямленьне і высоўны пандус для інвалідных калясак. Усе шэрагі сядзеньняў аснасьцілі падзарадкай для смартфонаў. Электрычны кандыцыянэр працаваў на абагрэў і ахаладжэньне. Месца кіроўцы абсталявалі лічбавай панэльлю прыбораў. На экран выводзілі дадзеныя з чуйнікаў дажджу і сьвятла, а таксама з сыстэмаў электронна-кіраванай пнэўматычнай падвескі і электроннага тормазу. Усе бартавыя прылады забясьпечваліся аўтадыягностыкай праз электроннае кіраваньне[5]. Напруга электрапрываду складала каля 600 вольтаў[6].

5 студзеня 2021 году «Менскі аўтазавод» адчыніў у Жодзіне зборачную вытворчасьць электратранспарту. Яе гадавая магутнасьць склала звыш 300 самаходаў, а плошча — звыш 0,66 га. Сярод іншага вытворчасьць прызначалася для зборкі электробусаў «МАЗ 303Е» паводле поўнага цыклю са зваркай, рэгуляваньнем і фарбаваньнем. Таксама прадугледзелі ўчасткі для наладкі кіраваньня, дыягностыкі электронікі, нагляду і прыёмкі. Цыкль вытворчасьці прадугледжваў: устаноўку восяў і колаў на пададзеныя каркасы, рыхтоўку кузава, ашалёўку адсека рухавіка, устаноўку вузлоў і агрэгатаў электрапрывада. На ўчастку абліцоўваньня мелі мацаваць унутраную і вонкавую ашалёўку, прыварваць дах і ўсталёўваць падлогу. Затым выраб перадавалі на афарбоўку і сушку. У наступным усталёўвалі падлогавае пакрыцьцё і шыбы, акумулятарныя батарэі і вонкавае электраабсталяваньне. Пасьля мацавалі дзьверы і аварыйныя люкі. Затым электробус мелі падаць на ўчастак адладкі і даводкі мэханізмаў, а дно апрацаваць супраць іржавеньня. Урэшце, праводзілася абкатка з наступным аглядам і прыёмкай[7].

9 лютага 2021 году «Менсктранс» паведаміў пра заказ пастаўкі 4-х электробусаў «МАЗ 303Е» ў траўні[8]. 18 лютага 2021 году «Менскі аўтазавод» прадставіў электробус у Кіеве. Запас ходу дасягаў 320 км пры батарэі ёмістасьцю 285 кіляват-гадзіна. У салёне зьмяшчалася 72 чалавекі. Вышыня ўваходу складала 32 см ад зямлі. У электробуса налічвалася 12 батарэяў на даху і 6 — у адсеку рухавіка. Іх тэрмін працы разьлічылі на 3000 цыкляў зарадкі[9]. 5 траўня 2021 году «МАЗ» паставіў першыя 10 электробусаў у абласныя цэнтры Беларусі, зь іх 4 у транспартны парк № 1 «Менсктрансу». Пры гэтым, для Менску іх пафарбавалі ў жоўтае адценьне, а для 5 абласных цэнтраў — зялёнае. Электробус «МАЗ 303Е» распрацавалі канструктары «МАЗу» ў супрацы з Аб’яднаным інстытутам машынабудаваньня НАНБ[3].

12—14 траўня 2021 году «МАЗ» прадставіў электробус на міжнароднай выставе «ЭлектраТранс-2021» у Маскве[10]. 15 траўня 2021 году «МАЗ 303Е» прыехаў зь Менску ў гарадзенскі аўтапарк з 30%-вым запасам ходу, хоць Горадня знаходзіцца за 300 км ад Менску[11]. 2 жніўня 2021 году тэхнічны кіраўнік «Менскага аўтазаводу» Аляксандар Краўчанка заявіў: «Пакуль электробус ад «МАЗу» на 60 % імпартны. А траціна ад кошту — гэта батарэя. Беларускія на сёньня кузаў, элемэнты электрыкі і электронікі»[12].

Уласьцівасьці рэдагаваць

Каляіна колаў: пярэдніх — 209—217 см, а задніх — 186—188 см. Найбольшая дапушчальная маса на вось: пярэднюю — 6500 кг, заднюю — 11 500 кг.

Электрарухавік зьменнага току «ЦэТракс СХ 220 110 В» (30 хвіл. 175 кіляват) вытворчасьці нямецкага АТ «Фрыдрыхсгафэнскі завод шасьцерняў» (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг). Літ-жалеза-фасфатны накапляльнік «KBE-412-038-00» (1400—2430 кг) вытворчасьці нямецкага ТАА «Гэла» (Ліпштат, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія).

Мэханічная трансьмісія з гіпоідным відам галоўнай перадачы: перадатачны лік — 5,86. Залежная, пнэўматычная падвеска мела па 2 прадольныя рэактыўныя і V-падобна-разьмешчаныя штангі: пярэдняя вось — 2-балённая з каванай бэлькай, 2-ма тэлескапічнымі амартызатарамі і чуйнікам узроўню падлогі; задняя вось — 4-балённая з 4-ма амартызатарамі і 2-ма чуйнікамі ўзроўню падлогі.

Стырно з гідраўзмацняльнікам: мэханізм «шруба-кулявы гаёк-рэйка-сэктар» вытворчасьці «Фрыдрыхсгафэнскага заводу шасьцерняў». Тормаз:

  • працоўны — пнэўматычны, 2-контурны (1-ы контур — пярэдняя вось, 2-і — задняя вось), з антыблякавальнікам і супрацьбуксавальнай сыстэмай, дыскавы мэханізм;
  • запасны — адзін з контураў працоўнага;
  • стаяначны — прывад ад спружынных энэргаакумулятараў да тармазных мэханізмаў задняй восі;
  • дапаможны (зносаўстойлівы) — электрадынамічнае рэкупэратыўнае тармажэньне ад прываднога электрарухавіка.

Шыны памерам 275/70 R 22,5: найбольшая дапушчальная нагрузка 149/145 (3250 кг / 2900 кг), катэгорыя хуткасьці J (100 км/гадзіна)[13].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Сяргей Паддубка. Ухваленьне тыпу транспартнага сродку «TC BY E-BY. 117. 00067» (рас.) // Рэестар дакумэнтаў пра пацьверджаньне адпаведнасьці Рэспублікі Беларусь, 14 студзеня 2020 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  2. ^ «МАЗ 303E10» (рас.) // ААТ «Менскі аўтамабільны завод», 2022 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ а б Сяргей Куркач. «Зялёны» парк гарадзкіх аўтобусаў // Зьвязда : газэта. — 13 траўня 2021. — № 88 (29457). — С. 1, 12. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Лукашэнка даручыў на практыцы вывучыць эксплюатацыю электробусаў вытворчасьці «МАЗ» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 5 траўня 2020 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  5. ^ «МАЗ» стварыў першы электробус // БелТА, 5 траўня 2020 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  6. ^ Дарогі Беларусі ацэняць у зорках // Газэта «Зьвязда», 27 кастрычніка 2020 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  7. ^ Сяргей Куркач. «МАЗ» адкрыў у Жодзіне новую зборачную вытворчасьць электратранспарту // Газэта «Зьвязда», 5 студзеня 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  8. ^ БелТА. «Менсктранс» у першай палове 2021 года папоўніць парк на 150 тралейбусаў і 280 аўтобусаў // Газэта «Зьвязда», 9 лютага 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  9. ^ «Менскі аўтазавод» прадставіў у Кіеве новы электробус // Газэта «Зьвязда», 18 лютага 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  10. ^ Лукашэнка даручыў на практыцы вывучыць эксплюатацыю электробусаў вытворчасьці «МАЗ» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 траўня 2021 г. Архіўная копія ад 12 траўня 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  11. ^ Мікалай Шлык, газэта «Гарадзенская праўда». Электробус «МАЗ» прыбыў у Горадню зь Менску сваім ходам // Партал «Наша ніва», 15 траўня 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  12. ^ Вера Артэага, газэта «Рэспубліка». Якія зьмены чакаюць сфэру Нацыянальнага электрамабілебудаваньня з уводам БелАЭС // «Рэгіянальная газэта», 2 жніўня 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  13. ^ Сяргей Паддубка. Ухваленьне тыпу транспартнага сродку «TC BY E-BY. 117. 00067» (агульныя характарыстыкі) (рас.) // Рэестар дакумэнтаў пра пацьверджаньне адпаведнасьці Рэспублікі Беларусь, 14 студзеня 2020 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.