Людвік I Вялікі

(Перанакіравана з «Людовік Вугорскі»)

Лю́двік I Вялі́кі (Loys, Lajos, Ludwik Węgierski; 5 сакавіка 1326 — 11 верасьня 1382) — кароль Вугоршчыны (Лаяш, з 1342 году) і Польшчы (Людвік, з 17 лістапада 1370 году).

Людвік I Вялікі
 кароль Вугоршчыны
1342 — 1382
Папярэднік Карл Робэрт Анжуйскі
Наступнік Марыя
кароль Польшчы
17 лістапада 1370 — 1382
Папярэднік Казімер III Вялікі
Наступнік Ядвіга Анжуйская
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 5 сакавіка 1326,
Памёр 10 верасьня 1382 (56 гадоў),
Пахаваны
Нашчадкі Кацярына Вугорская (1370—1378)
Марыя (1371—1395)
Ядвіга Анжуйская
Дынастыя Анжу
Жонкі Маргарэта Люксэмбурская
Лізавета Босьніяцкая
Бацька Карл Робэрт Анжуйскі
Маці Эльжбета Польская (1305—1380)
Узнагароды Залатая Ружа

З францускай дынастыі Анжу. Сын караля Карла Робэрта Анжуйскага і Эльжбеты, сястры польскага караля Казімера III, з 1335 году палітычны саюзьнік апошняга, спадкаемца польскага трону. З 1340 году дапамагаў Казімеру ў барацьбе за Галіцка-Валынскае княства, прасьледуючы пры гэтым вугорскія інтарэсы, што выклікала яго сутыкненьне з валынскім князем Любартам. У лютым 1345 году ўдзельнічаў у бесьпасьпяховым паходзе крыжакоў у бок Трокаў. Прымаў актыўны ўдзел у паходах Казіміра на Валынь, Падляшша й Берасьцейшчыну ў 1349—1351 гадах, цягам якіх вугорскія войскі часова авалодвалі паўднёва-заходнімі землямі Вялікага Княства Літоўскага. Асабліва няўдалай для ВКЛ была вайна ў ліпені — жніўні 1351 году, калі Людвік захапіў у палон Любарта і Кейстута. 15 жніўня 1351 году прымусіў іх падпісаць дагавор, паводле якога ВКЛ мусіла заплаціць вялікі выкуп, адмаўлялася ад прэтэнзіяў на Галічыну. Дагавор вядомы з хронікі ананімнага вугорскага манаха-францысканца, удзельніка выправы Людвіка (магчыма, Янаша Кецьі). Кейстут разам зь Людвікам адправіўся ў Вугоршчыну як гарант дагавора і для хрышчэньня, але здолеў уцячы. У 1354 годзе Людвік паранены пры асадзе літоўскай крэпасьці Белз на захадзе Валыні. Пасьля заняцьця польскага трону ўзнавіў войны з ВКЛ (1372—1377), у выніку якіх Белз і Холм далучаныя да Галічыны (якая пры Людвіку часова ўвайшла ў склад Вугоршчыны, што выклікала незадавальненьне польскіх фэадалаў), а Любарт, як і падольскія князі Аляксандар і Барыс Карыятавічы і ратненскі князь Фёдар Альгердавіч (якому належаў і Кобрынь з акругай) былі вымушаны прызнаць сюзэрэнітэт Вугоршчыны. Некалькі разоў высоўваў праекты хрысьціянізацыі Літвы. Ініцыяваў стварэньне Луцкай каталіцкай япархіі ў 1375 годзе, юрысдыкцыя якой ахоплівала і паўднёва-заходнія землі сучаснай Беларусі, на якія пазьней, у XIVXVIII стагодзьдзях, пашыраліся вугорскія экспансіянісцкія пляны (глядзіце Радноцкі дагавор 1656 году й інш.)

Праўленьне Людвіка супала з «залатым векам» эўрапейскага рыцарства, да пашырэньня ідэалёгіі й эстэтыкі якога ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ён істотна спрычыніўся. Празваны вугорскімі гісторыкамі Вялікім за значнае пашырэньне межаў каралеўства, якое пры ім зазнала росквіт эканомікі і культуры: адчынены першы ўнівэрсытэт у горадзе Пэч, пачаў чаканіцца залаты дукат, які ў XIV—XVI стагодзьдзях адыгрываў ролю рэгіянальнай залатой валюты Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку Літвы («залаты вгорскі»). У 1374 годзе выдаў першы агульнапольскі (Кошыцкі) прывілей, паводле якога шляхце гарантаваўся ўзровень імунітэту, якім дагэтуль карысталіся толькі вышэйшыя фэадалы (асабістая недатыкальнасьць, сымбалічныя падаткі на карысьць дзяржаўнага скарбу й інш.), што паклала пачатак стварэньню асаблівага дзяржаўнага лада Польшчы, а ў будучым і ВКЛ. Пасьля сьмерці Людвіка польскай каралевай была абрана яго дачка Ядвіга.

Літаратура

рэдагаваць
  • Алесь Белы // . — Мн.: .
  • Historiae Hungaricae Fontes Domestici. V. III, Lipsiae, 1884.
  • Dabrowski J. Ostatnie lata Ludwika Wielkiego. — Krakow: 1918.
  • Halecki O. O genezie i znaczeniu rzadow andegawenskich w Polsce // Kwartalnik historyczny. R. 35. Lwow, 1921.
  • Sacerdoteanu A. Lupta moldovenilor cu litvanii in 1377. — Bucuresti: 1936.
  • Шабульдо Ф. М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. — К.: 1987.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць