Людвіг Вітгенштайн
Лю́двіг Ё́зэф Ё́ган Ві́тгенштайн (па-нямецку: Ludwig Josef Johann Wittgenstein; 26 красавіка 1889; Вена — 29 красавіка 1951, Кембрыдж) — аўстра-ангельскі філёзаф, адзін з заснавальнікаў аналітычнай філязофіі і адзін з найяскравейшых мысьляроў XX стагодзьдзя.
Людвіг Вітгенштайн | |
Ludwig Josef Johann Wittgenstein | |
![]() | |
Дата нараджэньня | 26 красавіка 1889 |
---|---|
Месца нараджэньня | Вена, Аўстра-Вугоршчына |
Дата сьмерці | 29 красавіка 1951 |
Месца сьмерці | Кембрыдж, Вялікабрытанія |
Школа/традыцыя | аналітычная філязофія |
Пэрыяд | філязофія XX ст. |
Кірунак | заходняя філязофія |
Асноўныя зацікаўленасьці | мэтафізыка, лінгвістыка, эпістэмалёгія, лёгіка, філязофія мовы, філязофія матэмыткі |
Значныя ідэі |
структура мовы вызначае структуру сьвету (ранейшыя) Значнасьць слова ёсьць ужываньне ў кантэксьце моўнае гульні (позьнія) |
Аказалі ўплыў | Бэртран Расэл, Сёрэн Абю К’еркегор, Готліб Фрэге[d] і Артур Шапэнгаўэр |
Вучні | Эліс Амброўз[d] |
З 1929 па 1947 гады Вітгенштайн выкладаў у Кембрыдзкім унівэрсытэце[1]. За сваё жыцьцё ён выдаў толькі адзіную кнігу, то бок 75-старонкавы «Лёгіка-філязофскі трактат» у 1921 годзе, адзін артыкул, як то «Некаторыя заўвагі да лягічнай формы» ў 1929 годзе, даў рэцэнзію на адзіную кінгу і склаў адзін дзіцячы слоўнік[2][3]. Ягоныя аб’ёмныя рукапісы былі адрэдагаваны і выдадзены пасьмяротна. «Філязофскія дасьледаваньні» Вітгенштайна былі апублікаваныя асобнай кнігай у 1953 годзе і з таго часу гэты твор быў прызнаны адным з самых важных у філязофіі XX стагодзьдзя[4]. Ягоны настаўнік Бэртран Расэл назваў Вітгенштайна адным з самых яскравых прыкладаў сапраўднага генію[5].
Нарадзіўшыся ў Вене, у адной з самых заможных сем’яў Эўропы, Вітгенштайн атрымаў у спадчыну багацьце ад бацькі ў 1913 годзе. Спачатку ён рабіў ахвяраваньні мастакам і пісьменьнікам, аднак, у пэрыяд моцнай асабістай дэпрэсіі пасьля Першай сусьветнай вайны, ён аддаў сваё багацьцё братам і сёстрам[6][7]. Трое з чатырох ягоных братоў скончылі жыцьцё самагубствам, якое таксама разглядаў Людвіг Вітгенштайн[8][9]. Некалькі разоў філёзаф пакідаў акадэмічныя колы і служыў афіцэрам на лініі фронту падчас Першай сусьветнай вайны, дзе некалькі разоў быў узнагароджаны за мужнасьць, а таксама выкладаў у школах у аддаленых аўстрыйскіх вёсках і працаваў грузчыкам у бальніцах падчас Другой сусьветнай вайны ў Лёндане. Не зважаючы на гэта, Вітгенштайн называў філязофію адзінай працай, якая дае яму сапраўднае задавальненьне[10].
Агульнапрызнана, што Вітгенштайн зьдзейсьніў цэлых дзьве рэвалюцыі ў заходняй філязофіі. Першая адбылася, калі яго «Лёгіка-філязофскі трактат» натхніў Венскі гурток на стварэньне праграмы лягічнага пазытывізму. Другая адбылася, калі яго ідэі аб прыродзе і ўладкаваньні мовы, выкладзеныя ў «Філязофскіх дасьледваньнях», спарадзілі брытанскую лінгвістычную філязофію, ці філязофію абыдзеннай мовы.
Паводле апытаньня сярод выкладчыкаў амэрыканскіх унівэрсытэтаў і каледжаў «Філязофскія дасьледваньні» былі вылучаныя самым важным творам філязофіі XX стагодзьдзя[4]. Таксама гэты твор заняў 54-ы радок ў сьпісе самых уплывовых працаў кагнітыўнае навукі ХХ стагодзьдзя, які быў падрыхтаваны Цэнтрам кагнетыўных навук унівэрсытэту Мінэсоты[11]. Аднак, паводле словаў сябра філёзафа Георга Гэнрыка фон Врыгта, ён лічыў, што ягоныя ідэі ўвогуле былі няслушна зразуметымі і скажонымі нават тымі, хто вызнаваў сябе ягонымі вучнямі. Ён сумняваўся і наконт таго, што ў будучыні яго лепш зразумеюць. Аднойчы ён сказаў, што адчувае як быццам ён піша для людзей, якія думаюць па-іншаму, дыхаюць іншым паветрам жыцьця, чым сучасныя людзі[12].
КрыніцыРэдагаваць
- ^ «Ludwig Wittgenstein: Philosopher». Time.
- ^ Monk, R. (2005), «How to Read Wittgenstein». 1st ed. W. W. Norton & Company. — С. 5. — ISBN 978-0393328202.
- ^ Stern, David (2010). «The Bergen Electronic Edition of Wittgenstein's Nachlass», European Journal of Philosophy. Vol 18, Issue 3.
- ^ а б Lackey, Douglas (1999). «What Are the Modern Classics? The Baruch Poll of Great Philosophy in the Twentieth Century», Philosophical Forum. 30 (4). — С. 329—346.
- ^ McGuinness 1988. С. 118.
- ^ «Ludwig Wittgenstein or the Philosophy of Austere Lines». Goethe Institute.
- ^ «The do-it-yourself life of Ludwig Wittgenstein». The New York Times.
- ^ «The Wittgensteins: Viennese whirl». The Daily Telegraph
- ^ «A Nervous Splendor». The New Yorker
- ^ Malcolm 1958. С. 84.
- ^ «The one hundred most influential works in cognitive science in the 20th century». Millennium Project.
- ^ Malcolm 1958. С. 64.
ЛітаратураРэдагаваць
- McGuinness, Brian Wittgenstein: A Life: Young Ludwig 1889–1921. — University of California Press, 1988. — ISBN 978-0-520-06496-6
- Malcolm, Norman Ludwig Wittgenstein: A Memoir. — Oxford: Oxford University Press, 1958. — ISBN 978-0-199-24759-2
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
- Людвіг Вітгенштайн на Curlie(анг.).
- Працы Вітгенштайна. Project Gutenberg(анг.).
- Працы Вітгенштайна і пра яго. Internet Archive(анг.).
- Людвіг Вітгенштайн на Internet Encyclopedia of Philosophy(анг.).