Любамір Гузар
Любамір Яраслававіч Гузар (26 лютага 1933, Львоў — 31 траўня 2017, в. Княжычы (Браварскі раён, Кіеўская вобласьць) — вярхоўны архібіскуп Украінскай грэка-каталіцкай Царквы, кардынал-сьвятар Каталіцкай Царквы. Доктар багаслоўя.
Любамір Гузар | |||||||
Любомир Гузар | |||||||
1-ы Вярхоўны архібіскуп Кіева-Галіцкі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
21 жніўня 2005 — 10 лютага 2011 | |||||||
Царква | Украінская грэка-каталіцкая царква | ||||||
Наступнік | Сьвятаслаў Шаўчук | ||||||
10-ы Вярхоўны архібіскуп Львоўскі | |||||||
26 студзеня 2001 — 20 жніўня 2005 | |||||||
Абраньне | 25 студзеня 2001 | ||||||
Інтранізацыя | 28 студзеня 2001 | ||||||
Царква | Украінская грэка-каталіцкая царква | ||||||
Папярэднік | Міраслаў Любачыўскі | ||||||
2-і Кардынал-сьвятар базылікі Сьвятой Сафіі на Віа Бачэа (Santa Sofia a Via Boccea) | |||||||
21 лютага 2001 — 31 траўня 2017 | |||||||
Царква | Каталіцкая царква | ||||||
Папярэднік | Міраслаў Любачыўскі | ||||||
Адукацыя | доктар багаслоўя | ||||||
Прафэсія | сьвятар | ||||||
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі сьвятар, тэоляг, прафэсар унівэрсытэту, манах, каталіцкі біскуп | ||||||
Нарадзіўся | 26 лютага 1933 Львоў | ||||||
Памёр | 31 траўня 2017 в. Княжычы (Браварскі раён, Кіеўская вобласьць) | ||||||
Пахаваны | Кіеў, крыпта патрыяршай катэдры Ўваскрасеньня Хрыстова | ||||||
Бацька | Яраслаў Гузар | ||||||
Маці | Расьціслава Дэмчук | ||||||
Прыняцьце сьвятога сану | 30 сакавіка 1958 | ||||||
Прыцяцьце манаства | 1972 | ||||||
Япіскапская хіратонія | 2 красавіка 1977 | ||||||
Кардынал ад | 21 лютага 2001 | ||||||
Узнагароды | |||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Сям’я і адукацыя
рэдагавацьНарадзіўся Любамір Гузар 26 лютага 1933 году ў Львове ў сям’і Яраслава і Расьціславы (з роду Дэмчукоў). Ягоным прадзедам быў грэка-каталіцкі сьвятар. Падчас ваеннага ліхалецьця сям’я Гузараў была вымушаная пакінуць Украіну, патрапіўшы ў 1949 годзе праз Аўстрыю ў ЗША.
Сярэднюю адукацыю будучы грэка-каталіцкі першаярарх атрымаў у Малой духоўнай сэмінарыі ў Стэмфардзе (штат Канэктыкут, ЗША). Затым вывучаў філязофію ў Калегіюме сьвятога Васіля, дзе ў 1954 годзе атрымаў ступень бакаляўра. Багаслоўскія студыі прайшоў у Вашынгтонскім каталіцкім унівэрсытэце ў ЗША. У 1958 годзе, як выхаванец Вялікай духоўнай сэмінарыі сьвятога Язафата, атрымаў ліцэнцыят багаслоўя, а 30 сакавіка 1958 году быў высьвячаны на сьвятара Стэмфардзкай япархіі УГКЦ у ЗША.
Сьвятарскае і манаскае служэньне
рэдагавацьПрацаваў душпастырам сярод моладзі. Пазьней вывучаў філязофію ў Фордгамскім унівэрсытэце Нью-Ёрку, дзе ў 1967 годзе атрымаў ступень магістра. У 1969 годзе прыехаў у Рым для працягу багаслоўскіх студыяў, пасьля заканчэньня якіх у 1972 годзе стаў доктарам багаслоўя.
У 1972 годзе ўступіў у старажытны каталіцкі манастыр бізантыйскага абраду сьвятога Тодара Студыта (манахаў Студыйскага ўставу) у Гротафэрата пад Рымам.
У 1973—1984 гадах выкладаў у Папскім місіянэрскім унівэрсытэце «Урбаніяна» у Рыме, выконваў розныя даручэньні першаярарха УГКЦ Ёсіфа Сьліпога.
2 красавіка 1977 году ў манастыры Студыйскага ўставу ў Кастэль-Гандольфа паблізу Рыму адбылася яго хіратонія на грэка-каталіцкага біскупа, якую ўдзяліў яму Вярхоўны архібіскуп УГКЦ Ёсіф Сьліпый.
Ад 1978 году Ўладыка Любамір Гузар зьяўляўся архімандрытам манастыра сьв. Тодара Студыта, а таксама адказным за манастыры Студыйскага ўставу па-за межамі Ўкраіны.
З 1984 па 1991 год служыў протасынкелам Львоўскай архіяпархіі УГКЦ у Рыме.
Пасьля легалізацыі УГКЦ ва Ўкраіне ў 1993 годзе разам з усёй супольнасьцю ўкраінскіх манахаў у Гротафэрата вярнуўся на родную зямлю. У 1993—1994 гадах служыў духаўніком у Львоўскай духоўнай сэмінарыі Сьвятога Духа. А 14 лістапада 1996 году Ўладыка Любамір (Гузар) быў прызначаны біскупам-памочнікам Зьверхніка Ўкраінскай грэка-каталіцкай Царквы.
Зьверхнік УГКЦ
рэдагавацьПасьля сьмерці 14 сьнежня 2000 году тагачаснага першаярарха УГКЦ Вярхоўнага архібіскупа Львоўскага Міраслава Любачыўскага зьяўляўся Апостальскім Адміністратарам УГКЦ. 25 студзеня 2001 году на Надзвычайным Сынодзе біскупаў УГКЦ ён быў абраны Вярхоўным архібіскупам УГКЦ, а 26 студзеня гэты выбар Сыноду УГКЦ пацьвердзіў Рымскі архірэй. Ягоная інтранізацыя адбылася 28 студзеня 2001 году ў архікатэдры сьв. Юра ў Львове. У тым самым годзе 21 лютага папа Ян Павал II упісаў імя вярхоўнага архібіскупа Любаміра Гузара ў сьпіс сябраў Калегіі кардыналаў, разам зь цяперашнім папам, а тады — архібіскупам Буэнас-Айрэсу Хорхэ Марыё Бэргольё.
Падчас служэньня кард. Любаміра Гузара першаярархам УГКЦ 21 жніўня 2005 году было абвешчана пра перанос рэзыдэнцыі зьверхніка УГКЦ з Львову ў Кіеў, а ягоны тытул ад гэтага часу стаў называцца «Вярхоўны архібіскуп Кіева-Галіцкі».
10 лютага 2011 году на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве Яго Блаславенства Любамір (Гузар) паведаміў аб тым, што папа Бэнэдыкт XVI, у адпаведнасьці з нормамі канону 126, §2 Кодэксу канонаў Усходніх Цэркваў, прыняў яго зрачэньне ад ураду Вярхоўнага архібіскупа УГКЦ. Адпаведную просьбу Рымскаму архірэю зьверхнік УГКЦ падаў, калі яму споўнілася 75 гадоў.
Апошнія гады свайго жыцьця вярхоўны архібіскуп-эмэрыт кардынал Любамір Гузар жыў у рэзыдэнцыі Зьверхніка УГКЦ у Княжычах пад Кіевам. Памёр Уладыка Любамір (Гузар) 31 траўня 2017 году пасьля працяглай хваробы на цукровы дыябэт у клінічнай лякарні «Феафанія».
Узнагароды і адзнакі
рэдагавацьПершаярарх УГКЦ кардынал Любамір Гузар быў адзначыны наступнымі ўзнагародамі:
- Ордэн «За заслугі» III ст. (21 жніўня 2001) — за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае разьвіцьцё Ўкраіны, важкія працоўныя дасягненьні і з нагоды 10-й гадавіны незалежнасьці Ўкраіны.
- Ордэн князя Яраслава Мудрага V ст. (26 лютага 2003) — за выдатны асабісты ўклад перад Украінскай дзяржавай у адраджэньні духоўнасьці, сьцьверджаньня ідэяў міласэрнасьці і згоды ў грамадзтве, шматгадовую плённую царкоўную дзейнасьць.
- Ордэн князя Яраслава Мудрага IV ст. (29 верасьня 2006) — за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае і духоўнае разьвіцьцё Львова і з нагоды 750-годзьдзя заснаваньня гораду.
- Ордэн князя Яраслава Мудрага III ст. (26 лютагао 2008) — за выдатны асабісты ўклад у духоўнае адраджэньне ўкраінскага народу, шматгадовую царкоўную дзейнасьць і з нагоды 75-годзьдзя з дня народзінаў.
Уладыку Любаміру (Гузару) быў нададзены таксама пачэсны тытул ганаровага грамадзяніна Тарнопалю і Львова.