Леанід Аляксандравіч Каравайка (нарадзіўся 19 чэрвеня 1954 году ў Бярозаўцы, Лідзкі раён, Гарадзенская вобласьць, памёр 29 лістапада 2024 года) — беларускі дыплямат, першы генэральны консул Беларусі ў Амэрыцы. Меў дыпляматычны ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасланьніка другое клясы.[1]

Леанід Каравайка
Першы Генэральны консул
Рэспублікі Беларусь у Нью-Ёрку
22 ліпеня 1993 году — 31 сакавіка 1995 году
Прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч
Міхаіл Чыгір
Папярэднік
Наступнік Вадзім Лазерка
Генэральны консул
Рэспублікі Беларусь у Беластоку
21 красавіка 2001 году — 24 траўня 2007 году
Прэм’ер-міністар Уладзімер Ярмошын
Папярэднік Мікалай Крэчка
Наступнік Міхаіл Аляксейчык
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся19 чэрвеня 1954
Бярозаўка (Лідзкі раён,
Гарадзенская вобласьць)
Памёр29 лістапада 2024 (70 гадоў)
Адукацыя
Сужэнец Марыя
Дзеці Андрэй, Алег

Біяграфія

рэдагаваць

У 1976 годзе скончыў перакладчыцкі факультэт Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту замежных моваў па спэцыяльнасьці француская і ангельская мовы. Акрамя францускай і ангельскай валодаў польскай і сэрбскай мовамі.

Пасьля заканчэньня вышэйшае навучальнае ўстановы кароткі час працаваў у Беларускім таварыстве сяброўства і сувязяў з замежнымі краінамі. З 1981 па 1987 год працаваў у сакратарыяце ААН у Нью-Ёрку. Пасьля вяртаньня з Нью-Ёрку працягнуў працу ў Беларускім таварыстве сяброўства і сувязяў з замежнымі краінамі рэфэрэнтам аддзела культуры.

На дыпляматычную службу ў міністэрства замежных справаў БССР прыйшоў у 1988 годзе. Працаваў на дыпляматычных пасадах у пратакольна-консульскім, а потым — у консульскім аддзеле міністэрства. З-за адсутнасьці беларускае консульскае ўстановы ў ЗША па міждзяржаўнай дамоўленасьці прызначаны ў 1992 годзе на пасаду консула Генэральнага консульства Расейскае Фэдэрацыі ў Нью-Ёрку.

Адначасова з заснаваньнем 22 ліпеня 1993 году Генэральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Нью-Ёрку быў прызначаны першым кіраўніком першае беларускае консульскае ўстановы ў краінах Амэрыкі.[2] Працаваў на гэтай пасадзе да 31 сакавіка 1995 году.[3]

Пасьля вяртаньня ў цэнтральны апарат міністэрства замежных справаў працаваў з 1995 па 1997 год начальнікам упраўленьня краінаў СНД, Цэнтральнае і Ўсходняе Эўропы, а пазьней — начальнікам сакратарыята міністэрства.

З 1997 па 1998 год працаваў у місіі АБСЭ ў Босьніі і Герцагавіне.

З 1998 па 2001 год працаваў начальнікам консульскага ўпраўленьня МЗС Беларусі.

З 21 красавіка 2001 году да 24 траўня 2007 году быў Генэральным консулам Рэспублікі Беларусь у Беластоку.[4][5].

Пасьля вяртаньня на Радзіму і да чэрвеня 2012 году працаваў начальнікам упраўленьня па пытаньнях уезду іншаземцаў галоўнага консульскага ўпраўленьня МЗС Беларусі.

З чэрвеня 2012 году па лістапад 2013 году — загадчык консульскага аддзелу, старэйшы дарадца амбасады Беларусі ў Маскве.

  1. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 4 февраля 2002 г. №83 «О присвоении Л. А. Коровайко дипломатического ранга Чрезвычайного и Полномочного Посланника второго класса» (рас.)
  2. ^ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 22 июля 1993 г. №487 «Об открытии Генерального консульства Республики Беларусь в г.Нью-Йорке» (рас.)
  3. ^ Постановление Кабинета Министров Республики Беларусь от 31 марта 1995 г. №182 «О назначении В. И. Лазерко Генеральным консулом Республики Беларусь в Нью-Йорке и освобождении от этой должности Л. А. Коровайко» (рас.)
  4. ^ Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 красавiка 2001 г. № 578 «Аб назначэнні Л.А.Каравайкі Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Беластоку (Рэспубліка Польшча)»(недаступная спасылка)
  5. ^ Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 мая 2007 г. № 670 «Аб вызваленні Л.А.Каравайкі ад пасады Генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у г.Беластоку (Рэспубліка Польшча)»(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць