Кіпрыян Жахоўскі
Кіпрыян Жахоўскі[a] (каля 1635, Полацкае ваяводзтва — 1693) — царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Уніяцкі арцыбіскуп полацкі і мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі (з 1674). Доктар тэалёгіі.
Кіпрыян Жахоўскі. Невядомы мастак, 1680 г. | |
Герб Бродзіч | |
VII мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі | |
---|---|
1674 — 1693 | |
Папярэднік | Гаўрыла Календа |
Наступнік | Леў Шлюбіч-Заленскі |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1635[1][2] |
Памёр | 26 кастрычніка 1693 або 1693[3] |
Пахаваны | |
Род | Жахоўскія |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп |
Кіпрыян Жахоўскі — таленавіты прапаведнік, які вывеў Уніяцкую Царкву з заняпаду, выкліканага войнамі 1648—1667 рокаў.
Біяграфія
рэдагавацьЗ шляхецкага роду Жахоўскіх гербу Бродзіч. Ад нараджэньня быў рыма-каталіком, у юнацтве ўступіў у ордэн базылянаў Сьвятога Язафата.
Навучаўся ў Грэцкім калегіюме ў Рыме (1658—1653). 29 красавіка 1663 году адбылося ягонае пасьвячэньне ў сьвятары. У 1663—1665 гадох жыў у Рыме, служыў у царкве Сяргея і Вакха і дапамагаў біскупу холмскаму Якубу Сушы ў справах зацьверджаньня мітрапалітам Гаўрылы Календы і кананізацыі Язафата Кунцэвіча.
Па вяртаньні ў Рэч Паспалітую быў архімандрытам Дзерманскага і Дубенскага манастыроў на Валыні. З 1667 аўдытар пры мітрапаліце Гаўрылу Календзе, з 1668 году архімандрыт Ляшчынскага манастыра. Паказаў сябе як добры адміністратар: вярнуў захопленыя шляхтай манастырскія землі, аднавіў цэрквы і манастыры. Схіліў да пераходу ў Унію Перамышальскую, Львоўскую і Луцкую япархіі.
Па 1670 годзе мітрапаліт пасьвяціў яго на біскупа віцебскага і амсьціслаўскага і прасіў у Рыме зацьверджаньня яго сваім каад’ютарам з правам далейшага атрыманьня пасады мітрапаліта, чаму аднак запярэчылі біскупы пінскі і ўладзімерскі ў зьвязку з маладосьцю К. Жахоўскага. У 1673 годзе Сьвяты Пасад у Рыме зацьвердзіў мітрапалітаву намінацыю.
Разам зь біскупам Якубам Сушам склікаў ў Любліне калёквіюм (1680 год) з мэтай прымірэньня праваслаўных і ўніятаў, але з прычыны перашкодаў з боку нунцыя і караля, а таксама адмовы праваслаўных ад удзелу дыспут не адбыўся.
Процідзеяў пераходу вернікаў-уніятаў у лацінскі абрад. Заснаваў пры Сафійскім саборы ў Полацку брацтва. Выступіў супраць лацінізацыі ўсходняга абраду, якая адбывалася ў зьвязку з уступленьнем у базылянскія манастыры палянізаванай шляхты. У адказ на ягонае супольнае зь біскупам хадайніцтва Рым забараніў лацінізацыю абрадаў. Дамогся ў караля і вялікага князя Яна Сабескага пацьверджаньня ўсіх правоў і прывілеяў Уніяцкай Царквы.
Клапаціўся пра паляпшэньне адукаванасьці духавенства і разьвіцьцё сеткі ўніяцкіх школаў. Аднавіў сэмінарыю ў Менску, заснаваную мітрапалітам Язэпам Руцкім. Ахвяраваў сродкі на рамонт бажніцаў у Вільні, Наваградку, Полацку[4].
Пры мітрапаліце Кіпрыяне Жахоўскім пашырыўся культ Язафата Кунцэвіча, галоўны дзень памяці якога ў Рэчы Паспалітай пасьля ўратаваньня яго мошчаў падчас вайны з Масковіяй перанесьлі з 12 лістапада на 16 верасьня.
Выдавецкая дзейнасьць
рэдагавацьУ пачатку 1690-х гадоў заснаваў Супрасьльскую друкарню[5] і такім чынам з аднаго боку спыніў наплыў літургічных кнігаў з Масквы, а зь іншага — гальмаваў працэс лацінізацыі.
Выдаў уніяцкія Літургікон (Вільня, 1692) і «Служэбнік» (Вільня, 1692; Супрасьль, 1695), выкарыстаньне якіх мусіла прывесьці да аднастайнасьці літургічнай практыкі Ўніяцкай Царквы.
З Кіпрыянам Жахоўскім меў зьвязкі славуты беларускі гравёр другой паловы XVII ст. Аляксандар Тарасевіч, які адлюстраваў вобраз арцыбіскупа полацкага ў цэнтры гравюры «Тэза Глінды Лібэрыюша» (1683 год).
Творы
рэдагавацьАўтар казаньняў, прысьвечаных Я. Кунцэвічу. Апроч таго, напісаў навуковую працу «Люблінскі калёквіюм» (Замосьце, 1680).
Рукапісная кніга казаньняў пад назвай «Kazania okazjonalne» ёсьць на партрэце Кіпрыяна Жахоўскага ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі[6] (у картцы да артыкула).
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Іншая форма імя: Цыпрыян Жахоўскі
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Cyprianus Zochovskyj // opac.vatlib.it (анг.)
- ^ Cyprian Żochowski // NUKAT — 2002.
- ^ нарматыўны кантроль Бібліятэкі Кангрэсу (анг.) — Library of Congress.
- ^ Казуля С. Жахоўскі Кіпрыян // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 626.
- ^ Казуля С. Жахоўскі Цыпрыян // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 367.
- ^ Хадыка А. Святы Язафат Кунцевіч: складанне культу і іканаграфіі ў Беларусі // Наша Вера. № 2 (36), 2006.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2