Крэпасьць Ісуса
Крэ́пасьць Ісу́са (на суахілі: Boma la Yesu, па-партугальску: Forte Jesus de Mombaça) — партугальская крэпасьць, пабудаваная ў 1593—1596 роках у Мамбасе на тэрыторыі цяперашняй Кеніі. У 2011 року занесеная ў сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Крэпасьць Ісуса ў Мамбасе | |
---|---|
Fort Jesus, Mombasa* | |
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО | |
Краіна | Кенія |
Тып | культурны |
Крытэры | ii, v |
Спасылка | 1295 |
Рэгіён** | Афрыка |
Каардынаты | Каардынаты: 4°3′45.85″ пд. ш. 39°40′46.69″ у. д. / 4.0627361° пд. ш. 39.6796361° у. д. |
Гісторыя ўключэньня | |
Уключэньне | 2011 (35-я сэсія) |
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску ** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО |
Мінуўшчына
рэдагавацьУ XVI стагодзьдзі Партугалія падпарадкавала месты ўсходняга ўзьбярэжжа Афрыкі і манапалізавала гандаль у Індыйскім акіяне. Аднак у 1585—1586 і 1588—1589 партугальскія ўладаньні ва Усходняй Афрыцы атакаваў асманскі флёт Алі Бэя. Зьяўленьне аднаверцаў-мусульманаў прывяло да паўстаньня мясцовых насельнікаў-суахілі. У 1589 партугальцы здолелі зноў авалодаць буйным портам Мамбаса ды іншымі местамі паўночна-ўсходняга ўзьбярэжжа.
Для захаваньня далейшага кантролю кароль Філіп II загадаў будаваць крэпасьці ва ўзьбярэжнай зоне. Крэпасьць Ісуса ў Мамбасе мела стаць адным з галоўных вайсковых умацаваньняў, абараняць порт і мытню, арганізаваную дзеля прадухіленьня самастойных гандлёвых кантактаў суахілі з мусульманскімі гандлярамі іншых краінаў.
Крэпасьць была збудаваная ў 1593—1596 паводле праекту мілянскага архітэктара Джаваньні Батысты Каіраці, які мкнуўся выкарыстоўваць рэнэсансны падыход перавагі сімэтрыі і простых лініяў. Па сканчэньні будаўніцтва крэпасьць у пляне нагадвала чалавечае цела.
У XVII стагодзьдзі партугальцы пакінулі Мамбасу. Аднак мясцовыя ўладары і султаны Аману выкарыстоўвалі крэпасьць надалей для абароны, а таксама як турму. Да 1875 року яна 9 разоў падвяргалася аблозе.
У 1958 крэпасьць была абвешчаная гістарычным помнікам, пасьля чаго ў ёй да 1974 ладзіліся раскопкі[1].
У 2011 уключаная ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Тут дзейнічае музэй, прысьвечаны цывілізацыі суахілі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Kirkman, J. 1974. Fort Jesus: A Portuguese Fortress on the East African Coast Clarendon Press: Oxford
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьКрэпасьць Ісуса — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў