Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Радашкавічы)

Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Краіна Беларусь
Мястэчка Радашкавічы
Каардынаты 54°09′18″ пн. ш. 27°14′26″ у. д. / 54.155° пн. ш. 27.24056° у. д. / 54.155; 27.24056Каардынаты: 54°09′18″ пн. ш. 27°14′26″ у. д. / 54.155° пн. ш. 27.24056° у. д. / 54.155; 27.24056
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Менска-Магілёўская архідыяцэзія 
Будаваньне 18551859 гады
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на мапе Беларусі
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на Вікісховішчы

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы — помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя ў Радашкавічах. Знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы мястэчка, на гістарычнай Менскай вуліцы. Дзее. Твор архітэктуры клясыцызму.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы драўляны касьцёл у Радакашвічах у 1447 годзе фундавалі намесьнік смаленскі і кашталян віленскі Пётар Гедыгольдавіч з жонкай Багумілай.

У 1734—1736 гадох замест старога збудавалі новы драўляны касьцёл, кансэкраваны ў 1740 годзе пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы і Стэфана Мучаніка. Пры касьцёле дзеялі школа і шпіталь, існавалі тры брацтвы — Сьвятой Ганны з 1703 году, Найсьвяцейшай Тройцы з 1738 году і Імя Найсьвяцейшай Марыі Панны з 1750 году. Радашкаўскую парафію, у якой на канец XVІІІ ст. налічвалася больш за 2300 чалавек, абслугоўвалі таксама дзьве капліцы — у Новым Двары і Сычавічах.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Касьцёл, 1918 г.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Радашкавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У сярэдзіне XIX ст. драўляны касьцёл згарэў у пажары. У 1855 годзе на сродкі парафіянаў, ахвяраваньні зямянаў Валадковічаў і руплівасьцю пробашча і дэкана кс. Пятра Жылінскага пачалося будаваньне мураванага касьцёла, скончанае ў 1859 годзе. 3 верасьня 1860 году касьцёл кансэкравалі пад гістарычным тытулам Найсьвяцейшай Тройцы. 12 ліпеня 1882 году ў касьцёле ахрысьцілі Яна Луцэвіча (Янку Купалу).

У канцы XIX ст., апроч могілкавай капліцы Сьвятога Яна Непамука Радашкаўскую парафію абслугоўвалі філія ў Будзьках і капліца ў Крамянцы. Да 1864 году прыпісваўся таксама філіяльны касьцёл у Батурыне з капліцамі ў Лукаўцы і Карпавічах. Колькасьць парафіянаў перавышала 2600 чалавек[1].

Найноўшы час

рэдагаваць
 
Касьцёл, 1941—1944 гг.

Па Другой сусьветнай вайне ў 1946 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога прыстасавалі пад цэх заводу «Беларуская кераміка». Неўзабаве будынак касьцёла давялі да аварыйнага стану.

У 1990 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам, якія яго адрэстаўравалі.

Архітэктура

рэдагаваць

Драўляны касьцёл

рэдагаваць

Драўляны касьцёл — помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Гэта была крыжова-купальная базыліка пад гонтавым дахам, якая мела купал над сяродкрыжжам, 2 вялікія вежы пры ўваходным фасадзе, 2 меншыя вежы каля купала (магчыма, над крыламі трансэпта), а таксама вежу-сыгнатурку над прэзьбітэрыюмам. Уваход вылучаўся гранёным тамбурам-барбаканам. Абапал прэзьбітэрыюму месьціліся 2 закрысьціі.

Агулам у касьцёле было 7 алтароў. Пяць зь іх, 2-ярусных і разьбяных, упрыгожвалі асноўны аб’ём. Галоўны алтар Найсьвяцейшай Тройцы меў выгляд 6-калённая барокавай кампазыцыі зь фігурамі апосталаў Пятра і Паўла, Яна і Тадэвуша. Бакавыя алтары — Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Марыі Панны і Сьвятой Ганны. Асабліва прыгожымі лічыліся алтары ў капліцах (у крылах трансэпта паміж вокнамі), упрыгожаныя залатымі і срэбнымі дэталямі — Сьвятога Тадэвуша і Сьвятога Антонія. Яшчэ 2 алтары знаходзіліся ў капліцах, зробленых «пры дзьвярах бабінца» (магчыма, у першым ярусе вежаў пры галоўным фасадзе) — Езуса Назарэтаніна і Сьвятога Яна Непамука. Партрэты фундатараў — Пятра і Багумілы Гедыголдавічаў — віселі ў прэзьбітэрыюме каля дзьвярэй у закрысьцію. На хорах месьціліся арганы на 10 галасоў. Пад касьцёлам былі 2 мураваныя крыпты. Купал і сьцены аздабляліся росьпісамі на бібліныя сюжэты.

Побач з касьцёлам стаяла драўляная званіца.

Мураваны касьцёл

рэдагаваць

Мураваны касьцёл — помнік архітэктуры позьняга клясыцызму. Гэта 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з паўцыркульнай апсыдай і дзьвюма закрысьціямі абапал яе. Асноўны прастакутны ў пляне аб’ём накрываецца 2-схільным дахам, апсыда — больш нізкім. Галоўны фасад вылучаецца ў цэнтры глыбокім рызалітам і завяршаецца 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы праразаюцца скразнымі аркавымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завяршаюцца шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна падзяляюцца высокімі аркавымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасьценках.

Унутраная прастора падзяляецца 2 радамі квадратных у сечыве слупоў на 3 нэфы, перакрытыя скляпеньнямі (конхавым у цэнтральным і крыжовымі ў бакавых нэфах). Сьцены падзяляюцца пілястрамі, буйнымі карнізамі. Скляпеньні на падпружных арках. У нартэксе галерэя хораў. Часткова захавалася керамічная арнамэнтаваная падлога ў апсыднай частцы.

Перад касьцёлам разьмяшчаецца 3-аркавая брама з лучковым франтонам і паўкалёнамі на фасадзе[2].

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Каталіцкія святыні / А. Яроменка. Ч. 1. — Менск, 2003.
  2. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 309.

Літаратура

рэдагаваць
  • Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Частка I / Тэкст і фота А. Яроменкі. — Менск: «Про Хрысто», 2003. — 256 с.: іл. ISBN 985-6628-37-7.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць