Касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса (Ільля)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса
| |
Касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Ільля |
Каардынаты | 54°24′44.20″ пн. ш. 27°17′21.80″ у. д. / 54.4122778° пн. ш. 27.2893889° у. д.Каардынаты: 54°24′44.20″ пн. ш. 27°17′21.80″ у. д. / 54.4122778° пн. ш. 27.2893889° у. д. |
Канфэсія | Каталіцкая царква і каталіцтва |
Эпархія | Менска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | нэараманскі стыль |
Касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса | |
Касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса на Вікісховішчы |
Касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса — помнік архітэктуры пачатку XX стагодзьдзя ў Ільлі. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на Вялейскай вуліцы. Дзее. Твор архітэктуры нэараманскага стылю.
Гісторыя
рэдагавацьБудаваньне мураванага касьцёла ў Ільлі скончылі ў 1909 годзе. Архітэктарам будынка стаў Аўгуст Клейн. Часткова пабудову касьцёла фундавалі парафіяне, а часткова пан Тукала ўклаў значныя асабістыя сродкі. Сяляне пана Тукалы звозілі з прылеглых тэрыторыяў каменьне на будоўлю, за што атрымлівалі грошы. Датычна гэтага факту ёсьць згадкі ў летапісе Ільлінскай царквы:
1908 год. У гэтам годзе ў Ільлі пачалі будаваць касьцёл. На жаль, мясцовыя каталікі, зьбіраючы самавольна камяні з чужога поля, узарвалі сем вялікіх камянёў на царкоўным полі. Сьвятар 3 чэрвеня заявіў аб гэтым мясцоваму ўрадніку, прытым сьвятар прасіў скласьці адпаведны пратакол і накласьці арышт на камяні. Ураднік, нягледзячы на другую паперу ад 9 ліпеня з напамінам пра тое ж, ня склаў пратаколу да таго часу, пакуль пра гэта не было заяўлена вялейскаму ўрадніку. Але, пакуль на даручэньне ўрадніка было зроблена дазнаньне, каталікі зьвезлі ўсе камяні з поля, а ўраднік за бязьдзейнасьць і абразу сьвятара словамі «што гэты поп да мяне прывязаўся?» атрымаў толькі вымову[1].
Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл, а яго будынак перарабілі пад малаказавод.
У 1990-я гады пры аднаўленьні касьцёла над ім паставілі драўляную вежу. У 1993 годзе ксёндз Аляіз Кулік асьвяціў адноўлены касьцёл.
Архітэктура
рэдагавацьПомнік архітэктуры нэараманскага стылю, збудаваны з цэглы і каменю. Да асноўнага прастакутнага ў пляне накрытага 2-схільным дахам аб’ёму далучаюцца нізкая паўкруглая апсыда і кубападобнае крыло трансэпта з боку паўднёва-ўсходняга фасада. Галоўны фасад падзяляецца 2-прыступкавымі контрфорсамі на 3 часткі, у цэнтры — галоўны ўваход у выглядзе аркавага праёму з парталам і аркатурным абрамленьнем. Фасад завяршаецца 2-гранным шчытом, у тымпане якога 3 аркавыя нішы і люкарна, аб’яднаныя аркай. Бакавыя мэтровай таўшчыні сьцены рытмічна падзяляюцца аркавымі аконнымі праёмамі і контрфорсамі ў прасьценках. Архітэктурны дэкор (ліштвы праёмаў, карніз, русты) выконваецца цаглянай муроўкай.
Унутраная прастора перакрывалася скляпеньнем (не захавалася), у крыле трансэпта крыжовае скляпеньне[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Маладосць. № 4, 1996.
- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008.
Літаратура
рэдагаваць- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.