Кастусь Мерляк

дзяяч беларускай дыяспары ў Аргентыне і ЗША

Касту́сь Ме́рляк[2] або Мярляк (25 сьнежня 1919, в. Дзетамля Наваградзкага павету, цяпер у Наваградзкім раёне Гарадзенскай вобласьці Беларусі — 25 лістапада 2007, Нью-Ёрк, ЗША[3]) — грамадзкі і рэлігійны дзеяч беларускай эміграцыі.

Кастусь Мерляк
Дата нараджэньня 25 сьнежня 1919(1919-12-25)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 25 лістапада 2007(2007-11-25) (87 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і настаўніка, царскага афіцэра Ільлі Мерляка і Вольгі зь Ціхановічаў.

Навучаўся ў польскай пачатковай школе. Скончыў сельскагаспадарчую вучэльню (1937), вучэльню сельгаскаапэрацыі (1938). Пасьля прыходу Саветаў адвучыўся на курсах крэдытных інспэктараў Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржбанку СССР у Беластоку (1940)[2]. Працаваў бугальтарам, старшым крэдытным інспэктарам банку[4] ў Наваградку і Карэлічах.

Пад час нямецкай акупацыі працаваў у цывільнай адміністрацыі Наваградку, пасьля ў Беларускай народнай самапомачы. У 1942 скончыў афіцэрскія курсы Самапомачы ў Менску ды накіраваны ў Ліду на арганізацыю беларускага батальёну як ад’ютант капітана Касацкага. У пачатку 1943 вярнуўся ў Наваградак на адміністрацыйную пасаду. З канца 1943 — інтэндант паліцэйскага батальёну №68 пад даводзтвам Барыса Рагулі. Улетку 1944 з надыходам бальшавікоў пакінуў Беларусь, у ліпні трапіў у выведную школу «Дальвіцу».

Пазьней абвэрам закінуты ў Італію дзеля агітацыі беларусаў арміі Андэрса, але здаўся ў палон да амэрыканцаў і быў інтэрнаваны ў лягеры, адкуль неўзабаве ўцёк[5].

З канца 1947 — у Аргентыне, заснавальнік і старшыня Згуртаваньня беларусаў у Аргентыне. Сябра Рады БНР з 1948 року, узначаліў аргентынскае прадстаўніцтва Рады БНР. У 1950 року ажаніўся з этнічнай немкай Ганнай Губэрт са Случчыны[5]. Зь ёй мецьмуць сыноў Юльяна, Данілу, Вінцэнта[4].

28 ліпеня 1954 року пераехаў у Нью-Ёрк. Узначаліў сэктар Рады БНР на ЗША, управу Беларуска-амерыканскага задзіночаньня (БАЗА) на Нью-Ёрк. Пры канцы 1956­ распачаў супрацоўніцтва з ЦРУ. На той час Мярляк быў адзіным агентам гэтай спэцслужбы ў асяродку беларускай эміграцыі ў ЗША. Псэўданімы Philip E. Launais, Donald R. Wakild і Conrad P. Mason, крыптанімы AEPRIMER­1 ды AEREADY­2[5].

Старшыня Галоўнай управы БАЗА ў 1959—1963. Пасьля канфлікту і сыходу з БАЗА ў 1964 року разам з прыхільнікамі заснаваў і ўзначаліў Беларуска-амэрыканскае аб’яднаньне(d) ў Нью-Ёрку[4]. У 1968 року пасьля адлучэньня ад царквы стварыў з аднадумцамі парафію сьвятога Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле(d) (Нью-Ёрк). Ад 1969 року браў удзел у дзейнасьці Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі, у 1970-х пэўны час быў ягоным віцэ-прэзыдэнтам.

Аўтар артыкулаў па гісторыі беларускай эміграцыі, пытаньнях культурнага, літаратурнага, рэлігійнага, грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі[2]. У сярэдзіне 1990-х рокаў адышоў ад актыўнай грамадзкай дзейнасьці.

Пахаваны на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансўіку (штат Нью-Джэрзі)[3].

Бібліяграфія рэдагаваць

  • Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1992.

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць