Карляс Алькарас
Ка́рляс Алькара́с (па-гішпанску: Carlos Alcaraz Garfia, нар. 5 траўня 2003 году, Эль-Пальмар, Мурсія, Гішпанія) — гішпанскі тэнісіст, пераможца адкрытага чэмпіянату ЗША 2022 і Ўімбэлдану 2023 году ў адзінкавым разрадзе. Колішняя першая ракетка сьвету.
Карляс Алькарас | |
Краіна | |
---|---|
Пражывае ў | |
Нарадзіўся |
5 траўня 2003[1] (21 год) |
Рост | 183 см[2] |
Вага | 74 кг |
Пачатак кар’еры | 2018 — цяпер |
Прызавыя грошы | 36 876 485 $[3] |
Адзіночны разрад | |
Матчаў | 209–56[3] |
Тытулаў | 23 |
Найвышэйшы рэйтынг | 1 (12 верасьня 2022) |
Турніры Вялікага шлему | |
Аўстралія | чвэрцьфінал (2024) |
Францыя | перамога (2024) |
Ўімбэлдан | перамога (2023, 2024) |
ЗША | перамога (2022) |
Парны разрад | |
Матчаў | 7–6 |
Тытулаў | 0 |
Найвышэйшы рэйтынг | 519 (26 траўня 2022) |
Карляс Алькарас у Вікісховішчы |
Кар’ера
рэдагаваць2021 год
рэдагавацьУ веку 17 гадоў браў уздел у адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, стаўшы наймаладзейшым удзельнікам мужчынскіх спаборніцтваў на гэтым турніры Вялікага шлема. У першым раўндзе выбіў Ботыка ван дэ Зандсхульпа ў 3 сэтах. У другім раўндзе быў выбіты Мікаэлем Імэрам[4].
На Ралян Гаросе дайшоў да 3 раўнда спаборніцтваў, атрымаўшы перамогу над суайчыньнікам Бэрнабэ Сапата Міральесам і грузінам Ніколазам Басылашвілі ў двух першых колах. У трэцім коле саступіў немцу Яну-Ленарду Штруфу ў трох партыях. На Ўімбэлдане дакрочыў да 2-га раўнда, дзе паразу Карлясу нанес расеец Данііл Мядзьведзеў. На US Open 2021 году ў трох сэтах выбіў сеянага пад 26-м нумарам Кэмэрана Норы ў першым коле. У другім коле атрымаў перамогу над французам Арцюрам Ріндэркнэшам. У трэцім раўндзе адолеў 3-га нумара пасеву Стэфанаса Цыцыпаса ў драматычным 5-сэтавым матчы на тай-брэйку вырашальный партыі 6-3 4-6 7-6² 0-6 7-65. У 4 раўндзе пераадолеў супраціў немца Пэтэра Гаёўчыка таксама ў пяці сэтах. У чвэрцьфінале супраць канадца Фэлікса Ажэ-Альясіма адмовіўся працягваць барацьбу пры ліку 3-6 1-3 на карысьць 12-га сеянага.
Скончыў год, атрымаўшы перамогу на турніры Next Gen ATP Finals.
2022 год
рэдагавацьНа Аўстраліян Оўпэн быў сеяным пад 31-м нумарам. У першых двух раўндах не пакінуў аніводнага сэту сваім апанэнтам Алехандра Табіле з Чылі ды Душану Лаовічу з Сэрбіі. У трэцім коле супернікам Карляса быў 7-ы сеяны чэмпіянату — Матэо Бэратыні. Ва ўпартай барацьбе Карлясу ўдалося адыграцца зь ліку 0-2 паводле партыяў і ураўнаваць лік. Але ў пятым сэце італьянец вырваў перамогу на тай-брэйку да дзесяці пунктаў — 6-2 7-6³ 4-6 2-6 7-65[5]. На турніры ў Рыю-дэ-Жанэйру ў Бразыліі выйграў свой першы тытул катэгорыі ATP-500, у фінале перамогшы Дыега Шварцмана з Аргентыны.
Увесну 2022 году стаў наймаладзейшым пераможцай турніру сэрыі Мастэрз-1000 на адкрытым чэмпіянаце Маямі, у ходзе спаборніцтва атрымаў перамогу ў матчах з Мартанам Фучавічам, Марынам Чылічам, 3-м сеяным Стэфанасам Цыцыпасам, Міямірам Кецманавічам, Губэртам Гуркачам і Каспэрам Руўдам ў фінале ў двух партыях 7-5 6-4. На турніры ў Барсэлёне ў красавіку здабыў тытул і ўварваўся ў першую дзясятку рэйтынга АТП.
У траўні на грунтовым турніры сэрыі Мастэрз-1000 у Мадрыдзе перамог «грунтовага Караля» Рафаэля Надаля ў чвэрцьфінале зь лікам 6-2 1-6 6-3. У напружаным паўфінале зь першай ракеткай сьвету Новакам Джокавічам атрымаў перамогу на тай-брэйку вырашальнай партыі 6-75 7-5 7-65. У фінале лёгка абыграў 2-га сеянага Сашу Зьверава 6-3 6-1. На Ралян Гаросе дайшоў да чверцьфіналу, на шляху адыграўшы матчбол у Альбэрта Рамаса-Віньёляса у матчы другога раўнду. У чвэрцьфінале атрымаў паразу ад Зьверава ў чатырох сэтах 4-6 4-6 6-4 6-77. Ўімбэлдан скончыў на стадыі 4 раўнду, дзе ня здолеў прайсьці Яніка Сынэра.
На Адкрытым чэмпіянаце ЗША быў пасеяны пад высокім 3-м нумарам. На шляху да фіналу перагуляў аргентынцаў Сэбастыяна Баэса і Фэдэрыка Корыю, а таксама амэрыканца Джэнсана Бруксбі. У чацьвертым раўндзе быў мацнейшы за харвата, пераможцу US Open 2014 году, Марына Чыліча ў пяці сэтах 6-4 3-6 6-4 4-6 6-3. У чверцьфінале ўзяў рэванш за паразу на Ўімбэлдане ў Яніка Сынэра таксама ў пяці сэтах 6-3 6-77 6-70 7-5 6-3. Трэці запар пяцісэтавік таксама быў за дзевятнаццацігадовым гішпанцам, калі ён у паўфінале выбіў улюбёнца публікі, амэрыканца Фрэнсіса Тыяфа 6-76 6-3 6-1 6-75 6-3. У фінале здабыў свой першы тытул на турніры Вялікага шлема, дзе перамог нарвэжца Каспэра Руўда ў чатырох сэтах 6-4 2-6 7-61 6-3. Гэтая перамога дазволіла гішпанцу стаць наймаладзейшай першай ракеткай сьвету, у гэтым статусе ён скончыў сэзон 2022 году.
2023 год
рэдагаваць7 студзеня Алькарас абвесьціў аб зьняцьці з адкрытага чэмпіянату Аўстраліі праз траўму падкаленнага сухажыла, якую ён атрымаў падчас трэнаваньняў[6]. Паводле вынікаў турніру гішпанец саступіў месца першай ракеткі сусьветнага рэйтынгу чэмпіёну розыгрышу Новаку Джокавічу[7]. Усяго Алькарас утрымліваў першае месца рэйтынгу 20 тыдняў.
Свой першы турнір сэзону згуляў у Паўднёвай Амэрыцы, дзе здабыў свой сёмы тытул на Адкрытым чэмпіянаце Аргентыны, перамогшы 2-га сеянага Кэмэрана Норы[8]. Абараняючы свой тытул на адкрытым чэмпіянаце Рыю-жэ-Жанэйру, ён зноў дакрочыў да фіналу, дзе яшчэ раз гуляў супраць Норы, але зьведаў паразу ў трох сэтах[9]. Алькарас таксама мусіў згуляць у Акапулька ў лютым, але зьняўся перад турнірам праз чарговае пашкоджаньнем падкаленнага сухажыла[10]. На адкрытым чэмпіянаце Індыян-Ўэлз тэнісіст здабыў сваю 100-ю перамогу ў кар’еры, пераадолеўшы супраціў сеянага пад 31-м нумарам Таляна Грыкспоора і выйшаўшы ў чацьверты раўнд. Па выхадзе ў паўфінал Алькарас перамог сеянага пад 11-м нумарам Яніка Сынэра ў двух сэтах[11]. Перамогшы ў фінале Данііла Мядзьведзева, ён выйграў свой восьмы тытул у кар’еры і трэці тытул на турніры Мастэрз-1000, перапыніўшы 19-матчавую пераможную сэрыю Мядзьведзева і стаўшы першым гульцом, які здабыў перамогу ў турніры, не прайграўшы аніводнага сэту пасьля Роджэра Фэдэрэра ў 2017 годзе. Як вынік, Алькарас вярнуў сабе тытул першай ракетцы сьвету 22 сакавіка 2023 году[12]. У Маямі гішпанец выбыў у паўфінале, пасьля чаго страціў у рэйтынгу першае месца. Прапусьціўшы турнір у Монтэ-Карлё гулец заявіўся на адкрыты чэмпіянат Барсэлёны, дзе здабыў перамогу ў турніры, перагуляўшы Стэфанаса Цыцыпаса. Пазьней у Мадрыдзе гішпанец выгуляў у фінале немца Яна-Ленарда Штруфа[13].
На адкрытым чэмпіянаце Францыі ў 2023 годзе Алькарас дакрочыў да паўфіналу. У доўгачаканым матчы ён пацярпеў паразу ад Новака Джокавіча ў чатырох сэтах, пасьля таго, як у пачатку трэцяга сэту пакутваў ад сутаргаў. Алькарас і Джокавіч не гулялі адзін супраць аднаго больш за год, не зважаючы на тое, што цягам усяго году чаргаваліся на вяршыні сусьветнага рэйтынгу. На Ўімбэлданскім турніры 2023 году ў якасьці сеянага пад першым нумарам тэнісіст трапіў у фінал пасьля перамог над Жэрэмі Шардзі, Аляксандрэ Мюлерам, Нікаля Жары, Матэо Бэрэтыні, Гольгерам Рунэ і Даніілам Мядзьведзевым. У вырашальным матчы Алькарас перамог Джокавіча ў пяці сэтах, спыніўшы сэрыю суперніка і зашкодзіўшы яму здабыць пяты тытул запар і замацаваць за сабой першае месца ў рэйтынгу. З гэтай перамогай Алькарас стаў другім гульцом пасьля Эндзі Марэя, які перамог Джокавіча ў фінале Ўімбэлдану[14].
На турніры ў Таронта гулец выбыў у чвэрцьфінале, а ў Цынцынаці Алькарас у фінале прайграў Джокавічу. Матч супернікаў цягнуўся 3 гадзіны 49 хвілінаў, што сталася найдаўжэйшым фіналам Мастэрз. На адкрытым чэмпіянаце ЗША 2023 году, дзе Алькарас хацеў абараніць свой тытул турніру Вялікага шлема, ён дайшоў да паўфіналу, прайграўшы цягам шляху толькі адзін сэт. Аднак, за крок да фіналу гулец саступіў Мядзьведзеву ў чатырох сэтах[15]. Сканчэньне сэзону адзначылася чаргой паразаў, у выніку Алькарас ня даў рады ў спробе вярнуць сабе першае месца рэйтынгу.
2024 год
рэдагавацьНовы сэзон Алькарас пачаў з аўстралійскага турніру, дзе дакрочыўшы да чвэрцьфіналу, але там прайграў сеянаму шостым Аляксандру Зьвераву ў чатырох сэтах[16]. У лютым Алькарас узяў удзел у Адкрытым чэмпіянаце Аргентыны 2024 году ў якасьці дзейнага чэмпіёну, але ў паўфінале саступіў чылійцу Нікалясу Яры[17]. Апасьля спартовец зьняўся з турніру ў Рыю-дэ-Жанэйру праз траўму костачкі[18]. На турніры ў Індыян-Ўэлзе гішпанец дакрочыў да фіналу, дзе перамог Мядзьведзева. У Маямі спартовец саступіў Грыгору Дымітраву ў чвэрцьфінале першынства[19], у выніку апусьціўшыся на трэці радок сусьветнага рэйтынгу, прапусьціўшы наперад італьянца Яніка Сынэра. Пасьля быў вымушаны зьняцца зь некалькіх турніраў праз пашкоджаньне правай локвіцы[20].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г https://www.buscabiografias.com/biografia/verDetalle/11426/Carlos%20Alcaraz
- ^ https://olympics.com/es/atletas/carlos-alcaraz
- ^ а б https://www.atptour.com/en/players/carlos-alcaraz/a0e2/overview
- ^ «17-Year-Old Carlos Alcaraz Wins Grand Slam Debut at Australian Open». ATP Tour.
- ^ «What Carlos Alcaraz Has Done Quicker Than the Big Three». ATP Tour.
- ^ «Australian Open 2023: World No. 1 Carlos Alcaraz withdraws from Grand Slam tournament due to leg injury». CBS.
- ^ «Djokovic Returns To No. 1, Mover Of Week». ATP.
- ^ «Carlos Alcaraz Wins Buenos Aires Title in Season Debut». ATP Tour.
- ^ «Alcaraz Extends Perfect Season, Sets Norrie Rematch with Rio SF Comeback». ATP Tour.
- ^ «Top seed Carlos Alcaraz out of Acapulco with hamstring strain». ESPN.
- ^ «SF Preview: Alcaraz, Sinner Renew Rivalry In Indian Wells». ATP Tour.
- ^ «Alcaraz Wins Indian Wells, Returns To World No. 1». ATP Tour.
- ^ «Carlos Alcaraz Makes History with 10th Title». ATP Tour.
- ^ «Stat of the Day: Carlos Alcaraz ends longest Centre Court winning streak for first Wimbledon title». Tennis.com.
- ^ «Daniil Medvedev stuns Carlos Alcaraz to set up US Open final showdown with Novak Djokovic». The Guardian.
- ^ «Alcaraz wiped out in quarterfinal loss to Zverev». ESPN.
- ^ «Alcaraz upset by Jarry in Argentina Open semifinals». Sportstar.
- ^ «Alcaraz rolls ankle, exits Rio Open after 2 points». ESPN.
- ^ «Grigor Dimitrov stuns Carlos Alcaraz in straight sets to reach Miami Open semis». The Guardian.
- ^ «Carlos Alcaraz withdraws from Monte Carlo Masters with right forearm injury». Sky Sports.