Адкрыты чэмпіянат Францыі па тэнісе

Адкрыты чэмпіянат Францыі па тэнісе (па-француску: Internationaux de France de Roland Garros, Ралян Гарос) — адзін з чатырох турніраў Вялікага шлема. Праводзіцца штогод на працягу двух тыдняў у канцы траўня — пачатку чэрвеня ў Парыжы, Францыя. У рамках турніру праводзяцца першынствы: адзіночныя мужчынскія і жаночыя, парныя мужчынскія і жаночыя, зьмяшаныя парныя, а таксама юнацкія турніры і турнір вэтэранаў.

Гісторыя

рэдагаваць

Упершыню турнір быў праведзены ў 1891 годзе ў выглядзе аднадзённага нацыянальнага чэмпіянату. Прымаць у ім удзел маглі толькі францускія тэнісісты, а таксама чальцы францускіх тэнісных клюбаў. Першым пераможцам у клюбе Стад Франсэ (па-француску: Stade Français) быў ангелец; гісторыя захавала толькі яго імя — Х. Брыгс (па-ангельску: H. Briggs). Першым пераможцам жаночага турніру стала ў 1897 годзе Франсуаз Масон (па-француску: Françoise Masson). Турнір, аднак, быў ня надта папулярны ў першыя гады правядзеньня праз статус нацыянальнага спаборніцтва — лепшыя тэнісісты сьвету не маглі прымаць у ім удзел. Сытуацыя зьмянілася з наданьнем чэмпіянату міжнароднага статусу ў 1925 годзе.

Аднаўленьне турніру пасьля заканчэньня Першай сусьветнай вайны адзначыла росквіт францускага тэнісу. Сюзан Ленглен, якая перамагала на турніры яшчэ да вайны ва ўзросьце 15 гадоў, дамінавала ў жаночым тэнісе і выйграла шэсьць зь сямі чэмпіянатаў у 19201926 гадах.

З наступам Адкрытай эры ў 1968 годзе прафэсійныя тэнісісты атрымалі права выступаць у турніры нароўні з аматарамі. Кен Розуэл стаў першым пераможцам чэмпіянату Новай эры, атрымаўшы ў якасьці прыза 15 000 франкаў. Нэнсі Рычы выйграла жаночае першынство.

Пабудова тэніснай арэны Ралян Гарос зьявілася простым наступствам перамогі ў Кубку Дэвіса «чатырох мушкетэраў» — Жака Бруньёна, Жана Баротра, Анры Кашэ і Рэнэ Лякоста — у 1927 годзе. Адказная сустрэча ў наступным годзе павінна была праводзіцца ў Францыі. Аднак, у Парыжы ў той час не было тэнісных стадыёнаў, дастатковых па ўмяшчальнасьці для правядзеньня такога буйнага мерапрыемства.

Сумеснымі высілкамі клюбу Стад Франсэ і ўраду было вызвалена 3 гектары земляў паблізу Porte d'Auteuil. Па ўмовах клюбу, новая арэна атрымала імя былога чальца клюбу, францускага героя, піянэра-авіятара і вайскоўца лётчыка Раляна Гароса, які быў першым чалавекам, які зьдзейсьніў беспасадкавы пералёт празь Міжземнае мора, і які загінуў усяго за пяць тыдняў да заканчэньня Першай сусьветнай вайны.

Стадыёны Ралян Гарос — адна з самых буйных і прэстыжных тэнісных арэнаў сьвету. Аднак, гісторыя комплексу азмрочаная кароткім пэрыядам падчас Другой сусьветнай вайны, калі, у акупаванай нямецкімі войскамі Францыі, Ралян Гарос выкарыстоўваўся, як часовы лягер, дзе нацысты зьбіралі габрэяў для наступнай іх адпраўкі на ўсход, дзе большасьць палонных знаходзілі сваю сьмерць.

З часу сваёй пабудовы Ралян Гарос перажываў неаднаразовыя зьмены і пашырэньні. Шмат хто лічыць Ралян Гарос радзімай гульні на грунтавых кортах.

Цэнтральны корт тэніснага комплексу быў пабудаваны ў 1928 годзе і месьціць 15 тыс. гледачоў. У 2001 годзе ён быў названы ў гонар былога прэзыдэнта Фэдэрацыі тэнісу Францыі Філіпа Шатрые — Court Philippe Chatrier. Другі па значнасьці корт атрымаў імя легендарнай францускай тэнісісткі Сюзан Ленглен — Suzanne Lenglen Court, ён месьціць 10 тыс. гледачоў. Корт №1 (Court No. 1) месьціць 3700 гледачоў.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Адкрыты чэмпіянат Францыі па тэнісесховішча мультымэдыйных матэрыялаў