Новак Джокавіч

сэрбскі тэнісіст

Но́вак Джо́кавіч (па-сэрбску: Новак Ђоковић, нар. 22 траўня 1987 году, Бялград, Югаславія) — сэрбскі тэнісіст, пераможца Ўімбэлданскага турніру 2011 году ў адзінкавым разрадзе, двухразовы пераможца адкрытага чэмпіянату Аўстраліі ў адзінкавым разрадзе (2008 і 2011), пераможца Кубка мастэрз 2008 году, уладальнік Кубка Дэвіса 2010 году ў складзе зборнай Сэрбіі. 4 ліпеня 2011 году ўпершыню стаў першай ракеткай сьвету ў рэйтынгу ATP.

Новак Джокавіч
Краіна
Пражывае ў
Нарадзіўся 22 траўня 1987(1987-05-22)[1][3][4][…] (37 гадоў)
Рост 188 см[5]
Вага 77 кг[5]
Пачатак кар’еры 2003 — цяпер
Працоўная рука праварукасьць[d][1]
Прызавыя грошы 186 933 983 $[1]
Адзіночны разрад
Матчаў 1136–229[1]
Тытулаў 99
Найвышэйшы рэйтынг 1 (4 ліпеня 2011)
Турніры Вялікага шлему
Аўстралія перамога (2008, 2011, 2012, 2013, 2015, 2016, 2019, 2020, 2021, 2023)
Францыя перамога (2016, 2021, 2023)
Ўімбэлдан перамога (2011, 2014, 2015, 2018, 2019, 2021, 2022)
ЗША перамога (2011, 2015, 2018, 2023)
Асноўныя турніры
Кубак Мастэрз перамога (2022, 2023)
Алімпіяда бронза (Пэкін, 2008)
Парны разрад
Матчаў 30—40
Тытулаў 1
Найвышэйшы рэйтынг 114 (30 лістапада 2009)
Турніры Вялікага шлему ў пары
Аўстралія 1 раўнд (2006, 2007)
Францыя 1 раўнд (2006)
Ўімбэлдан 2 раўнд (2006)
ЗША 1 раўнд (2006)
Новак Джокавіч у Вікісховішчы

Кар’ера

рэдагаваць

30 жніўня Новак стартаваў на US Open 2011. У паўфінале, які стаў для Джокавіча шостым запар на турнірах Вялікага шлему, ён саступаў Роджэру Фэдэрэру 0:2 па сэтах, а затым 3:5 у пятым сэце й 40-15 на падачы швайцарца. Аднак адыграўшы падвойны матчбол, сэрб атрымаў выніковую перамогу (6:7, 4:6, 6:3, 6:2, 7:5). 12 верасьня ў фінале ў шосты раз запар адолеў Рафаэля Надаля (6:2, 6:4, 6:7, 6:1), упершыню ў кар’еры выйграўшы US Open. Такім чынам, у 2011 году Новак перамог на трох турнірах Вялікага шлема.

Джокавіч пачаў сэзон 2012 году зь перамогі на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. У фінале сэрб перамог Надаля ў пяці сэтах, зрабіўшы брэйк у вырашальным сэце і выгуляўшы зь лікам 7:5. Матч трываў 5 гадзін 53 хвіліны, што зрабіла яго самым працяглым матчам у гісторыі аўстралійскага турніру, а таксама найдаўжэйшым фіналам у гісторыі любога турніру Вялікага шлема[6]. Далей Джокавіч прагуляў Джону Ізнэру ў паўфінале ў Індыян-Ўэлзе, але пасьпяхова абараніў свой тытул у Маямі. У Монтэ-Карлё ён саступіў у фінале Надалю ў двух сэтах запар, ня здолеўшы перашкодзіць гішпанцу здабыць там свой рэкордны восьмы тытул. Джокавіч таксама зазнаў паразу гішпанцу ў Рыме ў двух сэтах[7].

 
Тэнісіст у 2012 годзе.

Джокавіч выйшаў у свой першы фінал на адкрытым чэмпіянаце Францыі, перамогшы ў паўфінале Фэдэрэра[8]. Ён мог зрабіцца першым гульцом пасьля Рода Лэйвэра ў 1969 годзе, які валодаў усімі чатырма тытуламі ATP адначасна, але прагуляў Надалю ў чатырох сэтах у фінале[9]. На Ўімбэлдане тэнісіст саступіў у паўфінале Фэдэрэру. У выніку перамогі на гэтым турніры Фэдэрэр абышоў Джокавіча ў рэйтынгу, стаўшы першай ракеткай сьвету. На Алімпіядзе ў Лёндане ў 2012 годзе Джокавіч быў сьцяганосцам зборнай Сэрбіі[10]. Там ён дакрочыў да паўфіналу, але саступіў будучаму чэмпіёну Эндзі Марэю (5:7, 5:7), а ў матчы за трэцяе месца прагуляў Хуану Мартыну дэль Потра (5:7, 4:6), такім чынам, ня здолеўшы паўтарыць свой бронзавы вынік з папярэдняй Алімпіяды. На адкрытым чэмпіянаце ЗША Джокавіч упэўнена прабіўся ў фінал, прайграўшы толькі адзін сэт у шасьці матчах, але ў вырашальным паядынку саступіў Марэю[11]. Пасьля гэтага спартовец здабыў перамогі на адкрытым чэмпіянаце Кітаю і турніры Шанхай мастэрз. Па зьняцьці Фэдэрэра з мастэрз у Парыжы Джокавіч забясьпечыў сабе першае месца ў рэйтынгу сэзону. На выніковым турніры сэрб быў мацней за ўсіх супернікаў.

Сэзон 2013 году спартовец пачаў з посьпеху ў Аўстраліі, дзе ў фінале сэрбам быў пераможаны Марэй, чым абараніў тытул папярэдніх двух гадоў[12]. Гэта зрабіла яго першым тэнісістам адкрытай эры, які тройчы запар стаў чэмпіёнам чэмпіянату Аўстраліі. Акрамя таго, ён ураўняў свае вынікі з Андрэ Агасі і Роджэрам Фэдэрэрам паводле агульнай колькасьці тытулаў. Пасьля некалькіх няўдалых выступаў Джокавіч перамог на турніры мастэрз у Монтэ-Карлё, адолеўшы ў фінале Рафаэля Надаля. Гэта пераірвала васьмігадовую сэрыю перамог гішпанца на турніры. На Ралян Гаросе сэрб дакрочыў да паўфіналу, але саступіў Надалю. На Ўімбэлданскі турніры тэнісіст дакрочыў да паўфіналу, ня маючы паразаў у сэтах. Аднак, у паўфінальным матчы супраць Хуана Мартына дэль Потра дзеля перамогі яму спатрэбілася згуляць усе 5 партыяў. У фінале сэрб саступіў у трох сэтах Марэю. У некалькіх наступных турнірах Джокавіч кожны раз быў выбіты Надалем, і толькі на турніры ў Пэкіне сэрб выгуляў гішпанца ў фінальным матчы. Чэмпіёнскім для спартоўца стаў і турнір у Шанхаі. У пачатку лістапада ў Парыжы Джокавіч выйграў свой трэці мастэрз у сэзоне.

 
Джокавіч на турніры ў Італіі ў 2014 годзе.

У 2014 годзе Джокавіч традыцыйна пачаў сэзон на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. У чвэрцьфінале ён сустрэўся з Станісласам Ваўрынкам, зь якім летась двойчы гуляў у 5-сэтавых матчах на сусьветным туры АТП. Аднак на гэты раз у пятай партыі сэрб прайграў зь лікам 9:7. Такім чынам абарваліся ягоныя тры сэрыі, як то сэрыя з 28 перамогаў пасьля паразы ў фінале адкрытага чэмпіянату ЗША 2013 году, сэрыя з 25 перамог на Аўстраліян Оўпэн і серыя з 14 паўфіналаў запар у сусьветнай сэрыі АТП. Ваўрынка ў выніку выйграў турнір. У сакавіку сэрб перамог у двух мастэрзах. Спачатку ў фінале Індыян-Ўэйлза ён выгуляў Роджэра Фэдэрэра ў трох сэтах, а ў фінале Маямі перамог Рафаэля Надаля ў двух сэтах.

На адкрытым чэмпіянаце Францыі тэнісіст зазнаў паразу ў фінале ад Надаля, але празь месяц выйграў свой сёмы тытул АТП, перамогшы Фэдэрэра ў фінале Ўімбэлданскага турніру ў 5 сэтах. На адкрытым чэмпіянаце ЗША Джокавіч дакрочыў да паўфіналу, дзе зазнаў паразу ў чатырох сэтах ад Кеі Нісікоры. У Пэкіне Джокавіч здабыў свой пяты тытул за шэсьць гадоў, але саступіў Фэдэрэру ў паўфінале шанхайскага мастэрз. Сэрб завяршыў сэзон з двума дадатковымі тытуламі, спачатку на парыскім мастэрз, дзе не аддаў аніводнага сэту, а потым быў пераможцам выніковага турніру.

Упершыню з 2010 году Джокавіч пачаў сэзон не з адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У пачатку студзеня ён узяў удзел у адкрытым чэмпіянаце Катару, дзе выбыў у чвэрцьфінале.

У Аўстраліі тэнісіст не аддаў супернікам аніводнага сэту ажно да паўфіналу. У паўфінале ён перамог дзейнага чэмпіёна Стэна Ваўрынку ў пяці сэтах, а ў фінале быў мацней за Эндзі Марэя ў чатырох сэтах. Такім чынам Джокавіч стаў першым тэнісістам адкрытай эры, які здабыў пяць тытулаў чэмпіянату Аўстраліі. Джокавіч упершыню перамог Рафаэля Надаля на Ралян Гаросе ў 2015 годзе, але саступіў у фінале Ваўрынку. Аднак ужо празь месяц ён пасьпяхова абараніў свой тытул пераможцы Ўімбэлданскага турніру, у другі раз запар перамогшы ў фінале Роджэра Фэдэрэра. На адкрытым чэмпіянаце ЗША Джокавіч зноў перамог Фэдэрэра ў фінале, выйграўшы свой 10-ы тытул Вялікага шлема. Гэтая перамога дазволіла яму датэрмінова завяршыць год на вяршыні рэйтынгу. Гэта быў чацьверты сэзон, які Джокавіч завяршаў у якасьці першай ракеткі сьвету, і першы, у якім ён утрымліваў першую пазыцыю цягам усіх 52-х тыдняў[13].

У час пасьля турніру ў ЗША Джокавіч перамагаў ува ўсіх турнірах, у якіх браў удзел, то бок у Пэкіне, Шанхаі і Парыжы, а таксама быў найлепшым на выніковым турніры.

 
Джокавіч у траўні 2016 году.

Джокавіч пачаў сэзон 2016 году зь перамогі на турніры ў Досе, які стаў для яго 60-м тытулам у кар’еры. Пасьля гэтай перамогі ён палепшыў уласны рэкорд паводле колькасьці рэйтынгавых пунктаў, набраўшы агулам 16 790 пунктаў.

У студзені Джокавіч пасьпяхова абараніў свой тытул на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, перамогшы на шляху да чэмпіёнства Роджэра Фэдэрэра ў паўфінале і Эндзі Марэя ў фінале. Гэты тытул стаў для яго шостым у Мэльбурне, чым параўнаўся з Роем Эмэрсанам. На турніры ў Індыян-Ўэйлзе сэрб зноў перамог Надаля і ў выніку абараніў свой тытул, перамогшы ў выніковым матчы Мілаша Раоніча зь лікам 6:2, 6:0. У чэрвені Джокавіч здабыў свой першы тытул на Ралян Гаросе. Ён таксама стаў адначасным уладальнікам тытулаў усіх турніраў Вялікага шлема і палепшыў уласны рэкорд паводле рэйтынгавых пунктаў, якім у яго стала 16 950.

 
Джокавіч з трафэем пераможцы адкрытага чэмпіянату Катару.

У студзені Джокавіч абараніў тытул на турніры ў Досе, перамогшы ў фінале першую ракетку сьвету Эндзі Марэя. Тэнісіст прыехаў абараняць свой тытул на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, але сэнсацыйна саступіў у другім раўндзе 117-й ракетцы плянэты ўзбэку Дзянісу Істоміну. У выніку Джокавіч ня здолеў прабіцца ў чвэрцьфінал турніру ўпершыню з адкрытага чэмпіянату Аўстраліі 2007 году. Гэта таксама была ягоная першая параза на турнірах Вялікага шлема ад гульца, які не ўваходзіць у топ-100[14]. У лютым Джокавіч браў удзел у адкрытым чэмпіянаце Мэксыкі, а ў сакавіку — на мастэрз у Індыян-Ўэйлзе, але зазнаў паразу ў абодвух турнірах Ніку Кірыясу ў трэцім і чацьвертым раўндах адпаведна. У красавіку Джокавіч выйшаў у чвэрцьфінал турніру мастэрз у Монтэ-Карлё, дзе прагуляў Давіду Гафэну. Пасьля гэтага турніру ён спыніў супрацу з сваім шматгадовым трэнэрам Марыянам Вайдам, спэцыялістам па фітнэсу Гебардам Філ-Грытчам і фізыятэрапэўтам Мільянам Аманавічам. Затым ён дакрочыў да паўфіналу мастэрз у Мадрыдзе, дзе саступіў Надалю ў двух сэтах[15].

21 траўня Джокавіч абвесьціў, што Андрэ Агасі стане ягоным новым трэнэрам, пачынаючы з турніру на Ралян Гарос. На тым першынстве ён саступіў у чвэрцьфінале Домініку Тыму[16]. Да Ўімбэлдану сэрб рыхтаваўся, выступаючы на Істбарнскім міжнародным турніры. Гэта быў першы раз з 2010 году, калі ён браў удзел на турніры на траве, акрамя Ўімбэлдану. Джокавіч здабыў тытул, перамогшы ў фінале Гаэля Манфіса. Тытул у Істбарне быў першым тытулам тэнісіста на траве па-за межамі Ўімбэлданскага турніру. Сэрб зьняўся з Ўімбэлдану падчас матчу супраць Томаша Бэрдыха праз траўму локця, якая, паводле ягоных словаў, турбавала яго апошнія паўтара гады[17]. 26 ліпеня спартовец абвесьціў, што прапусьціць чэмпіянат ЗША і астатнюю частку сэзону, каб цалкам акрыяць ад траўмы[18].

 
Тэнісіст у 2018 годзе.

Джокавіч пачаў сэзон 2018 году ў студзені з выставачнага турніру Куёнг у Аўстраліі, дзе перамог Домініка Тыма зь лікам 6:1, 6:4. На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі тэнісіст дакрочыў да чацьвертага кола, дзе саступіў карэйцу Чон Хёну зь лікам 6:7, 5:7, 6:7. У канцы студзеня яму зрабілі апэрацыю на локці, але вярнуцца на корт гулец пасьпеў на турнір у Індыян-Ўэлзе, дзе зазнаў паразу ў першым матчы. На наступным турніры мастэрз у Маямі ён таксама прайграў у першым матчы.

У красавіку ў каманду Джокавіча вярнуўся яго трэнэр Мар’ян Вайда. У Монтэ-Карлё сэрб саступіў у трэцім раўндзе Тыму. Гэтак жа няўдала ён правёў наступныя турніры, толькі ў Рыме ён прасунуўся да паўфіналу, дзе ягоны супраціў адолеў Надаль. На Ралян Гаросе Джокавіч дайшоў да чвэрцьфіналу, дзе прагуляў італьянцу Марка Чэкіната. Джокавіч пачаў травяны сэзон на турніры АТП-500 у Лёндане, дзе прасунуўся ў фінал упершыню за 12 месяцаў, але саступіў па матч-пойнце Марыну Чылічу. На Ўімбэлданскім турніры сэрб быў 12-м нумарам пасеву. У сваіх першых пяці матчах ён прайграў толькі два сэты. У паўфінале, які доўжыўся 5 гадзінаў 17 хвілін, Джокавіч перамог Надаля, перамогшы яго зь лікам 10:8 у пятым сэце. Гэты матч стаў другім паводле працягласьці паўфіналам у гісторыі турніру. У фінале Джокавіч перамог Кевіна Андэрсана. Дзякуючы гэтай перамозе ён вярнуўся ў першую дзясятку рэйтынгу.

У другой палове году Джокавіч стаў пераможцам на турніры ў Цынцынаці, перамогшы ў фінале Роджэра Фэдэрэра. Такім чынам, ён упершыню стаў пераможцам мастэрз Цынцынаці, стаўшы першым тэнісістам, які здолеў здабыць перамогі ўва ўсіх 9 турнірах сэрыі мастэрз, атрымаўшы гэтак званы «Залаты Мастэрз». Трыюмф працягнуўся на адкрытым чэмпіянаце ЗША, але астатнія турніры года склаліся няўдала.

Джокавіч пачаў сэзон 2019 году зь перамогі на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, дзе ў фінале перамог Рафаэля Надаля ў трох сэтах. Дзякуючы гэтай перамозе Новак стаў адзіным гульцом у гісторыі, які займеў 7 тытулаў чэмпіёну Аўстраліі, а таксама адзіным гульцом, які здабыў тры тытулы Сусьветнага тура АТП запар. Да яго двойчы гэта рабілі Дон Бадж, Род Лэйвэр і Роджэр Фэдэрэр, а Рой Эмэрсан, Піт Сампрас і Рафаэль Надаль — толькі адзін раз. На Ралян Гарос сэрб прабіўся ў паўфінал, дзе саступіў Тыму. У ліпені Джокавіч здабыў свой пяты тытул чэмпіёну Ўімбэлданскага турніру, перамогшы Роджэра Фэдэрэра ў гістарычным матчы зь лікам 7:6(7:5), 1:6, 7:6(7:4), 4:6, 13:12(7:3). Матч працягваўся 4 гадзіны 57 хвілін і стаў самым працяглым фіналам у гісторыі Ўімбэлдана. Гэта таксама быў першы мужчынскі адзіночны матч, які скончыўся вырашальным тай-брэйкам у пятым сэце, бо да 2019 году на Ўімбэлдане не было тай-брэйку ў апошнім сэце[19][20].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць