Канадзкі ўкраінскі дыялект

Кана́дзкі ўкраі́нскі дыяле́кт (па-ўкраінску: канадський діалект української мови, таксама — канадсько-українська мова, україноканадська мова) — варыянт украінскае мовы, які быў утварыўся ў асяродзьдзі першых дзьвюх хваляў украінскай іміграцыі ў Заходнюю Канаду ды іхных нашчадкаў. Гэты канадзка-ўкраінскі варыянт мовы быў асабліва распаўсюджаны з самых пачаткаў украінскай іміграцыі ў Канаду ў 1891 року і праіснаваў да пэрыяду сярэдзіны ХХ стагодзьдзя.

Канадзкі дыялект
Канадський діалект української мови
Ужываецца ў Канадзе
Рэгіён Збольшага — правінцыі Прэрыяў Канады, асабліва ў гістарычнай сукупнасьці ўкраінскіх паселішчаў
Колькасьць карыстальнікаў прыкладна 148 000 — 175 000
Клясыфікацыя Індаэўрапейскія мовы
Афіцыйны статус
Пісьмо кірыліца
Коды мовы

Моўна-гістарычны фон

рэдагаваць

Імігранты ў Канаду першых дзьвюх хваляў іміграцыі (1892—1914, 1918—1939 гадоў) карысталіся ў Канадзе моўнымі дыялектамі Заходняе Ўкраіны — і, адпаведна, іхняе маўленьне характарызавалася выразнай дыялектнай афарбоўкай. З нагоды таго, што эмігранты прыязджалі ў Канаду з Галічыны ды Букавіны, іхняе маўленьне нагадвала дыялекты гэтых рэгіёнаў: яно ўтрымлівала нашмат больш словаў, агульных з польскай, нямецкай ды румынскаю мовамі, ніж з расейскаю — у параўнаньні з сучаснаю ўкраінскаю мовай, якая ў асноўным засноўваецца на цэнтральных дыялектах Чаркасаў, Палтавы ды Кіева. У асноўным крыніцаю іхняга маўленьня зьяўляліся наступныя гаворкі ўкраінскае мовы: надсянская, букавінская, надднястранская, покуцкая ды іншыя.

Асаблівасьці

рэдагаваць

Будучы адрэзанай ад асноўнага арэалу ўкраінскае мовы як шляхам войнаў і сацыяльных пераўтварэньняў першае паловы ХХ стагодзьдзя, так і вялікай фізычнай адлегласьцю ад гістарычнае бацькаўшчыны, украінская мова ў Канадзе пачала зазнаваць уплыў з боку моваў іншых этнічных групаў краіны — перадусім ангельскай. У дадатак да гэтага, найбяднейшыя сяляне-першапраходцы ў Канаду ўпершыню сустрэліся з новымі тэхналёгіямі ды канцэпцыямі, для якіх у вуснай мове бракавала адпаведнікаў. Мовазнаўца Ю. А. Жлукценка наступным чынам адзначаў гэтую тэндэнцыю ў маўленьні новых імігрантаў-украінцаў у Канадзе:

У новым краі ўкраінскі імігрант сутыкнуўся зь вялікаю колькасьцю аб’ектаў, для якіх ён у сваім уласным маўленьні ня мог знайсьці назваў. Часам яны ў ёй і былі, але сам гэты аб'ект настолькі адрозьніваўся ад таго, які гэтым словам называўся на бацькаўшчыне, што гэтая назва адчувалася неадпавядальнай, і трэба было шукаць ёй замену. Узьнікнуў востры дэфіцыт украінскіх назваў, які трэба было неяк папоўніць. Зручней за ўсё было запазычваць з ангельскай, бо была беспасярэдне зьвязаная з канадзкай рэчаіснасьцю. Таму ва ўкраінскім маўленьні імігрантаў вельмі рана пачынаецца выкарыстаньне ангельскіх словаў.

Слоўны запас дыялекту каля 1920-х гадоў у асноўным складаўся з агульных украінскіх словаў, дыялектызмаў з Заходняй Украіны і ўкраінізаваных ангельскіх словаў. Прыкладам, паняткі, што былі добра вядомыя з даэміграцыйнага пэрыяду, працягвалі называцца па-ўкраінску, напрыклад вугля («вугаль»), кухня («печка»), олива («алей»). Аднак для новых паняткаў, якія не існавалі ў сельскай мясцовасьці Аўстра-Вугоршчыны (у складзе якой у той час знаходзіліся рэгіёны, зь якіх у Канаду эмігравалі будучыя канадзкія ўкраінцы) у канцы ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзяў, ангельскія словы былі проста адаптаваныя пад украінскае маўленьне: напрыклад, трок (па-беларуску: «грузавік», ад ангельскага „truck”), пампс (па-беларуску: «помпы», ад ангельскага „pumps”), кеш регистер (па-беларуску: «касавы апарат», ад ангельскага „cash register”), рісіт (па-беларуску: «квітанцыя», ад ангельскага „receipt”)[1].

З нагоды такіх моўных сувязяў, канадзка-ўкраінскі дыялект пачаў разьвівацца ў зусім іншым кірунку, ніж роднасныя яму заходнеўкраінскія дыялекты на родных землях.

Як мова нацыянальнае меншасьці ў Канадзе

рэдагаваць

З тае нагоды, што мовам меншасьцяў былі нададзеныя пэўныя правы яшчэ да пачатку ўкраінскай іміграцыі, у стэпавых правінцыях Канады да Першае сусьветнае вайны школьныя ўлады талерантна ставіліся да выкладаньня на ўкраінскай мове ў дзьвюхмоўных англя-ўкраінскіх школах. Аднак у ваенны пэрыяд усе правы моўных меншасьцяў былі скасаваныя: размаўляць па-ўкраінску ў школах катэгарычна забаранялася англя-канадзкаю ўладаю на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў ажно да 1960-х гадоў.

Украінамоўнае насельніцтва Канады, як правіла, у эканамічным дачыненьні адставала ад іншых этнічных групаў сваімі недастатковымі ведамі ангельскае мовы, патрэбнае ў большасьці прафэсіяў. Дрэнна размаўляючы па-ангельску, асабліва ў выпадку перасяленьня па-за межы этнічна-ўкраінскіх сельскіх паселішчаў, украінцы зазнавалі кпіны ды запалохваньні з боку моўнае большасьці. Канадзкая пісьменьніца ўкраінскага паходжаньня Мырна Косташ апісвала, на сваю думку, існую ў той час дыскрымінацыю супраць украінцаў наступным чынам:

Іх выхоўвалі бацькі, часта запалоханыя ўладаю англясаксонскае большасьці, бацькі, якія навучалі сваіх дзяцей ніколі ня скардзіцца і не пратэставаць, а намагацца самым стацца такімі ж, як ангельцы. Але ангельцы, зь якімі іх заклікалі змагацца і якім дагаджаць, называлі іх «багонкамі», высьмейвалі іхныя імёны і зьнешні выгляд. Дзяцей заклікалі быць прыкладам для землякоў, стаць, напрыклад, першым сярод украінцаў студэнтам юрыдычнае школы, чальцом камэрцыйнае палаты або дэпутатам Палаты грамадаў, але на шляху да гэтага было надта шмат перашкодаў: і вельмі адчувальны моўны акцэнт, і прозьвішча, цяжкае для вымаўленьня, і беднасьць сям'і, а квота для іхняй этнічнасьці ўжо была выкананая, і іх намеры шакавалі суседзяў-неўкраінцаў. Думалі, што дастаткова ім дасягнуць найлепшых характарыстык як грамадзянаў Канады — і ўзнагарода іх чакацьме, але часта ў гэтай узнагародзе ім адмаўлялі толькі з той прычыны, што яны, маўляў, не маглі ў дастатковай меры быць сапраўднымі канадцамі.

Тыя, хто пераязджаў у іншыя сельскія раёны або прылеглыя большыя месты, як напрыклад, у Вініпэг або Эдмантан, як правіла, хутка страчвалі родную мову: іх мова стала асацыявацца зь сельскай адсталасьцю — і яе ўжываньне пачало скарачацца.

Сучасны стан

рэдагаваць

Нягледзячы на тое, што на мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў у славянскіх грамадах Канады — у той час пераважна сельскіх — украінская мова ўзяла на сябе яшчэ й функцыю міжэтнічнага кантактаваньня, (што, мажліва, абумоўлівалася ейным прамежкавым палажэньнем між мовамі ўсходніх, заходніх і паўднёвых славянаў), зараз колькасьць носьбітаў украінскае мовы ў Канадзе працягвае скарачацца.

Зараз дзяржаўная моўная палітыка атрымала значныя зьмены і стала больш цярпліваю ў стаўленьні да іншамоўных меншасьцяў. За сёньняшнім часам у Канадзе існуюць дзьвюхмоўныя англя-ўкраінскія школы, украінская мова выкладаецца як прадмэт у пачатковых ды сярэдніх навучальных школах, як і дзяржаўных, так і каталіцкіх. Пасьля ўхваленьня першага ў Албэрце школьнага заканадаўства пра дзьвюхмоўныя праграмы ў 1971 годзе школы Заходняе Канады прапаноўваюць навучаньне ў ангельска-ўкраінскіх дзьвюхмоўных праграмах. Падобныя законы пазьней усталяваныя і ў Саскачэване ды Манітобе. Украінскую мову і літаратуру выкладаюць у Манітобскім, Албэрцкім ды Саскачэванскім унівэрсытэтах Заходняе Канады.

Украінцы, якія прыехалі ў Канаду пасьля Другое сусьветнае вайны ці пазьней, як правіла не размаўляюць на канадзка-ўкраінскай мове — гэта выключна сфэра ўкраінаканадцаў.

Дэмаграфія

рэдагаваць

Падчас праведзенага ў 2001 року перапісу насельніцтва ў Канадзе 148 085 асобаў пазначыла ўкраінскую мову ў якасьці роднай, дыялект пры гэтым ня ўлічваўся.

Найбуйнейшая ўкраінская супольнасьць існуе ў Антарыё — аднак і там носьбіты ўкраінскае мовы складаюць нязначны адсотак насельніцтва; у той жа час у стэпавых правінцыях ён значна вышэйшы. У атлянтычных правінцыях і паўночнай Канадзе колькасьць носьбітаў украінскай мовы нязначнае.

Зьвесткі па асобных правінцыях (2001 рок):

Правінцыя Колькасьць носьбітаў Адсотак насельніцтва
правінцыі
Брытанская Калумбія 13 600 0,35
Албэрта 33 970 1,15
Саскачэван 19 650 2,04
Манітоба 26 540 2,40
Антарыё 48 620 0,43
Квэбэк 5 125 0,07

Прыклады

рэдагаваць
 
Былы сьцяг Канады, узгаданы ў лемантары 1925 году

Верш пра сьцяг Канады (былы) зь лемантара, выдадзенага ў 1925 року:

Наш прапор.
Наш прапор має три кольори: червоний, білий і синий.
Червоний означає: «Будь відважний».
Білий означає: «Будь чесний».
Синий означає: «Будь вірний».
Памятаймо о тім, коли дивимось на Наш прапор.

Прыклады запазычаньняў

рэдагаваць
Канадзка-ўкраінская мова Украінская літаратурная мова Беларускі пераклад
пироги (па-польску: pierogi) вареники варэнікі
файно добре добра[a]
шузи (па-ангельску: shoes) взуття абутак
дев’ятдесят (па-польску: dziewięćdziesiąt) дев’яносто дзевяноста
ґара (па-ангельску: car) машина машына
айскрім (па-ангельску: ice-cream) морозиво марозіва
  1. ^ Між тым, слова «файно» мае распаўсюджваньне і ва ўкраінскай мове Ўкраіны, разам з гэтым у маўленьні беларускае мовы таксама адзначаецца падобнае прыслоўе «файна».

Літаратура

рэдагаваць
  • Жлуктенко Ю. О. Українська мова на лінгвістичній карті Канади, «Наукова думка», Київ, 1990.
  • Kostash, Myrna, All of Baba's Children, Hurtig, Edmonton, 1980.  (анг.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць