Казімер III Вялікі

польскі кароль, апошні з дынастыі Пястаў
(Перанакіравана з «Казімер III»)

Казімер III Вялі́кі (30 красавіка 1310 — 5 лістапада 1370) — польскі кароль з 1333 году, апошні кароль Польшчы з дынастыі Пястаў.

Казімер III Вялікі

Біяграфія

рэдагаваць

Сын Уладзіслава I Лакатка (1320—1333), які аднавіў адзінства польскага каралеўства пасьля працяглага пэрыяду фэадальнай раздробленасьці. У 1325 годзе Ўладзіслаў і Гедзімін, якія да гэтага варагавалі, заключылі накіраваны супраць Тэўтонскага Ордэна саюз, замацаваны дынастычным шлюбам Казімера і дачкі Гедзіміна Альдоны (у хрышчэньні Ганна), заключаны насуперак жаданьню Казімера. У якасьці пасагу, паводле паданьня, Гедзімін нібыта адпусьціў з ВКЛ больш за 20 тыс. польскіх палонных. Адным з вынікаў гэтага саюзу быў сумесны рэйд польска-літоўскага войска ў 1326 годзе на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одры.

Прыйшоўшы да ўлады, Казімер працягнуў лінію бацькі на тэрытарыяльную экспансію, якую ў інтарэсах фэадалаў Малапольшчы накіраваў на ўсход. Нягледзячы на значныя страты ў Памор’і і Велікапольшчы на карысьць крыжакоў, тэрыторыя Польскага каралеўства пры Казімеры павялічылася са 106 да 270 тыс. км², за што Казімер і празваны Вялікім. Скарыстаўшыся з адсутнасьці спадкаемцы ў апошняга галіцка-валынскага князя Юрыя-Баляслава II Тройдзенавіча (памёр у 1340 годзе), спрабаваў захапіць Галічыну і абвясьціць сябе гаспадаром «Русі», фармальна зьвязанай з Польшчай асабістай уніяй. Гэта выклікала канфлікт з Літвой, паколькі галіцкае баярства прызнала гаспадаром сына Гедзіміна Дзьмітрыя-Любарта, які, як і Казімер, быў блізкім сваяком Юрыя і якому ўдалося замацавацца на Валыні. У 1347 годзе Любарт падтрымаў ініцыятыву кіеўскага мітрапаліта Феагноста па скасаваньні асобнай Галіцкай мітраполіі, каб яна не паслужыла інструмэнтам пашырэньня ўплыву Казімера на паўднёва-заходнія землі ВКЛ. У жніўні — лістападзе 1349 году Казімер пры падтрымцы Залатой Арды, Вугоршчыны і Мазовіі захапіў амаль усю тэрыторыю былога Галіцка-Валынскага княства, у тым ліку Берасьце. У 1350 годзе войскі ВКЛ вярнулі Берасьце і Валынь, нават на кароткі час авалодалі Львовам, але Галічына засталася ў руках Казімера. У 1351—1352 гадах польска-вугорскія войскі зьдзейсьнілі некалькі паходаў на Берасьце, Белз, Уладзімер, але ВКЛ удалося захаваць большую частку набытых пры падзеле спадчыны Юрыя-Баляслава тэрыторыяў.

Паколькі шлюб з Альдонай, як і наступныя, не прынёс Казімеру законных сыноў, ён прымаў захады па забесьпячэньні пераемнасьці сваёй улады. З мэтай урэгуляваць гэтае і іншыя пытаньні міждзяржаўных адносінаў у Цэнтральнай Эўропе была арганізаваная сэрыя сустрэч (з 1335 году) у вугорскім горадзе Вішэградзе з удзелам Казімера, вугорскага караля Людовіка I (пляменьніка Казімера) і чэскага караля Яна Люксэмбурга, якая стала правобразам сучаснай Вішэградзкай групы краінаў (Польшча, Вугоршчына, Чэхія і Славаччына). У выніку было дамоўлена, што польскі трон у выпадку, калі Казімер памрэ без законных спадкаемцаў, пераходзіць да Людовіка. Пасьля пэрыяду збліжэньня з ВКЛ (1356—1366) узнавіў барацьбу за Валынь, якая працягвалася і пры яго наступніку Людовіку.

Папярэднік
Уладыслаў I Локцік
Кароль польскі
1370—1382
Наступнік
Людовік Вугорскі

Літаратура

рэдагаваць
  • Алесь Белы // . — Мн.: .
  • Довнар-Запольский М. В. Из истории литовско-польской борьбы за Волынь // Киевские университетские известия. 1896. № 8.
  • Шабульдо Ф. М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. К., 1987.
  • Рудзкі Э. Ганна Альдона, дачка Гедыміна, жонка польскага караля Казіміра Вялікага // Спадчына, № 5. 1993.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць