Камітэт дзяржаўнай бясьпекі СССР
Камітэ́т дзяржа́ўнай бя́сьпекі СССР (КГБ СССР[1]; рас. Комитет государственной безопасности СССР) — адна з назваў дзяржаўнага органа, які выконваў задачы абароны рэжыму СССР ад унутраных і вонкавых ворагаў.
Дата заснаваньня / стварэньня | 12 сакавіка 1954 |
---|---|
Імя | ꠇꠦꠎꠤꠛꠤ |
Назва арыгінальнай мовай | Комитет Государственной Безопасности |
Кароткая назва | КГБ СССР |
Сфэра дзейнасьці | контрразведка |
Пасада кіраўніка арганізацыі | старшыня КДБ СССР |
Краіна | Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік |
Выканаўчы орган | Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік |
Належыць да юрысдыкцыі | Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік |
Матчыная арганізацыя | Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік |
Месца штаб-кватэры | Lubyanka Building, Масква, Лубянская плошча |
Папярэднік | Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі СССР |
Заменены на | Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь |
Замяніў | НКВД |
Дата спыненьня існаваньня | 3 сьнежня 1991 |
Быў адной з самых магутных дзяржаўных структур у СССР. Паводле Статуту кіраўніцтва камітэтам ажыцьцяўлялася Палітычным бюро Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу (вышэйшым органам партыі) без нагляду з боку савецкага ўраду насуперак Канстытуцыі СССР[2].
У звычайным жыцьці людзі звалі проста «Камітэт». З аднаго боку, КГБ асацыявалася зь імёнамі выведнікаў, а зь іншага — з начнымі ператрусамі, павальнымі арыштамі і лягерамі для палітвязьняў. Так, адзін з найболей прыкметных лідэраў праваабарончага руху ў СССР акадэмік Андрэй Сахараў, які неаднаразова заяўляў аб дачыненьні гэтага ведамства да палітычных забойстваў і бандыцкіх нападаў на іншадумцаў і ў пачатку 1980-х правёў некалькі гадоў у ссылцы пад пільным наглядам КГБ, меў досыць высокае меркаваньне пра шарагоўцаў Камітэта. Па меркаваньні Сахарава, КГБ быў найменш карумпаванай установай сярод саюзных ведамстваў у пэрыяд брэжнеўскага застою.
Гісторыя
рэдагавацьНазоў арганізацыі неаднаразова зьмяняўся.
20 сьнежня 1917 пастановай Саўнаркаму для барацьбы з контррэвалюцыяй і сабатажам у Савецкай Расеі была ўтвораная Ўсерасейская надзвычайная камісія (ВЧК). Першы старшыня: Фэлікс Дзяржынскі. Агульнапрыняты назоў супрацоўнікаў ВЧК — чэкісты.
6 лютага 1922 ВЦВК прыняў пастанову аб скасаваньні ВЧК і ўтварэньні Дзяржаўнага палітычнага кіраваньня (ДПК) пры НКУС РСФСР.
2 лістапада 1923 прэзыдыюм ЦВК СССР стварыў Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае кіраваньне (АДПК) пры СНК СССР.
10 ліпеня 1934 ў адпаведнасьці з пастановай ЦВК СССР органы дзяржаўнай бясьпекі ўвайшлі ў Народны камісарыят унутраных справаў (НКУС) СССР.
3 лютага 1941 НКУС СССР быў падзелены на два самастойныя органы: НКУС СССР і Наркамат дзяржаўнай бясьпекі (НКДБ) СССР. У ліпені 1941 году НКДБ СССР і НКУС СССР ізноў былі аб’яднаныя ў адзіны наркамат — НКУС СССР. У красавіку 1943 быў зноў утвораны Наркамат дзяржаўнай бясьпекі СССР.
15 сакавіка 1946 НКДБ быў пераўтвораны ў Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі (МДБ).
7 сакавіка 1953 было прынятае рашэньне пра аб’яднаньне Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі ў адзінае МУС СССР.
13 сакавіка 1954 створаны Камітэт дзяржаўнай бясьпекі пры Радзе Міністраў СССР (з 1978 — КГБ СССР).
Паводле савецкага перабежніка Станіслава Леўчанкі (нар. 28 ліпеня 1941), на 1979 год Камітэт дзяржаўнай бясьпекі СССР налічваў 250 000 штатных супрацоўнікаў. Яшчэ звыш 750 000 таемных даносчыкаў супрацоўнічалі з КГБ унутры Савецкага Саюзу[3].
6 траўня 1991 старшыня Вярхоўнага Савету РСФСР Барыс Ельцын і старшыня КГБ СССР Уладзімер Гаплікаў падпісалі пратакол аб стварэньні ў адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду народных дэпутатаў РСФСР Камітэту дзяржаўнай бясьпекі РСФСР (КГБ РСФСР), які мае статут саюзна-рэспубліканскага дзяржаўнага камітэта.
26 лістапада 1991 прэзыдэнт РСФСР Б. М. Ельцын падпісаў Указ аб пераўтварэньні КГБ РСФСР у Агенцтва Фэдэральнай бясьпекі РСФСР (АФБ РСФСР).
28 лістапада 1991 прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падпісаў Указ «Аб усталяваньні Часовага становішча аб Міжрэспубліканскай службе бясьпекі (МСБ)».
3 сьнежня 1991 прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падпісаў Закон «Аб рэарганізацыі органаў дзяржаўнай бясьпекі». На падставе Закону КГБ СССР быў скасаваны, і на пераходны пэрыяд на яго аснове створаныя Міжрэспубліканская служба бясьпекі (МСБ) і Цэнтральная служба выведкі СССР.
19 сьнежня 1991 прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын падпісаў Указ «Аб стварэньні Міністэрства бясьпекі і ўнутраных справаў РСФСР» (МБВД). Пры гэтым была фактычна скасаваная МСБ.
14 студзеня 1992 Канстытуцыйны Суд РФ прызнаў неадпаведным Канстытуцыі РСФСР і адмяніў Указ Прэзыдэнта РСФСР «Аб утварэньні Міністэрства бясьпекі і ўнутраных справаў РСФСР».
Аб далейшай гісторыі спэцслужбаў-пераемнікаў КГБ глядзіце артыкул Фэдэральная служба бясьпекі.
Старшыні
рэдагаваць- Іван Сяроў (13 сакавіка 1954 — 8 сьнежня 1958), генэрал-палкоўнік, з 8 жніўня 1955 году — генэрал войска;
- Аляксандар Шалепін (25 сьнежня 1958 — 13 лістапада 1961);
- Уладзімер Сямічасны (13 лістапада 1961 — 18 траўня 1967), з 9 сьнежня 1963 году — генэрал-палкоўнік;
- Юрый Андропаў (18 траўня 1967 — 26 траўня 1982), з 17 сьнежня 1973 году — генэрал-палкоўнік, з 10 верасьня 1976 году — генэрал войска;
- Віталій Федарчук (26 траўня — 17 сьнежня 1982), генэрал-палкоўнік;
- Віктар Чэбрыкаў (17 сьнежня 1982 — 1 кастрычніка 1988), генэрал-палкоўнік, з 4 лістапада 1983 году — генэрал войска;
- Уладзімер Гаплікаў (1 кастрычніка 1988 — 21 жніўня 1991), генэрал войска;
- Вадзім Бакацін (23 жніўня — 22 кастрычніка 1991), генэрал-лейтэнант.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005.
- ^ Зянон Пазьняк (19 студзеня 2013) Кагэбэ. Беларуская Салідарнасьць. Праверана 25 студзеня 2013 г.
- ^ Станіслаў Леўчанка. Супраць цячэньня. 10 гадоў у КДБ = Против течения. 10 лет в КГБ. — Нью-Ёрк: Лібэрці, 1988. — 264 с.
Літаратура
рэдагаваць- Складальнікі А.І.Какурын, Н.У.Пятроў Лубянка: Органы ВЧК-ОГПУ-НКВД-НКГБ-МГБ-МУС-КГБ, 1917—1991: Даведнік = Лубянка: Органы ВЧК-ОГПУ-НКВД-НКГБ-МГБ-МВД-КГБ, 1917—1991: Справ.. — Масква: Міжнародны фонд «Дэмакратыя», 2003. — ISBN 5856461096
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Agentura.Ru: Спэцслужбы пад кантролем
- Пятроў Н., Скоркін К. Ведамасныя ўзнагароды ў ВЧК-КГБ
- Какурын А., Пятроў Н. Структура Цэнтральнага апарата КГБ пры ГЛ СССР: 1954—1960, 1961—1967
- Сайт КГБ РБ
- Сайт ФСБ РФ