Зьезд народных дэпутатаў СССР
Зьезд народных дэпутатаў СССР — парлямэнт Савецкага Саюзу ў 1989—1991 гады.
Зьезд народных дэпутатаў СССР | |
Даведка | |
---|---|
Скарот | ЗНД СССР |
Дата ўтварэньня | 25 траўня 1989 (35 гадоў таму) |
Дата спыненьня існаваньня | 5 верасьня 1991 (33 гады таму) |
Праўны стан | парлямэнт |
Сядзіба | Масква |
Месцазнаходжаньне | Расейская СФСР |
Дзейнічае ў месцах | Савецкі Саюз |
Службовыя мовы | расейская |
Зьвязаныя службы | Вярхоўны Савет СССР, Камітэт канстытуцыйнага нагляду СССР |
Утварэньне
рэдагаваць1 сьнежня 1988 году ўхвалілі Закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР» і ўнесьлі папраўку ў Канстытуцыю СССР 1977 году, паводле якой Зьезд народных дэпутатаў СССР вызначаўся ў якасьці найвышэйшага органу дзяржаўнай улады. 26 сакавіка 1989 году прайшлі выбары народных дэпутатаў СССР. Сярод 2250 месцаў па 750 прызначалася для тэрытарыяльных акругаў з роўным лікам выбарцаў (вобласьці Расейскай СФСР), нацыянальна-тэрытарыяльных выбарчых акругаў і 40 агульнасаюзных грамадзкіх аб’яднаньняў. Сярод 1500 выбарчых акругаў 399 (26,6 %) былі безальтэрнатыўнымі. На гэтыя месцы вылучылі 7531-го кандыдата, што ўпершыню зрабіла выбары пераважна альтэрнатыўнымі[1]. Паўторнае галасаваньне ладзілі 9 красавіка, паўторныя выбары — 14 траўня, а паўторнае галасаваньне на паўторных выбарах — 18—21 траўня. Грамадзкія аб’яднаньні правялі галасаваньне з 11 да 23 сакавіка. У некаторых выпадках у красавіку яны ладзілі паўторныя выбары. Удалося абраць 2225 дэпутатаў, зь якіх 1957 (87 %) былі сябрамі і кандыдатамі Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу. Жанчыны занялі 352 (16 %) месцы. Сярод абраных было 237 (10,5 %) партычных працаўнікоў, 157 (6,7 %) савецкіх працаўнікоў, 95 (4,2 %) прафсаюзных працаўнікоў, 80 (3,6 %) вайскоўцаў і 7 (0,3 %) сьвятароў. Пры гэтым у Ленінградзе ня выбралі дэпутатам ніводнага партыйнага і савецкага кіраўніка, у тым ліку ніводнага 1-га сакратара і сябра бюро Ленінградзкага абласнога камітэту КПСС.
Сярод 750 месцаў у нацыянальна-тэрытарыяльных выбарчых акругах: па 32 атрымала кожная саюзная рэспубліка (у тым ліку Беларуская ССР), па 11 — кожная аўтаномная рэспубліка, па 5 — аўтаномная вобласьць і па аднам — кожная аўтаномная акруга. Сярод 750 месцаў ад агульнасаюзных грамадзкіх аб’яднаньняў:
- па 100 атрымалі КПСС, Усесаюзная цэнтральная рада прафэсійных саюзаў (УЦРПС) і каапэратыўныя аб’яднаньні (58 — Саюзная рада калгасаў, 40 — спажывецкія каапэратывы, 2 — Усесаюзнае аб’яднаньне рыбалавецкіх калгасаў);
- па 75 — Камуністычны саюз моладзі, Камітэт савецкіх жанчынаў і Ўсесаюзная арганізацыя вэтэранаў вайны і працы, навуковых таварыстваў (20 — Акадэмія навук СССР, па 10 — навуковыя суполкі ў АН СССР, Усесаюзная акадэмія сельскагаспадарчых навук, Саюз навуковых і інжынэрных таварыстваў СССР, Акадэмія мэдычных навук СССР; па 5 — Акадэмія пэдагагічных навук СССР, Акадэмія мастацтваў СССР, Усесаюзнае таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў) і творчых саюзаў (па 10 — Саюз архітэктараў СССР, Саюз журналістаў СССР, Саюз кінэматаграфістаў СССР, Саюз пісьменьнікаў СССР, Саюз тэатральных дзеячоў СССР, Саюз маляроў СССР, Саюз кампазытараў СССР; 5 — Саюз дызайнэраў СССР);
- 75 — іншыя: 15 — Усесаюзнае добраахвотнае таварыства садзейнічаньня арміі, авіяцыі і флёту (ДТСААФ), па 10 — Саюз таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР, Усесаюзнае таварыства «Веды»; 7 — Савецкі фонд міру, па 5 — Савецкі камітэт абароны міру, Савецкі дзіцячы фонд, Савецкі фонд культуры, Савецкі фонд міласэрнасьці і здароўя, Саюз савецкіх таварыстваў сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі; 3 — спартовыя таварыствы «Дынама», Цэнтральны спартовы клюб арміі, прафсаюзаў; па адным — Усесаюзнае добраахвотнае таварыства аматараў кнігі, Усесаюзнае музычнае таварыства, Усесаюзнае таварыства змаганьня за цьвярозасьць, Усесаюзнае таварыства філятэлістаў і Таварыства сяброў кіно СССР.
Паўнамоцтвы
рэдагавацьУ сьнежні 1989 году Зьезд народных дэпутатаў СССР ухваліў Рэглямэнт ЗНД СССР і закон «Аб статусе народных дэпутатаў у СССР». Зацьвярджаў законы і пастановы большасьцю галасоў ад агульнага ліку дэпутатаў. Вынятковаму вядзеньне ЗНД СССР падлягалі:
- зацьвярджэньне старшыняў Савету міністраў, Вярхоўнага суду і Найвышэйшага арбітражнага суду СССР, генэральнага пракурора СССР, а таксама абраньне Камітэту канстытуцыйнага нагляду СССР;
- абраньне Вярхоўнага Савету СССР і яго старшыні;
- вызначэньне асноўных напрамкаў унутранай і вонкавай палітыкі СССР;
- зацьвярджэньне зьмяненьня межаў між саюзнымі рэспублікамі;
- вызначэньне дзяржаўнай мяжы СССР;
- ухваленьне рашэньняў наконт нацыянальна-дзяржаўнага ўладкаваньня;
- ухваленьне Канстытуцыі СССР і ўнясеньне ў яе зьмяненьняў.
Дзейнасьць
рэдагавацьЗьезд народных дэпутатаў СССР правёў 5 сэсіяў:
- 25 траўня — 9 чэрвеня 1989 году;
- 12—24 сьнежня 1989 году;
- 12—15 сакавіка 1990 году;
- 17—26 сьнежня 1990 году;
- 2—5 сьнежня 1991 году.
25 траўня 1989 году старшынёй Вярхоўнага Савету СССР быў абраны генэральны сакратар Цэнтральнага камітэту КПСС Міхаіл Гарбачоў. Цэнтральнае тэлебачаньне СССР вяло наўпроставыя трансьляцыі з паседжаньняў ЗНД СССР. Да 9 чэрвеня абралі Вярхоўны Савет СССР, які ў 12-м скліканьні налічваў 542 дэпутаты. На сэсіі ў сьнежні 1989 году дэпутат Савету нацыянальнасьцяў Вярхоўнага Савету Барыс Ельцын, які ўзначаліў Міжрэгіянальную дэпутацкую групу зь ліку 388 чалавек (17 % дэпутатаў), запатрабаваў скасаваць 6-ы артыкул Канстытуцыі, дзе згадвалася, што «КПСС ёсьць кіроўнай і накіравальнай сілай» дзяржавы.
15 сакавіка 1990 году Зьезд народных дэпутатаў СССР увёў пасаду прэзыдэнта СССР, на якую абраў Гарбачова ў ходзе безальтэрнатыўнага галасаваньня. У сэсіі бралі ўдзел 2000 сярод 2245 абраных дэпутатаў. За Гарбачова падалі 1329 галасоў (59,2%), а супраць 495. Пры гэтым старшынёй зьезду быў абраны ягоны 1-ы намесьнік Анатоль Лук'янаў, які быў кандыдатам у сябры Палітбюро ЦК КПСС. Таксама на сэсіі прыбралі згадку КПСС з 6-га артыкула Канстытуцыі, што скасавала аднапартыйны лад у Савецкім Саюзе.
У сьнежні 1990 году Зьезд народных дэпутатаў СССР ухваліў Закон аб усенародным галасаваньні. Таксама стварылі пасаду віцэ-прэзыдэнта СССР, на якую быў абраны Генадзь Янаеў, які быў сябрам Палітбюро і сакратаром ЦК КПСС. Скасавалі Прэзыдэнцкую раду, але Кабінэт міністраў падпарадкавалі прэзыдэнту СССР. На пасаду старшыні Найвышэйшага арбітражнага суду СССР абралі Веньяміна Якаўлева, які быў сябрам ЦК КПСС і міністрам юстыцыі СССР. Генэральным пракурорам СССР стаў Мікалай Трубін, які быў пракурорам Расейскай СФСР. 24 сьнежня 1553 (69,3 %) дэпутаты прагаласавалі за ўсесаюзны рэфэрэндум аб прыватным землеўладаньні. Сярод іншага, заснавалі Раду бясьпекі СССР.
5 верасьня 1991 году Зьезд народных дэпутатаў СССР ухваліў «Дэклярацыю правоў і свабодаў чалавека», закон «Аб органах дзяржаўнай улады і кіраваньня СССР у пераходны пэрыяд», якім пазбавіў сябе паўнамоцтваў. Пасьля гэтага ЗНД СССР самараспусьціўся на прапанову Гарбачова.
Крыніцы
рэдагавацьГэта — накід артыкула па гісторыі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |