Друк

працэс друку кніг і выяваў
(Перанакіравана з «Друкарства»)

Друк — працэс атрыманьня адбіткаў пісьмовых знакаў і выяваў пры дапамозе цісьненьня, звычайна пры дапамозе чарнілаў на паперы. Часта выконваецца ў выглядзе буйнога прамысловага працэсу і зьяўляецца неад’емнай часткай выдавецкай дзейнасьці.

Сучасная газэтная друкарня

Друк быў вядомы ўжо ў Старажытным Эгіпце і дзяржавах Міжрэчча, дзе за тысячы гадоў да нашай эры вырабляліся пячаткі з гераграфічнымі знакамі. Першай вядомай формай друку быў ксыляграфічны друк, які паходзіў з Кітаю — захаваныя вырабы былі зроблены да 220 году н. э.[1] Пазьнейшымі распрацоўкамі сталіся рухомыя літары (Бі Шэн)[2] Друкарскі варштат Ёгана Гутэнбэрга зьявіўся ў XV стагодзьдзі.[3] і болей прыдатны для заходніх моваў зь невялікімі альфабэтамі[4].

Тэхналёгія друку згуляла ключавую ролю падчас эпохі Адраджэньня і навуковай рэвалюцыі, і заклала матэрыяльную аснову для сучаснай, заснаванай на ведах эканомікі і распаўсюджваньні гэтых ведаў сярод чалавецтва[4]. Друк можа ажыцьцяўляцца практычна на любой цьвёрдай паверхні. Распаўсюджанымі матэрыяламі для друку ёсьць папера, кардон, тканіна, мэтал, шкло, плястмаса і палімэры, каменьні.

Наступствы

рэдагаваць

Колькасныя аспэкты

рэдагаваць
 
Дыяграма колькасьці друкаваных кніг мэтадам рухомых літараў у Эўропе з прыблізна 1450 па 1800 гады.

Паводле ацэнак, пасьля вынаходзтва друкарскага варштату Гутэнбэргам выпуск кнігаў у Эўропе вырас зь некалькіх мільёнаў асобнікаў да прыблізна аднаго мільярда асобнікаў на працягу менш чым чатырох стагодзьдзяў[5].

Рэлігійныя

рэдагаваць
 
Копія друкарскага варштату Гутэнбэрга, якая месьціцца ў Міжнародным музэі друкарства ў Карсане, Каліфорнія, ЗША.

Ангельскі навуковец Сэм’юэл Гартліб, захоплены сацыяльнымі і культурнымі рэформамі, у 1641 годзе напісаў, што мастацтва друку будзе настолькі распаўсюджваць веды, што простыя людзі, ведаючы ўласныя правы і свабоды, не будуць кіравацца шляхам прыгнёту[6].

У мусульманскім сьвеце кнігадрукаваньне, асабліва арабскім альфабэтам, было настойліва забаронена ў раньні Новы час, хаця часам друк дазваляўся іўрытам альбо армянскім пісьмом. Менавіта праз гэта, першая друкавая кніга рухомымі літарамі ў Асманскай імпэрыі была надрукавана на іўрыце ў 1493 годзе[7]. Паводле словаў імпэратарскага амбасадара ў Стамбуле ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя, для туркаў было грэхам друкаваць рэлігійныя кнігі. У 1515 годзе султан Сэлім I выдаў дэкрэт, згодна зь якім практыка друку каралася сьмерцю. У канцы XVI стагодзьдзя султан Мурад III дазволіў продаж нерэлігійных друкаваных кнігаў арабскім альфабэтам, але большасьць зь іх імпартавалася з Італіі. Ібрагім Мютэфэрыка стварыў першы варштат для друку на арабскай мове ў Асманскай імпэрыі, не зважаючы на пратэсты з боку каліграфаў і частцы ўлемаў. Ён працаваў да 1742 году, надрукаваўшы ўсяго толькі сямнаццаць твораў, усе зь якіх ня тычыліся рэлігіі. Друк ня стаў распаўсюджаным у ісламскім сьвеце да XIX стагодзьдзя[8].

Габрэям забаранялася друкавацца нямецкімі гільдыямі, у выніку чаго габрэйскае кнігадрукаваньне мела распаўсюд у Італіі, пачынаючы з 1470 году ў Рыме, а потым распаўсюдзілася ў іншыя гарады, уключаючы Бары, Пізу, Ліворна і Мантую. Мясцовыя ўладары мелі права выдаваць альбо адклікаць ліцэнзіі на выданьне габрэйскіх кніг[9], і многія зь іх, надрукаваныя ў гэты пэрыяд, маюць на сваіх тытульных лістах надпісы «con licenza de superiori», што азначае, што іхны друк быў ліцэнзаваны цэнзарам.

Лічылася, што пашырэньне кнігадрукаваньня ўзмацняе рэлігію і моц дзейных манархаў[10], бо большасьць кніг мела рэлігійны характар, а зьмест кантраляваўся царквоў і ўладамі. Наступствы друкаваньня непажаданага з боку ўладаў матэрыялу былі вельмі экстрэмальнымі. Ангелец Ўільям Картэр у 1584 годзе надрукаваў пракаталіцкі памфлет у краіне, дзе на той момант пераважалі пратэстанты. Сьледзтвам ягонага дзеяньня стаўся ягоны арышт і пакараньне сьмерцю праз павешаньне.

Сацыяльныя

рэдагаваць

Друк даваў шырокаму колу чытачоў доступ да ведаў і дазволіў наступным пакаленьням непасрэдна абапірацца на інтэлектуальныя дасягненьні больш раньніх часоў, бязь зьменаў, якія ўзьнікаюць у межах вэрбальнае традыцыі. Друк, паводле Джона Далбэрга-Эктана, запэўніў, што праца эпохі Рэнэсансу будзе доўжыцца надалей, а напісанае будзе даступным для ўсіх, а ідэі не будць губляцца[6]. Друк дапамог зьмяніць сацыяльную прыроду чытаньня, даўшы магчымасьць атрыманьня ведаў большаму колу сацыяльных колаў.

Элізабэт Эйзэнштэйн вылучыла два доўгатэрміновыя эфэкты вынаходзтва кнігадрукаваньня. Яна сьцьвярджае, што друк стварыў устойлівую і аднастайную крыніцу для атрыманьня ведаў і дазволіў рабіць параўнаньне несумяшчальных поглядаў.

Вынаходзтва кнігадрукаваньня таксама зьмяніла прафэсійную структуру гарадоў Эўропы. Друкары ўзьніклі як новая група рамесьнікаў, для якіх пісьменнасьць была галоўнай, у той час як значна больш працаёмкая прафэсія пісьменьніка натуральна зьмянілася, бо асобнікі можна было надрукаваць пры дапамозе варштату. Рост колькасьці прадаўцоў кніг і бібліятэкараў, натуральна, рушыў усьлед за выбухам у павелічэньні колькасьці кніг.

Адукацыйныя

рэдагаваць

Друкарскі варштат Гутэнбэрга зрабіў сур’ёзны ўплыў на ўнівэрсытэты. Да вынаходзтва варштату з рухомымі літарамі большасьць пісьмовых матэрыялаў была на лацінскай мове. Аднак пасьля вынаходзтва кнігадрукаваньня колькасьць друкаваных кніг пашырылася. Лацінская мова ня была замененая цалкам, але заставалася міжнароднай мовай да XVIII стагодзьдзя[11].

З ростам колькасьці кніг унівэрсытэты пачалі ствараць уласныя бібліятэкі, дзеля захаваньня кнігаў. У ХV стагодзьдзі Кембрыдзкі ўнівэрсытэт стварыў пасаду бібліятэкара, якая аднак была скасавана ў 1570 годзе, аднак у 1577 годзе зноўку ўтворана. Не зважаючы на гэта, некаторыя ўнівэрсытэтсы, як то Лёвэнскі каталіцкі ўнівэрсытэт, ня бачылі патрэбы ва ўнівэрсытэцкае бібліятэцы, бо кіраваліся меркаваньнем, што толькі прафэсары могуць быць носьбітамі ведаў.

Друкаварства шмат у чым зьмяніла ўнівэрсытэцкія бібліятэкі. Прафэсары нарэшце атрымалі магчымасьць параўноўваць меркаваньні розных аўтараў, а не прымушаць разглядаць толькі ідэі аднаго-двух канкрэтных аўтараў. Самі падручнікі таксама друкаваліся з розным узроўнем складанасьці[11].

  1. ^ Shelagh Vainker in Anne Farrer (ed), «Caves of the Thousand Buddhas», 1990, British Museum publications — ISBN 0-7141-1447-2.
  2. ^ Great Chinese Inventions // Minnesota-china.com  (анг.)
  3. ^ Л. І. Доўнар Кнігадрукаванне і кнігавыданне. Пункты дотыку і разыходжання // Матэрыялы Першых Кнігазнаўчых чытанняў / Склад. Т. І. Рошчына. — Мн.: 2000. — С. 6. — 160 ас. — ISBN 985-6557-03-8
  4. ^ а б Rees, Fran (2006). Johannes Gutenberg: Inventor of the Printing Press. Compass Point Books. — ISBN 978-0756-521-57-8.
  5. ^ Buringh, Eltjo; van Zanden, Jan Luiten (2009). «Charting the 'Rise of the West': Manuscripts and Printed Books in Europe, A Long-Term Perspective from the Sixth through Eighteenth Centuries». The Journal of Economic History, Vol. 69, No. 2. — С. 409–445, 417. — DOI:10.1017/S0022050709000837
  6. ^ а б Briggs, Asa and Burke, Peter (2002). «A Social History of the Media: from Gutenberg to the Internet», Polity, Cambridge. — С. 15—23, 61—73. — ISBN 978-0745-623-75-7.
  7. ^ Naim A. Güleryüz (2012). «Bizans'tan 20. Yüzyıla — Türk Yahudileri», Gözlem Gazetecilik Basın ve Yayın A.Ş., İstanbul. — С. 90. — ISBN 978-9944-994-54-5.
  8. ^ Watson, William J. (1968). «İbrāhīm Müteferriḳa and Turkish Incunabula», Journal of the American Oriental Society, volume 88, issue 3. — С. 436. — DOI:10.2307/596868.
  9. ^ «A Lifetime's Collection of Texts in Hebrew, at Sotheby's». New York Times.
  10. ^ John D. H. Downing (1990). «Questioning the Media: A Critical Introduction». Sage Publications, Inc. — С. 39. — ISBN 978-0803-971-97-4.
  11. ^ а б Modie, G. (2014). «Gutenberg's Effects on Universities». History of Education. 43 (4). — С. 17. — DOI:10.1080/0046760X.2014.930186.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Друксховішча мультымэдыйных матэрыялаў