Дом Сьвянціцкага
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Дом Сьвянціцкага
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Адрас | Вуліца Карла Маркса (30) і вуліца Леніна (13) |
Каардынаты | 53°53′57.55″ пн. ш. 27°33′39.33″ у. д. / 53.8993194° пн. ш. 27.560925° у. д.Каардынаты: 53°53′57.55″ пн. ш. 27°33′39.33″ у. д. / 53.8993194° пн. ш. 27.560925° у. д. |
Архітэктурны стыль | мадэрн |
Аўтар праекту | Зыгмунт Сьвянціцкі або Генрык Гай |
Будаваньне | ???—1913 гады |
Статус | Ахоўная зона |
Дом Сьвянціцкага | |
Дом Сьвянціцкага на Вікісховішчы |
Дом Сьвянці́цкага — помнік архітэктуры пачатку XX ст. у Менску. Знаходзіцца на рагу гістарычных Падгорнай і Францішканскай вуліцаў, 30/13. Твор архітэктуры стылю мадэрн. Аб'ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі[1].
Гісторыя
рэдагавацьПрыкладна з 1904 году гэты пляц на рагу Падгорнай і гістарычнай Францішканскай вуліцаў разам з усёй забудовай належаў грамадзянскаму інжынэру (архітэктару) Зыгмунту Зьбігневічу Сьвянціцкаму[2]. У 1913 годзе на месцы старых пабудоваў узьвялі новы даходны дом у стылі мадэрн (меркаваныя архітэктары — уладальнік пляцу або Генрык Гай, якія маглі распрацаваць праект супольна, бо мелі агульную архітэктурна-праектавую майстэрню). Стары адрас — Падгорная, 34, дом Зыгмунта (Сігізмунда) Сьвянціцкага[3], суседні дом пад нумарам 36 належаў Зыгмунту Карлавічу Сьвянціцкаму, які на працягу васьмі гадоў ўзначальваў Таварыства менскіх лекараў і заснаваў бясплатную лячэбніцу для бедных. Да Кастрычніцкага перавароту ў гэтым доме месьцілася крама Чырвонага Крыжа і жылыя памяшканьні[4]. У 1930-я гады дом зваўся Другім Домам Саветаў (Першы Дом Саветаў месьціўся на гістарычнай Захараўская вуліцы), бо ў ім жыла савецкая партыйная эліта[5].
У жніўні — верасьні 1920 году тут спыняўся Фэлікс Дзяржынскі, які займаўся ўмацаваньнем працы Менскага губчака і асобага аддзелу Чырвонай Арміі. За савецкім часам тут жылі вядомыя дзяржаўныя дзяячы Аляксандар Чарвякоў, Мікалай Галадзед, Панцеляймон Панамарэнка, Кірыл Мазураў, навукоўцы Мікалай Нікольскі, Міхаіл Мацэпура, пісьменьнік Цішка Гартны.
10 ліпеня 1980 году ў кватэры, дзе жыў і працаваў у 1951—1980 гадох Народны паэт Беларусі, акадэмік, ганаровы грамадзянін Менску Пятрусь Броўка, адкрыўся Дзяржаўны літаратурны музэй Петруся Броўкі[6].
Архітэктура
рэдагавацьБудынак Г-падобны ў пляне, трох—чатырохпавярховы. Рознапавярховасьць абумовіў рэльеф мясцовасьці. Крыло, што выходзіць на гістарычную Падгорную вуліцу, чатырохпавярховае, на высокім руставаным цокалі. Рустам апрацоўваецца таксама роўніца сьцяны 1-га паверху. Уваход у выглядзе прастакутнага праёму, над ім — паўцыркульнае акно, дэкараванае ляпнымі гірляндамі. Трыкутны франтон зь люкарнай завяршае правую частку крыла. Пад франтонам на ўзроўні 4-га паверху конхавая ніша ў абрамленьні гірлянды зь лісьця, у нішы ўсталяваная ваза, упрыгожаная лапкай. Аконныя праёмы рознай формы й памераў упрыгожваюцца ажурнымі дэкаратыўнымі каванымі падаконнымі кратамі. На ўсім фасадзе навісаюць разнастайныя бальконы, агароджа якіх з арнамэнтам, вэнзэлямі, расьліннымі элемэнтамі (чыгуннае ліцьцё). Каваныя парадныя дзьверы таксама азбаляе арнамэнт. Крыло, што выходзіць на гістарычную Францішканскую вуліцу, трохпавярховае, ягоная левая частка — чатырохпавярховая. Дэкараваная ляпнымі ўстаўкамі, атыкавымі сьценкамі, атыкавым трыкутным франтонам у чатырохпавярховай частцы, агароджай на вокнах у выглядзе балюстрады. Аркавы праезд у цэнтры фасаду перакрывае крыжовае скляпеньне, над ім умацаваны ляпны маскарон. Дваровыя фасады простыя паводле архітэктуры. Перакрытую шкляным ліхтаром лесьвічную клетку асьвятляюць невялікія паўцыркульныя вокны, што выходзяць на ўнутраны двор. У агароджы сходаў выкарыстоўваюцца дэкаратыўныя элемэнты ў выглядзе завіткоў і лісьця (чыгуннае ліцьцё)[7].
Памятныя шыльды
рэдагавацьНа будынку ўсталяваныя памятныя шыльды Фэліксу Дзяржынскаму, Аляксандру Чарвякову, Панцеляймону Панамарэнку, Мікалаю Нікольскаму, Міхаілу Мацапуру, Петрусю Броўку[8].
Галерэя
рэдагаваць-
Бакавы фасад
-
Маскарон
-
Галоўны фасад
Крыніцы
рэдагаваць- ^ склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. — Менск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
- ^ Юркевіч З. Дом Свянціцкага ў Мінску, або загадка стагоддзя // Культура. № 17 (1508), 24.04.2021 — 30.04.2021 г.
- ^ Яхимович, С. М. Весь Минскъ: или спутникъ по г. Минску. — Минскъ типографія Фельдмана и Перскаго, 1911. — С. 80. — 130 с.
- ^ Улица Лошицкая — Базарная — Подгорная — Карла Маркса Архитектура и строительство
- ^ Darriuss Районы, кварталы. Номенклатурные дома: где и как жила советская элита (рас.). onliner.by. Праверана 31 жніўня 2014 г.
- ^ Літаратурны музэй Петруся Броўкі
- ^ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988. С. 153.
- ^ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988. С. 154.
Літаратура
рэдагаваць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
- Юркевіч З. Дом Свянціцкага ў Мінску, або загадка стагоддзя // Культура. № 17 (1508), 24.04.2021 — 30.04.2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 713Г000129 |