Дзень славянскага пісьменства і культуры

традыцыйнае славянскае сьвята
(Перанакіравана з «Дзень славянскага пісьменства»)

Дзень славя́нскага пісьме́нства і культу́ры — сьвята ў розных славянскіх краінах, якое адзначаецца штороку 24 траўня ў дзень ушанаваньня стварэньня славянскай азбукі (кірыліцы) сьвятымі Кірылам і Мятодам.

Дзень славянскага пісьменства і культуры
славянская традыцыя
Паштовая марка Беларусі «1150 гадоў з часу стварэньня Кірылам і Мяфодзіем славянскай азбукі» (2013 год)
Іншыя назвы Дзень славянскага пісьменства, Дзень усеславянскіх асьветнікаў
Сьвяткуецца Беларусь, Баўгарыя, Паўночная Македонія, Расея, Славаччына, Сэрбія, Чэхія, Украіна
Значэньне ушанаваньне стварэньня славянскай азбукі ў 863 годзе ў Вялікай Маравіі
Рэлігія хрысьціянства
Сьвяткаваньні сьпеў гімнаў
Дата 24 траўня
Пэрыядычнасьць штогод
Першае сьвяткаваньне 24 траўня 1851 (172 гады таму)
Заснавальнік Найдэн Гераў
Падобныя сьвяты Дзень беларускага пісьменства

Мінуўшчына рэдагаваць

У 863 годзе па прыходзе зь Бізантыі ў Вялікую Маравію на запрашэньне князя Расьціслава хрысьціянскія прапаведнікі Кірыла і Мятод склалі славянскую азбуку і пераклалі асноўныя літургічныя кнігі хрысьціянства з грэцкай мовы на славянскую[1]. Гісторыя сьвята зьвязаная з царкоўнай традыцыяй шанаваньня ў Баўгарыі 11 траўня роўнаапостальных сьвятых асьветнікаў Кірылы і Мятода. Найранейшыя зьвесткі пра сьвяткаваньне паходзяць з XII стагодзьдзя, а ў эпоху баўгарскага Адраджэньня яно ператварылася ў сьвята створанай імі азбукі.

Таксама памяць сьвятых братоў шанавалі й іншыя славянскія народы, але з часам гэтая традыцыя была страчаная. З пачатку XIX стагодзьдзя нароўні з адраджэньнем славянскіх народнасьцей аднавілася і шанаваньне славянскіх асьветнікаў.

Сьвяткаваньні рэдагаваць

 
Помнік Кірылу і Мятоду. Баўгарская нацыянальная бібліятэка

Баўгарыя рэдагаваць

З ініцыятывы баўгарскага нацыянальнага дзеяча Найдэна Герава (1823—1900) сьвята адзначаецца ў Баўгарыі 11 траўня (паводле юліянскага календара) з 1851 року.

У 1892 року настаўнік музыкі Стаян Міхайлаўскі (1856—1927) напісаў тэкст агульнашкольнага гімну, названага «Гімн сьвятых Кірылы і Мятода». У 1900 року кампазытар Панаёт Піпкаў (1871—1942) напісаў да яго музыку.

У 1916 року зь пераходам Баўгарыі на грыгарыянскі каляндар сьвята перанесенае на 24 траўня. У 1990 року Народны сход Баўгарыі абвясьціў 24 траўня Днём баўгарскай асьветы, культуры і славянскага пісьменства (па-баўгарску: Ден на българската просвета, култура и славянската писменост).

З далучэньнем Баўгарыі да Эўразьвязу 1 студзеня 2007 року кірыліца стала ягонай трэцяй афіцыйнай азбукай.

Беларусь рэдагаваць

У 1986 годзе ў Беларусі пачалі сьвяткаваць Дзень славянскага пісьменства і культуры[1]. У 1990 року цэнтрам сьвяткаваньня савецкага дня славянскай культуры і пісьменства быў абраны Менск.

Паўночная Македонія рэдагаваць

У Паўночнай Македоніі сьвята афіцыйна завецца Дзень усеславянскіх асьветнікаў і вучыцялёў (па-македонску: Ден на сесловенските просветители и учители) або Дзень сьвятых салунскіх братоў сьвятых Кірылы і Мятода (па-македонску: Ден на Светите браќа на Солун, Свети Кирил и Методиј). Асноўныя ўрачыстасьці адбываюцца ў Охрыдзе.

Расея рэдагаваць

У 1863 року з нагоды сьвяткаваньня 1000-годзьдзя Мараўскай місіі сьвятых Кірылы і Мятода расейскі Сьвяты Сынод вызначыў штогадовае сьвяткаваньне ў гонар вялебных Кірылы і Мятода 11 траўня.

У 1985 року, у адзначэньне 1100-годзьдзя скону Мятоду, у СССР дзень 24 траўня быў абвешчаны «сьвятам славянскай культуры і пісьменства»[2].

З 1991 року ў РСФСР пастаноўленае штогадовае адзначэньне «Дзён славянскай культуры і пісьменства» з сталіцай у новым населеным пункце[3]. З 2010 року гэтая традыцыя скасаваная, адгэтуль асноўныя ўрачыстасьці адбываюцца ў Маскве[4].

Славаччына і Чэхія рэдагаваць

Дзень сьвятых роўнаапостольных братоў Кірылы і Мятода (па-славацку: Sviatok svätého Cyrila a svätého Metoda, па-чэску: Den slovanských věrozvěstů Cyrila a Metoděje) адзначаецца штороку 5 ліпеня, у дзень прыходу сьвятых у Вялікую Маравію.

Украіна рэдагаваць

 
Паштовая марка Ўкраіны

З 2005 року 24 траўня Дзень славянскага пісьменства і культуры (па-ўкраінску: День слов’янської писемності і культури) адзначаецца ва Ўкраіне.

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць