Дзень вызваленьня Беларусі ад белапалякаў

Дзень вызвале́ньня Белару́сі ад белапаля́каў — дзяржаўнае сьвята ў БССР. Да 1939 року гэта было галоўнае ідэалагічнае сьвята БССР.

Дзень вызваленьня Беларусі ад белапалякаў
Сьвяткаваньне ў Менску (1935)
Сьвяткуецца Беларуская ССР
Дата 11 ліпеня
Пэрыядычнасьць штогадовае
Першае сьвяткаваньне 1921
Апошняе сьвяткаваньне 1940

Мінуўшчына рэдагаваць

11 ліпеня 1920 року Чырвоная Армія выгнала зь Менску польскае войска. На беларуска-польскую мяжу бальшавікі выйшлі 26 ліпеня, а 31 ліпеня ў Менск прыбыў ўрад БССР і была абвешчаная незалежнасьць ССРБ. Нягледзячы на гэта, памятная дата стала адзначацца фактычна ў дзень вызваленьня Менску.

У першыя гады 11 ліпеня ня мела статусу сьвята, а зьяўлялася проста памятным днём. На першую гадавіну вызваленьня ад «белапалякаў» у менскім гарадзкім тэатры абвясьцілі стварэньне БДУ. З 1923 року 11 ліпеня афіцыйна стаў непрацоўным днём пад назвай «дзень вызваленьня Менску з-пад белапольскай акупацыі». Да пачатку 1930-х сьвята стала называцца «днём вызваленьня Савецкай Беларусі ад белапалякаў».

У 1927 року быў зацьверджаны новы герб БССР, на якім у гонар 7-й гадавіны перамогі над Польшчай сонечныя прамяні былі падзеленыя прамежкамі на 7 аднолькавых пучкоў.

У 1930 року ў Камароўскім парку (цяпер Чалюскінцаў) быў адкрыты Ўсебеларускі стадыён імя 10-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад белапалякаў (не захаваўся). У 1931 адкрытае клінічнае мястэчка на Барысаўскім тракце (цяпер 1-я гарадзкая клінічная больніца). У 1932 у будынку Чырвонага касьцёлу адкрыты Дзяржаўны польскі тэатар імя 11 ліпеня. У 1933 быў закладзены падмурак Дзяржаўнага тэатру опэры і балету. У 1935 сьвята адзначалася найбольш шырока: Міхаіл Калінін узнагародзіў БССР ордэнам Леніна, у Менску адбыліся ўрачыстыя шэсьці калектываў прадпрыемстваў усяе БССР. У 1938 року быў зьняты аднайменны фільм пра вызваленьне Менску ад белапалякаў.

Пасьля далучэньня да БССР Заходняй Беларусі дата 11 ліпеня стала неактуальнай. Апошні раз яе адзначылі на 20-годзьдзе, у 1940 року. З пачаткам нямецка-савецкай вайны сьвяткаваньне спынілася.

Вуліцы рэдагаваць

У Гародні існуе вуліца 11 Ліпеня.

Глядзіце таксама рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

Шаблён:Польска-савецкая вайна