Дзейнасьць БНР
Дзейнасьць органаў БНР на міжнародным прававым полі.
Урад БНР ужо ў першыя месяцы пасьля абвяшчэньня незалежнасьці зрабіў шэраг крокаў па стварэньні сваёй дыпляматычнай службы — важнага атрыбуту дзяржаўнасьці. Гэта была вельмі складаная задача, і прычын таму было некалькі. Па-першае, урад — Народны Сакратарыят — ня быў прызнаны акупацыйнымі нямецкімі ўладамі. Па-другое, сябры Рады БНР і Народнага Сакратарыята і ўсе, хто ім дапамагаў, выконвалі свае абавязкі, можна сказаць, на грамадзкіх пачатках. Сродкаў для сталага фінансаваньня дзяржаўнай дзейнасьці не хапала. Па-трэцяе, кіраўнічы актыў БНР ня меў досьведу міжнароднай дзейнасьці, у распараджэньні Народнага Сакратарыята не аказалася аніводнага прафэсіянальнага дыплямата зь беларусаў. А тым часам сярод задачаў, якія паўсталі перад БНР і яе стваральнікамі, на першае месца вылучыліся як раз задачы дыпляматычнага характару: паўплываць на ход перамоваў у Берасьці-Літоўскім на карысьць Беларусі, наладзіць адносіны зь нямецкімі ўладамі і дамагацца ад іх прызнаньня БНР і яе ўраду, нарэшце, забясьпечыць дыпляматычнае прызнаньне БНР з боку іншых дзяржаваў.
Складанасьць і важнасьць зьнешнепалітычных задачаў добра разумелі стваральнікі БНР. У складзе Народнага Сакратарыята адразу ж была прадугледжана пасада народнага сакратара па замежных справах. Сябры Рады вельмі ўважліва ставіліся да пэрсанальна-кадравых пытаньняў у гэтай справе. Міністрам замежных справаў неабходна было зацьвердзіць найбольш аўтарытэтнага і адукаванага чалавека. Выйсьце было знойдзена такім чынам: замежныя справы ў Народным Сакратарыяце даручаліся старшыні першага ўрада — Язэпу Варонку. Гэта быў вядомы на Беларусі палітычны дзяяч, журналіст, публіцыст. З 1917 г. зьяўляўся чальцом ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, адным з кіраўнікоў I Усебеларускага зьезду і ініцыятараў абвяшчэньня БНР.
Сумяшчэньне пасад старшыні і сакратара па міжнародных справах дазволіла сканцэнтраваць на праблемах зьнешняй палітыкі большасьць арганізацыйных і фінансавых магчымасьцей Народнага Сакратарыята, скіраваць сюды найбольш падрыхтаваных людзей.
Пачатак беларускай дыпляматыі
рэдагавацьПершым крокам беларускай дыпляматыі можна лічыць удзел у мірных перамовах у Берасьці-Літоўскім. Дакладней будзе сказаць, што Выканкам I Усебеларускага зьезда накіраваў у Берасьце-Літоўскае дэлегацыю ў складзе А. Цьвікевіча, С. Рак-Міхайлоўскага, Я. Серады з мэтай абараніць на перамовах інтарэсы Беларусі. Менавіта гэтых людзей можна лічыць першымі дыпляматамі Беларусі ў XX ст. Паколькі свабодна перамяшчацца па беларускай тэрыторыі дэлегацыя ня мела магчымасьці — існавала пагроза арышту з боку СНК Заходняй вобласьці і фронту, дэлегацыя дабіралася ў Берасьце праз Украіну. У выніку беларусы прыбылі ў Берасьце толькі 15 лютага.
Паўнамоцтвы прадстаўнікоў БНР не былі прызнаны дэлегацыяй Савецкай Расеі, ейны прадстаўнік Леў Карахан не пажадаў сустрэцца зь беларусамі. Нягледзячы на гэта, прадстаўнікі Беларусі атрымалі статус дарадчыкаў пры ўкраінскай мірнай дэлегацыі, якая была афіцыйна дапушчана на перамовы. Беларуская дэлегацыя таксама здолела сустрэцца з чальцамі нямецкай дэлегацыі: Розэнбэргам(de), Шылерам, Гофманам — і перадаць ім мэмарандум, у якім гаварылася аб стварэньні беларускай дзяржавы, выказваўся пратэст супраць умоваў мірнага дагавору, па якім частка беларускіх тэрыторыяў адыходзіла да Нямеччыны, а таксама супраць таго, што дагавор не прадугледжваў кампэнсацыйных выплат беларускаму насельніцтву за страты, выкліканыя вайной. Гэта была першая спроба кіраўніцтва БНР дабіцца сувэрэнітэту рэспублікі шляхам міжнароднага прызнаньня.
У красавіку 1918 року ва Ўкраіну была накіраваная надзвычайная дэлегацыя, якая стварыла ў Кіеве беларускую дыпляматычную місію. У дэлегацыю ўвайшлі вядомыя дзеячы беларускага руху: кіраваў місіяй А. Цьвікевіч, сябрамі дэлегацыі зьяўляліся С. Рак-Міхайлоўскі і Л. Леўчанка, кансультантам быў прафэсар М. Доўнар-Запольскі, кіраваў справамі Я. Фарботка. Дэлегацыя працавала над стварэньнем сумеснай беларуска-ўкраінскай камісіі па вызначэньні дзяржаўнай мяжы паміж Украінай і БНР; рыхтавала праект абвяшчэньня ўрадам эўрапейскіх краінаў аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое меркавалася перадаць па радыё ва ўсе эўрапейскія сталіцы.
Дыпляматычныя прадстаўнікі Беларусі падчас знаходжаньня ва Ўкраіне абменьваліся афіцыйнымі візытамі з галавой Украінскай Цэнтральнай Рады М. Грушэўскім, міністрам замежных справаў М. Любінскім(uk), міністрам унутраных справаў М. Ткачэнкам(uk), вайсковым міністрам А. Жукоўскім(uk), у ходзе якіх высьвечвалі становішча на Беларусі, дамагаліся фінансавай і харчовай дапамогі для БНР. З вайсковым міністрам Жукоўскім вырашалі пытаньне аб фармаваньні беларускіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны, у сувязі з чым стварылі асобую вайсковую камісію, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай Нацыянальнай Арганізацыі ў Кіеве.
Увосені 1918 року былі арганізаваныя надзвычайныя місіі, якія зьдзейсьнілі падарожжы ў Кіеў да ўрада гетмана П. Скарападзкага (місія была акрэдытаваная пры міністры замежных справаў — Д. Дарашэнку(uk)), у Варшаву — да Рады Рэгенцкай, у Вільню — да ўрада Летувіскай Тарыбы. Місія беларускага ўрада, арганізаваная дзеля падарожжа да бальшавікоў у Маскву, ня выехала з-за небясьпекі «не вярнуцца дахаты жывою». Такая форма дыпляматычнай дзейнасьці, як накіраваньне за мяжу афіцыйных дэлегацыяў, займала ў БНР у 1918 ці ня першае месца. З-за дэфіцыту кваліфікаваных кадраў кіраўніцтва БНР аддавала перавагу накіроўваньню за мяжу надзвычайных місіяў з дакладнымі даручэньнямі і на кароткі тэрмін.
20 кастрычніка Рада Міністраў БНР накіравала дэлегацыю ў Бэрлін і Бэрн з даручэньнем дамагацца незалежнасьці і захаваньня нямецкіх войскаў на беларускай тэрыторыі. У склад дэлегацыі ўвайшлі Я. Лёсік, Р. Скірмунт, К. Савіч, І. Луцкевіч, Ш. Разэнбаўм. Але, паколькі пачалася нямецкая рэвалюцыя, дэлегацыі прыйшлося вяртацца ў Менск з прычыны карэннага зьмяненьня абставін. З такой жа мэтай былі накіраваны дэлегацыі ў Латвію, Эстонію, Фінляндыю, Данію, Францыю, Баўгарыю, Чэхію. Гэтыя дэлегацыі з мэмарандумам кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі і брашурай прафэсара М. В. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі», выдадзенай на беларускай, расейскай, нямецкай, францускай, польскай мовах, спрабавалі дамагацца прызнаньня незалежнасьці і дапамогі для сваёй радзімы.
Безумоўна, што далёка ня ўсе пералічаныя краіны маглі забясьпечыць Беларусі рэальную дапамогу, і кіраўніцтва БНР гэта разумела, але такім чынам яно інфармавала сусьветную грамадзкасьць аб становішчы на Беларусі. Гэтыя падарожжы таксама мелі станоўчыя вынікі для ўнутранай працы беларусаў пад нямецкай акупацыяй. Ужо пасьля першых зь іх немцы пайшлі на нейкія ўступкі ўладам БНР, сталі нават даваць грошы на асьветніцкія і культурныя справы.
Удзельнікі дэлегацыі
рэдагавацьУ склад дэлегацыяў, як згадвалася вышэй, уключаліся сапраўды дастойныя, знакамітыя людзі зь Беларусі — А. Цьвікевіч, Я. Лёсік, І. Луцкевіч, прафэсар М. Доўнар-Запольскі, П. Трэмповіч. Кожны зь іх быў шырока адукаваны, ведаў замежныя мовы, меў меншы ці большы вопыт палітычнай дзейнасьці. На жаль, архівы й іншыя крыніцы не захавалі для нас зьвесткі аб тым, як фармаваліся дэлегацыі, як яны былі забясьпечаны матэрыяльна-тэхнічна, якім транспартам карысталіся, дзе разьмяшчаліся і г. д. Адказы на гэтыя пытаньні можна толькі ўявіць сабе, калі ўзгадаць умовы і акалічнасьці грамадзкага жыцьця.
Захаваліся асобыя пасьведчаньні Рады БНР, якія выдаваліся дыпляматычным прадстаўнікам Беларусі. Гэтыя пасьведчаньні друкаваліся на спэцыяльных блянках, падпісваліся маршалкам і сакратаром Рады, засьведчываліся пячаткай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У адным з такіх пасьведчаньняў паведамлялася: «Паказчык гэтага, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Ян Станкевіч, згодна з пастановаю Рады, абраны чальцом дэлегацыі да Летувіскай Тарыбы дзеля перадачы пастановы Рады БНР і ўпаўнаважаны сумесна з усёй дэлегацыяй весьці перагаворы, а таксама выступаць ад імені Рады Беларускай Народнай Рэспублікі».
Амаль зь першых дзён існаваньня Сакратарыят па міжнародных справах распачаў дыпляматычную перапіску, галоўную форму існаваньня дыпляматычных устаноў. За мяжу дасылаліся мэмарандумы, мэмарыялы, асабістыя і вэрбальныя ноты, звароты да ўрадаў суседніх і іншых дзяржаваў, а таксама афіцыйныя лісты паслам і прадстаўнікам замежных дзяржаваў. Складаліся інфармацыйныя лісты дыпляматычных прадстаўнікоў БНР аб становішчы ў краіне знаходжаньня. Звароты кіраўніцтва БНР да замежных дзяржаваў падпісваліся старшынём урада і міністрам замежных справаў. Асабістыя ноты, якія складаліся па вельмі важных і прынцыповых пытаньнях, як правіла, падпісваліся кіраўніком дыпляматычнага прадстаўніцтва ці місіі. Дыпляматычная перапіска (у адрозьненьне ад дзяржаўнай дакумэнтацыі, якая вялася на беларускай мове) выконвалася звычайна на мове той краіны, куды накіроўвалася пасланьне. Захаваліся дакумэнты на ўкраінскай, расейскай, польскай, нямецкай, ангельскай, францускай мовах. Звароты да ўрадаў вялікіх дзяржаваў рабіліся ў некалькіх асобніках на некалькіх мовах. Характэрным прыкладам дыпляматычнай перапіскі БНР зьяўляецца заява кіраўніцтву Паўднёва-ўсходняга саюзу («Паўднёва-Ўсходні саюз казачых войскаў, горцаў Каўказу і вольных народаў стэпу» — быў абвешчаны ў кастрычніку 1917 р. ва Ўладзікаўказе; уваходзілі тэрыторыі Дону, Кубані, Стаўрапольскі край). «Народный Секретариат имеет честь обратиться к Временному Правительству Юго-Восточного Союза… Настоящее заявление вручить Правительству доверяем чрезвычайному нашему посланнику Павлу Викторовичу Тремповичу».
Мэмарандум
рэдагавацьУ красавіку 1918 г. урадам БНР быў пасланы мэмарандум на імя «Господина имперского канцлера», падпісаны Народным Сакратарыятам. У мэмарандуме была зьмешчана II Устаўная грамата і выкладзены заканадаўчыя мерапрыемствы, якія меркавала зьдзейсьніць кіраўніцтва БНР. 19 красавіка 1918 г. на імя старшыні Рады БНР прыйшоў адказ нямецкага камандаваньня на просьбу Рады самой рэгуляваць пытаньні, зьвязаныя зь мясцовым насельніцтвам. У лісьце сьцьвярджалася, што законная ўлада на гэтай тэрыторыі належыць нямецкаму камандаваньню і толькі яно мае права вырашаць усе грамадзянскія і вайсковыя пытаньні. 25 сакавіка 1918 г. дэлегацыяй БНР у Кіеве быў дасланы ліст нямецкаму паслу пры Ўкраінскай Радзе, у якім увага пасла засяроджвалася на разьвіцьці «беларускага пытаньня», прапаноўвалася прызнаць незалежнасьць БНР, усталяваць спрыяльныя адносіны зь нямецкімі ваеннымі ўладамі, а таксама падтрымаць захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны. Празь месяц, 25 красавіка на афіцыйнай аўдыенцыі нямецкаму паслу пры Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы быў уручаны мэмарыял прыкладна такога ж зьместу. Па гэтых дакумэнтах можна прасачыць, зь якой упартасьцю і нават дыпляматычнымі хітрасьцямі прадстаўнікі беларускага ўрада спрабавалі дабіцца прызнаньня Нямеччынай факта незалежнасьці БНР. «Этот вопрос (о независимости) стал жгучим и от Германского Правительства зависит — поставить ли его в благоприятное положение и тем обратить симпатии нашего народа к Германии, или же обратить симпатии и взоры нашего народа в другую сторону, быть может менее благоприятную для германских интересов… В интересы Германского Правительства, смеем думать, не может входить расчленение Белоруссии на части между соседями и усиление их за счет Белоруссии. Быть может для германской политики безразличны границы Беларуси на востоке, но усиление Польши за счет Беларуси придаст полякам основание строить Великую Польшу, что едва ли может входить в интересы Германии».
«Мемориал белорусского правительства господину председателю мирной конференции в Париже» зьмяшчае пералік аргумэнтаў на карысьць стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі (яшчэ на I Усебеларускім зьезьдзе было прынята пастанаўленьне аб абавязковай прысутнасьці беларускай дэлегацыі на будучай мірнай канфэрэнцыі). У траўні 1918 г. беларуская дэлегацыя перадала Х. Г. Ракоўскаму — старшыні савецкай дэлегацыі ў Кіеве — асабістую ноту А. Цьвікевіча — кіраўніка дэлегацыі па пытаньнях зьнешніх перамоваў БНР. У гэтым дакумэнце, у прыватнасьці, гаварылася: «Считаю необходимым от имени правительства Белорусской республики выразить глубокую уверенность, что социалистическое правительство Советской республики, первое в мире утвердившее священный принцип самоопределения народов, пойдёт навстречу белорусскому народу в его борьбе за свою государственную самостоятельность, за своё единство и целостность своей земли». Сам стыль дадзенага пасланьня гаворыць аб жаданьні наладзіць адносіны шляхам дыпляматычных кантактаў.
Прадстаўнік Беларусі ў Кіеве з нагоды заключэньня 27 жніўня 1918 г. дадатковага дагавору паміж Расеяй і Нямеччынай уручыў Расейскай савецкай мірнай дэлегацыі асабістую ноту. У ёй гаварылася, што Рада — паўнамоцны орган беларускага народа, абвясьціўшая актам 25 красавіка 1918 г. аб незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі, аб чым паведамлены ўсе вялікія дзяржавы, пратэстуе супраць падзелу Беларусі Берасьцейскім мірам. Дагавор жа ад 27 жніўня зноў разрывае тэрыторыю дзяржавы: згодна яму да Нямеччыны адыходзіць паўночна-ўсходняя акраіна да р. Бярэзіны, чаму ўрад БНР выражае рашучы пратэст. У гэтай і іншых падобных нотах мелася на ўвазе адна мэта: яшчэ й яшчэ нагадаць савецкім уладам аб тых захадах, якія рабіла Рада БНР дзеля захаваньня незалежнасьці сваёй дзяржавы, дабіцца прызнаньня факта адарваньня Беларусі ад Савецкай Расеі і яе права на самавызначэньне.
Дыпляматычная пошта
рэдагавацьДыпляматычная пошта дэлегацыяў і місіяў БНР за мяжой дастаўлялася на радзіму праз кур’ераў, якія находзіліся ў штаце дыпляматычных місіяў і консульстваў. Рэгулярная дастаўка дыпляматычных дакумэнтаў сьведчыць аб добра наладжаным інфармацыйным абмене паміж дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі і ўрадам БНР. Дыпляматычныя кур’еры дастаўлялі дакумэнты дыпляматычнай перапіскі з суседніх і эўрапейскіх краінаў, дзе знаходзіліся пасланьнікі БНР, у Менск, а пазьней у Вільню і Горадню, куды прыйшлося пераехаць ураду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Найбольш складанай справай было ўтварэньне за мяжой пастаянных дыпляматычных і консульскіх устаноў. Галоўнай перашкодай заставалася праблема юрыдычнага прызнаньня БНР іншымі краінамі, бо з гэтага фармальнага акта распачынаецца, згодна зь міжнародным правам і традыцыяй, устанаўленьне дыпляматычных зносінаў, а ўжо потым адкрываюцца замежныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы.
Першай прызнала, праўда дэ-факта, БНР Украіна, і паміж дзяржавамі былі ўстаноўлены дыпляматычныя стасункі. Яшчэ да афіцыйнага прызнаньня БНР Украінскай Рэспублікай паміж абедзьвюмя дзяржавамі адбыўся абмен консульствамі. Украіна назначыла ў Менск А. М. Квасьніцкага, а Беларусь у Кіеў — П. В. Трамповіча. З 16 чэрвеня 1918 г. П. Трамповіч узначаліў беларускае консульства, якое адразу ж пачынае рэгістраваць беларусаў — грамадзян БНР. Для ўсталяваньня эканамічных сувязяў паміж Украінай і Беларусьсю была створаная Беларуская гандлёвая палата ў Кіеве. Захаваліся сьведчаньні аб тым, што Ўкраіна аказала БНР фінансавую дапамогу: Украінская Рада субсыдавала Раду БНР 300 000 руб.
Летам 1918 г. было створана яшчэ адно консульскае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ва Ўкраіне — у Адэсе, таксама на поўдні Расеі — у Растове, на Паўночным Каўказе — у Стаўрапалі, у Летуве — у Вільні, і нават у Маскве. Консульствы рэгістравалі беларускіх грамадзянаў, выдавалі ім пасьведчаньні аб тым, што яны сапраўды зьяўляюцца грамадзянамі БНР, пры магчымасьці аказвалі грашовую дапамогу.
Па захаваных дакумэнтах можна зрабіць выснову, што консулы Беларускай Народнай Рэспублікі ня толькі прызначаліся Народным Сакратарыятам, але і выбіраліся мясцовымі аб’яднаньнямі беларусаў, органамі дыяспары, зь некалькіх кандыдатур. Гэта пацьвярджаецца дакладам Нацыянальнага Камісарыята ў Адэсе (ад 6 жніўня 1918 г.): «Согласно предоставленному Народным Секретариатом правом Национальная Рада два раза рассматривала вопрос о выборе консула. На пост консула выдвинуты следующие кандидатуры: Некрашевич, местный белорусский деятель, Карташов, бывший председатель Витебской губернской земской управы, Трофимов, местный белорусский деятель, и Балицкий, местный белорусский деятель. Окончательные выборы назначены на 10 августа».
Моцным бокам зьнешнепалітычнай дзейнасьці беларускага ўрада было інфармацыйнае забесьпячэньне і прапагандысцкая праца: пасылка агітатараў, дастаўка літаратуры, выданьне беларускіх газэт, інфармаваньне прэсы і замежных краінаў аб становішчы на Беларусі. У гэты пэрыяд у Беларусі выходзіла больш за два дзясяткі газэт рознай палітычнай накіраванасьці, у якіх дастаткова падрабязна асьвятлялася зьнешнепалітычная дзейнасьць БНР. Пры дыппрадстаўніцтвах і місіях БНР арганізоўваліся прэс-бюро, які рэгулярна выдавалі спэцыяльныя бюлетэні з асьвятленьнем становішча на Беларусі, дзейнасьць прадстаўнікоў БНР у розных краінах. Дыпляматычныя прадстаўнікі Беларускай Народнай Рэспублікі знаёмілі загранічную прэсу зь беларускім пытаньнем, пратэставалі супраць гвалтаў, якія над ім адбываліся.
Інфармацыйная падтрымка міжнароднай дзейнасьці ўрада БНР вялася на розных замежных мовах. Праца Я. Канчара «Белорусский вопрос» да моманту Вэрсальскай мірнай канфэрэнцыі выйшла на беларускай, расейскай, летувіскай, нямецкай, польскай мовах. Брашура М. В. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі» таксама была выдана на некалькіх замежных мовах. Галава ўрада БНР А. Луцкевіч, пры падрыхтоўцы да мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы асабіста перакладаў яе на францускую і польскую мовы.
Вынікі дыпляматычнай дзейнасьці
рэдагавацьНатуральна, у дыпляматычных прадстаўнікоў і супрацоўнікаў дыпляматычных місіяў маладой беларускай дзяржавы яшчэ не было, ды і не магло быць, прафэсіяналізму і досьведу дыпляматычнай працы. Іх ня ведалі ў дыпляматычных колах вялікіх дзяржаваў, як калісьці прадстаўнікоў Расейскай імпэрыі. Аднак у дыпляматаў беларускай дзяржавы было вялікае жаданьне адстойваць права на незалежнасьць сваёй радзімы. Козырам дыпляматычных прадстаўнікоў Беларусі ў гэтай справе было тое, што ўсе яны мелі выдатную адукацыю і валодалі часьцей за ўсе некалькімі замежнымі мовамі.
Вынікам дыпляматычнай дзейнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. можна лічыць:
- устанаўленьне кантактаў з замежнымі ўрадамі;
- удзел (і падрыхтоўку) у міжнародных канфэрэнцыях з мэтай зьвярнуць увагу да становішча на Беларусі, да неабходнасьці захаваньня цэласнасьці дзяржавы ў яе этнаграфічных і гістарычных межах;
- інфармацыйную і прапагандысцкую працу;
- стварэньне першых дыпляматычных прадстаўніцтваў, місіяў, консульств на тэрыторыях замежных краінаў і ўзаемны абмен імі.
1918 г. зьявіўся толькі першым этапам у зьнешнепалітычнай дзейнасьці БНР. Тая праца, якую здолелі правесьці за гэты пэрыяд, легла ў аснову міжнароднай дзейнасьці кіраўніцтва БНР у замежжы.
Літаратура
рэдагаваць- Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мн.: БДУ, 1999. — 128 с.
- Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с.
- Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин: Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.