Савет народных камісараў Заходняй вобласьці і фронту

Савет народных камісараў Заходняй вобласьці і фронту — выканаўчы орган Абласнога выканаўчага камітэту Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласьці і фронту (Аблвыкамзаха). Існаваў з 26 лістапада (9 сьнежня) 1917 г. па 25 лютага 1918 г. з цэнтрам у Менску (з 21 лютага 1918 г. у Смаленску).

Утвораны на 1-м пленарным пасяджэньні Аблвыкамзаху «для каардынацыі дзеяньняў камісараў і рашэньня асабліва важных пытаньняў». У яго ўваходзілі аддзелы (камісарыяты) на чале з часова абранымі камісарамі:

  • Кіраўнікі справаў — П. Осіпаў, В. Г. Кнорын, Савацееў, Селязьнёў (лістапад 1917 — люты 1918)
  • ваенны (А. Ф. Мясьнікоў)
  • унутраных справаў (К. І. Ландар)
  • харчовы (М. І. Калмановіч, у студзені І. Новікаў)
  • фінансавы (І. П. Федзянёў, у студзені часова І. І. Рэйнгольд)
  • нацыянальны (С. І. Берсан)
  • зямельны (Н. М. Дайнека, у студзені Саржынскі)
  • працы (І. Я. Алібегаў, у студзені Панцялееў)
  • гандлю і прамысловасьці (У. М. Фрэйман, у студзені Ф. Г. Шалаеў)
  • народнай асьветы (вакансія, у сьнежні Л. П. Рэзаўскі, у студзені Шлес, у лютым Савацееў)
  • юстыцыі (У. С. Селязьнёў, са студзеня Р. В. Пікель)
  • апекі (В. П. Красноў, у сьнежні Муха, сьнежні—студзені В. І. Сьмірноў, студзені-лютым Катлярэўскі)
  • пошты і тэлеграфа (Несьцярэнка)
  • чыгуначны (вакансія, са студзеня Сьмірноў)

Абавязкі старшыні выконвалі К. І. Ландар (лістапад—сьнежань), А. Ф. Мяснікоў (1-я дэкада студзеня), М. І. Калмановіч (2-я дэкада студзеня). У пачатку 2-й дэкады студзеня 1918 году пасада старшыні СНК была скасаваная; замест яе была ўтворана калегія камісараў, якія па чарзе старшынствавалі на пасяджэньнях і падпісвалі пастановы. У студзені—лютым 1918 г. былі арганізаваны новыя аддзелы (камісарыяты):

  • народнай гаспадаркі (П. Казлоў)
  • па справах бежанцаў (М. Вігілянскі)
  • аховы здароўя (Л. Грамашэўскі)

Былі таксама рэарганізаваны і аддзелы. У студзені пры аддзеле па нацыянальных справах былі створаны 2 пададдзелы па польскіх (С. Гельтман) і габрэйскіх (Фрыдлянд) справах; ваенны аддзел быў рэарганізаваны ў Ваенны камітэт на чале калегіі зь 9 асобаў (старшыня А. Ф. Мяснікоў). На яго складалася задача стварэньня Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі і дэмабілізацыя арміяў Заходняга фронту. У канцы студзеня былі аб’яднаны камісарыяты працы і гандлю (І. І. Рэйнгольд).

Юрысдыкцыя СНК фактычна пашыралася на Менскую, неакупаваную частку Віленскай губэрняў і Заходні фронт. Сябры камісарыятаў працавалі ў кантакце зь Менскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў і ўваходзілі ў адпаведныя яго аддзелы. У абавязак камісараў уваходзіла і ажыцьцяўленьне дэкрэтаў СНК РСФСР. У іх межах кожны аддзел быў упаўнаважаны самастойна вырашаць пытаньні сваёй кампэтэнцыі. Розныя дырэктывы, не прадугледжаныя дэкрэтамі цэнтральнага ўраду, выдаваліся для выкананьня толькі пасьля зацьвярджэньня іх на агульным сходзе сябраў Аблвыкамзаха.

Да 12(25) сьнежня 1917 г. паралельна са створаным СНК працягваў дзейнічаць ранейшы орган улады — Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (старшыня бюро ВРК К. І. Ландар). Аддзелы СНК Заходняй вобласьці і фронту, створаныя па аналёгіі з цэнтральнымі органамі ўлады — СНК РСФСР, зь цягам часу павінны былі прыстасоўвацца да мясцовых асаблівасьцяў праз рэарганізацыі, зьмену кіраўніцтва, наладжваньне супрацоўніцтва з рабочымі арганізацыямі, служачымі ранейшых урадавых установаў, органаў самакіраваньня і інш. З усіх аддзелаў асноўны цяжар дзейнасьці па ўсталяваньні савецкай улады, ажыцьцяўленьні яе дэкрэтаў прыпадаў на камісарыяты працы, гандлю і прамысловасьці, народнай гаспадаркі, фінансавы і некаторыя інш. У кірунку арганізацыі гаспадарчага жыцьця былі ўзяты на ўлік найважнейшыя прадпрыемствы па выпуску тавараў народнага ўжытку, устаноўлены 8-гадзінны рабочы дзень, наладжана дапамога беспрацоўным, створаны трыбуналы працы для ўрэгуляваньня канфліктаў паміж рабочымі і ўладальнікамі прадпрыемстваў. З мэтай барацьбы з сабатажам СНК прыняў у сьнежні 1917 г. пастанову аб накладаньні штрафаў на прадпрымальнікаў, якія не падпарадкоўваліся пастановам савецкай улады. Для патрэбаў працоўных адкрываліся пункты грамадзкага харчаваньня, будаваліся інтэрнаты, выдзяляліся дадатковыя сродкі. Камісарыят фінансаў узяў пад кантроль усе банкі і грашова-крэдытныя ўстановы, усклаў падаткі на маёмныя пласты насельніцтва. Камісарыят народнай гаспадаркі пачаў улік і нацыяналізацыю матэрыяльных каштоўнасьцяў франтавых арганіізацыяў Усерасейскага земскага саюзу, Усерасейскага саюзу гарадоў, Земсаюзу і інш. Уся маёмасьць, у т.л. былых дзяржаўных установаў, жывы і мёртвы інвэнтар, грашовыя сродкі аб’яўляліся нацыянальнай уласнасьцю і пераходзілі ў распараджэньне СНК.

Усе мерапрыемствы СНК праводзіліся, як правіла, ва ўмовах сабатажу з боку былых служачых дзяржаўных, грамадзкіх і інш. установаў. Большасьць прафсаюзаў ставілася да ворганаў савецкай улады апазыцыйна і неахвотна ішла на супрацоўніцтва зь імі. У адказ на захады Усебеларускага зьезду 1917 году па стварэньні нацыянальных ворганаў улады ў ноч зь 17 на 18 сьнежня 1917 г. па загаду К. І. Ландара зьезд быў распушчаны. 12 лютага 1918 году была распушчана Цэнтральная беларуская вайсковая рада, арыштаваны некаторыя яе дзеячы. У сьнежні 1917—1918 па загаду СНК было спынена выданьне газэты «Социалист-революционер», «Дзёньнік менскі», «Утренняя газета», «Дэр Вэкер») і інш. Для ўмацаваньня новай улады на чале з камісарыятам юстыцыі пачалося стварэньне рэвалюцыйных трыбуналаў. Небясьпека антыбальшавіцкіх выступленьняў, актывізацыя 1-га польскага корпусу Ю. Р. Доўбар-Мусніцкага, пагроза з боку нямецкіх войскаў узмацнілі дзейнасьць ваеннага і іншых аддзелаў у кірунку стварэньня атрадаў РСЧА. Праца СНК спынена 19 лютага 1918 г. выканаўчая ўлада, якая распаўсюджвалася «на губэрні Смаленмкую, Віцебскую, Магілёўскую і частку Менскай», як асобная структура з названага воргану не вылучалася. Новы ворган улады — Абласны выканаўчы цэнтар — пачаў функцыянаваць у складзе 12 камісарыятаў.

Літаратура

рэдагаваць

Сяменчык, М. Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту / Мікалай Сяменчык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузелі—Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с. — С. 188—189. — ISBN 985-11-0214-8.