Джакама Пучыні

італьянскі кампазытар

Джа́кама Пучы́ні (па-італьянску: Giacomo Puccini; 22 сьнежня 1858 году — 29 лістапада 1924 году) — італьянскі кампазытар, які стварыў шмат сусьветна вядомых опэраў. Ягоны талент у мэлядраме і сэнтымэнтальны эратызм, адлюстраваны ў такіх творах як «Тоска» і «Багема», гарантуюць непарыўную папулярнасьць ягоных працаў. Разглядаецца як найвялікшы і найбольш пасьпяховы кампазытар італьянскай опэры пасьля Джузэпэ Вэрдзі. Кампазытара часам і называлі другім Вэрдзі, што лічыцца найвышэйшым шанаваньнем, якое можна атрымаць ад італьянскай публіцы. Аднак, музыка ня быў такім музыкальным інаватарам драмы, якім быў Вэрдзі, але тым ня менш, ён атрымаў вялізарны міжнародны посьпех, маючы вялікі тэатральны талент. У яго было высокае пачуцьцё стадыяў у музыцы, пачуцьцё гуку і колераў інструмэнтаў, якія ён камбінаваў з добра распрацаваным мэлядычным пачуцьцём. Ягоныя творы, як і працы панянёнага Вэрдзі, застаюцца вызначальнымі для італьянскай опэры па ўсяму сьвету. Cамымі вядомымі творамі кампазытара ёсьць «Багема» (1896), «Тоска» (1900), «Мадам Батэрфляй» (1904) і «Турандот» (1924), якія ўваходзяць да ліку найбольш часта выканальных з усіх опэраў у сьвеце.

Джакама Пучыні
па-італьянску: Giacomo Puccini
Дата нараджэньня 22 сьнежня 1858(1858-12-22)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 29 лістапада 1924(1924-11-29)[4][1][2][…] (65 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці рак гартані[d]
Месца вучобы
Занятак опэрны кампазытар, кампазытар, палітык, дырыгент, арганіст
Навуковая сфэра акадэмічная музыка[d], опэра[6] і музыка[6]
Сябра ў Швэдзкая каралеўская музычная акадэмія[d]
Жанры клясычная музыка і опэра
Інструмэнты арган[d]
Бацька Мікеле Пучыні[d][7]
Подпіс Выява аўтографу

Біяграфія

рэдагаваць

Дзяцінства

рэдагаваць
 
Дом у Люцы, дзе нарадзіўся Джакама Пучыні.

Джакама Пучыні нарадзіўся 22 сьнежня 1858 году ў пятым калене музыкаў у Люцы, Італія. Малы быў шостым зь дзевяці дзецей у сям’і. Продкі Пучыні доўгія часы працавалі хормайстрамі ў катэдры сьвятога Мартына ў Люцы. Кожны зь іх ствараў царкоўную музыку. Лічылася, што і пасьля Мікеле, бацькі Джакама, ягоную пасаду зойме сын, але на момант заўчаснай сьмерці Мікеле хлопцу было ўсяго толькі шэсьць гадоў[8], і, такім чынам, ён ня быў здольны замяніць бацьку на пасадзе. Такім чынам сямейная традыцыя кіраваньня хорам у мясцовай катэдры пераірвалася праз 124 гады. На той час Джакама ўжо браў удзел у музычным жыцьці катэдры, сьпяваючы ў хоры хлопчыкаў і часам замяняючы арганіста[8].

Да гэтага Пучыні атрымаў агульную адукацыю ў сэмінарыі Сан-Мікеле ў Люцы, а потым у сэмінары пры катэдры. Адзін зь дзядзькаў Пучыні, а менавіта Фартуната Маджы, займаўся музычнай адукацыяй хлопца. Пучыні атрымаў дыплём музычнай школы Пацыні ў Люцы ў 1880 годзе, дзе і навучаўся ў свайго дзядзькі, а потым браў урокі ў Карлё Анжэлёні, які таксама навучаў Альфрэда Каталяні. Як дзіцяці, Пучыні стварыў музычныя творы надзвычайнай прыгоднасьці і ягоная маці вырашыла, што дзіця павінна працягваць сямейную традыцыю і таму адаслала яго на вучобу ў Музычны інстытут (італ. Instituto Musicale). Калі яму было 18 год, ён адаслаў сваю песьню на конкурс юнакоў у Люцы. Ён не атрымаў прыз, але прэзэнтацыя ягонай працы на імпрэзе і ейны посьпех і атрыманая ад працы асалода сярод сябраў і іншых, стваралі добры стымул для яго амбіцыяў.

Натхнённы «Аідай» Джузэпэ Вэрдзі ён засяроджвае сваю ўвагу на традыцыях драмы Італіі. Грашовая падтрымка з баку сям’і і стыпэндыя каралевы Маргарыты Італьянскай давалі яму магчымасьць паступіць у кансэрваторыю ў Міляне, дзе ён прабавіў тры гады (1880—1883). Там ён працаваў пад кіраваньнем Антоніё Бацыні і Амількарэ Панк’ельлі.

Першыя творы

рэдагаваць

Пучыні склаў аркестравы твор пад назвай «Сымфанічны капрыз» як дысэртацыйную працу дзеля Мілянскай кансэрваторыі. Настаўнікі Пучыні Бацыні і Панк’ельлі былі ўражаныя працай маладзёна. У выніку твор быў выкананы на студэнцкім канцэрце ў кансэрваторыі 14 ліпеня 1883 году, які ладзіў Франка Фачча. Праца Пучыні была лагодна памянёная ў мілянскай газэце «Настойлівасьць». Малады кампазытар атрымаў рэпутацыю пэрспэктыўнага творцы. Панк’ельлі азначыў маладога кампазытара і пазнаёміў яго зь пісьменьнікам Фэрдынанда Фантана, які стаў аўтарам «Вільлі», першай опэры Пучыні. На чарговым конкурсе юнакоў, «Вільлі» зноў абыймнуў галоўны прыз, але публіка воплескала ягонаму твору ў Міляне ў 1884 годзе. Гэты посьпех прывёў да выданьня на замову Джуліё Рыкордзі новай опэры Пучыні, вядомай як «Эдгар».

 
Постэр да твору «Эдгар».

Праца над новым творам была распачатая ў 1884 годзе, калі Фантана пачаў выпрацоўваць сцэнар да лібрэта[9]. Пучыні скончыў загалоўную кампазыцыю ў 1887 годзе, а аркестрацыя была зробленая ім у наступным годзе[9]. 21 красавіка 1889 году адбылася прэм’ера «Эдгара» ў тэатры Ля Скаля, якая скончылася цёплым прыёмам[9]. Аднак, праца была зьнятая з рэпэртуару пасьля трэцяга выступу[9]. У мілянскай газэце Джуліё Рыкордзі апублікаваў абарончы артыкул, дзе ўхваляў майстэрства Пучыні як кампазытара, крытыкуючы лібрэта Фантаны. Перагледжаная вэрсія з посьпехам вярнулася 5 верасьня 1891 году на сцэну тэатра Джыльлё ў роднай Люцы[9]. У 1892 годзе дадатковая перапрацоўка скараціла працягласьць опэры з чатырох дзеяў да трох. Новая вэрсія была станоўча ўспрынятая ў Фэрары, Турыне і Гішпаніі[9]. Пучыні яшчэ двойчы рабіў праўкі ў творы ў 1901 і 1905 гадах, але праца ніколі ня мела папулярнасьці[9]. Без асабістай падтрымкі Рыкордзі «Эдгар» мог каштаваць Пучыні кар’еры.

Пучыні пачаў рамантычныя стасункі з сваёй колішняй студэнткай Эльвірай Джэміньяні, якую ён навучаў граць на фартэпіяна. Пры гэтым Эльвіра была ў шлюбе, але паплечнікі Рыкордзі былі гатовыя заплюшчыць вочы на лад жыцьця кампазытара, пакуль ён меў посьпех. Калі «Эдгар» праваліўся, яны прапанавалі Рыкордзі адмовіцца ад супрацы з Пучыні, але ён працягнуў дапамогаць аўтару ў стварэньні наступнай опэры[10].

Посьпех з «Манон Леско» і «Багемай»

рэдагаваць
 
Арыгінальны постэр да пастаноўкі «Тоска».

Пачынаючы з наступнай опэры «Манон Леско» Пучыні абвесьціў, што будзе складаць уласнае лібрэта, каб аніякі «дурань лібрэтыст» ня здолеў сапсаваць яго. Рыкордзі ўмовіў яго ўсё ж такі наняць Руджэра Леанкавальлё на пасаду лібрэтыста, але Пучыні неўзабаве папрасіў Рыкордзі звольніць яго з праекта. Яшчэ чатыры іншыя лібрэтысты ўдзельнічалі ў стварэньні твору, але Пучыні ўвесь час перайначваў структуру твору. Апошнія два зь іх, як то Люіджы Іліка і Джузэпэ Джакоза, удваіх завяршылі опэру. Дэбют «Манон Леско» адбыўся 2 лютага 1893 году ў тэатры Рэджа ў Турыне[11]. Так сталася, што першая сапраўды пасьпяховая опэра Пучыні зьявілася амаль што ў адзін час з прэм’ерай апошняй опэры Вэрдзі «Фальстаф», якая ўпершыню была выкананая 9 лютага 1893 году[11]. Беручы пад ўвагу благія водгукі на «Эдгара», правал новага твору мог паставіць пад пагрозу будучыню Пучыні ў якасьці кампазытара. Ён нават рыхтаваўся ў такім выпадку міграваць з Італіі, як гэта зрабіў ягоны брат. Не зважаючы на тое, што Джуліё Рыкордзі асабіста падтрымліваў Пучыні ўвесь гэты час, рада дырэктароў кампаніі «Рыкордзі» разглядала пытаньне аб скасаваньні фінансавай падтрымкі Пучыні[12]. «Манон Леско» быў першым трыюмфам Пучыні, але на вялікі жаль кампазытара яшчэ да прэм’еры памерла ягоная маці, якая вельмі шмат зрабіла дзеля музычнага разьвіцьця аўтара. Пасьля лёнданскай прэм’еры ў 1894 годзе літаратар Джордж Бэрнард Шоў прамовіў, што Пучыні на праўду выглядае больш падобным на спадчыньніка Вэрдзі, чым любы іншы кампазытар[13].

Наступнай працай Пучыні пасьля «Манона Леско» была «Багема», опэра ў чатырох актах, якая базуецца на аповесьці 1851 году Анры Мюржэ «Сцэны з жыцьця багемы». Прэм’ера новай працы адбылася ў Турыне ў 1896 годзе. Дырыгентам першай пастаноўкі быў Артура Тасканіні[14]. На працягу некалькіх гадоў твор ставіўся ў многіх вядучых опэрных тэатрах Эўропы, у тым ліку ў Вялікабрытаніі і ЗША[15]. Опэра мела неверагодны посьпех і дасюль застаецца адной з найбольш часта выкананых опэраў у сьвеце. Лібрэта опэры ёсьць вольнай адаптацыяй твору Мюржэ, спалучаючы ў сабе камічныя элемэнты зьбяднелага жыцьця маладых галоўных герояў з трагічнымі аспэктамі, як то сьмерць маладой швачкі Мімі. Уласнае жыцьцё Пучыні, калі ў маладосьці ён навучаўся ў Міляне, служыла крыніцай натхненьня пры стварэньні лібрэта. Пучыні ад гадоў свайго студэнцтва да ажно «Манона Леско» жыў у беднасьці, падобнай да герояў «Багемы», якія таксама мелі хранічны дэфіцыт, і ім бракавала ежы, адзеньня і грошай на арэнду жыльля.

Складаньне «Багемы» Пучыні стала прадметам публічнай спрэчкі паміж Пучыні і ягоным таварышам Леанкавальлё. У пачатку 1893 году два кампазытары выявілі, што яны абодва працуюць над опэрамі зь сюжэтам з працы Мюржэ. Леанкавальлё пачаў сваю працу першым, таму ён і ягоны музычны выдавец сьцьвярджалі, што прыярытэт мусіць быць за ім, не зважаючы на тое, што твор францускага літаратара быў у грамадзкім набытку. Пучыні адказаў, што пачаў уласную працу, ня ведаючы праекту Леанкавальлё, таму прапанаваў, каб кожны скончыў свой твор, а гледачы самі вырашаць чый твор найлепшы. Опэра Пучыні пабачыла сьвет крыху раней, а на твор Леанкавальлё хутка забыліся[9].

«Тоска» і «Мадам Батэрфляй»

рэдагаваць
 
Пучыні на фатаздымку ў 1908 годзе.

Наступнай працай Пучыні пасьля «Багемы» стала «Тоска» 1900 году, якая, магчыма, была першай спробай кампазытара дадаць у твор вэрызму, то бок рэалістычнае адлюстраваньне многіх аспэктаў рэальнага жыцьця, у тым ліку гвалту. Пучыні ўпершыню выказаў ідэю аб стварэньні опэры на гэтую тэматыку, калі пабачыў п’есу «Тоска» Віктар’ена Сарду ў 1889 годзе. Пучыні зьвярнуўся да свайго выдаўца Рыкордзі па дазвол, каб той здолеў набыць правы на стварэньне аднайменнай опэры[16]. У музыцы «Тоскі» кампазытар выпрацаваў асобныя музычныя рысы для пэўных пэрсанажаў і эмоцыяў, якія нагадвалі вагнэраўскія ляйтматывы. Такім чынам, некаторыя сучаснікі бачылі, як Пучыні, прымаючы новы музычны стыль, быў пад уплывам Рыхарда Вагнэра. Аднак, ня ўсе падзялялі такі пункт гледжаньня. Гэтак па прэм’еры опэры ў Турыне 20 лютага 1900 году адзін з крытыкаў выказаў меркаваньне, што няма больш падобнага твору ў стылі Пучыні чым гэты. Публіка вітала новую працу, але крытыкі сустрэлі яе адмоўна.

25 лютага 1903 году Пучыні атрымаў сур’ёзныя траўмы ў аўтамабільнай катастрофе падчас начнога падарожжа па дарозе ад Люкі да Торэ-дэль-Ляга. Аўтамабілем кіраваў шафэр Пучыні, а акрамя самога кампазытара, у самаходзе сядзелі ягоная будучая жонка Эльвіра і іхны сын Антоніё. Аўто зьехала з дарогі і звалілася з вышыні некалькіх мэтраў, пры гэтым перавярнуўшыся. Эльвіра і Антоніё амаль не атрымалі пашкоджаньняў, бо былі выштурхнутыя з самаходу. Кіроўца таксама быў выкінуты з аўто, але атрымаў сур’ёзны пералом сьцягна. Пучыні апынуўся пад транспартным сродкам, маючы сур’ёзны пералом правай нагі, а частка самаходу націскала на ягоныя грудзі. Доктар, які жыў ля месца здарэньня, поруч зь іншым людзьмі прыйшоў на дапамогу пацярпелым і выратаваў Пучыні[17]. Лекаваньне расьцягнулася на месяцы. Падчас мэдычных аглядаў, было выяўлена, што кампазытар хварэе на адную з формаў дыябэту[18]. Аварыя і ягоныя наступствы запаволілі завяршэньне наступнай працы Пучыні «Мадам Батэрфляй».

Ідэя ж стварэньня опэры «Мадам Батэрфляй» зьявілася падчас аднаго зь візытаў у Лёндан. Тады Пучыні наведаў п’есу амэрыканскага драматурга Дэйвіда Бэласка «Гейша». Кампазытар пабачыў новую для сябе трагічную гісторыю маладой японскай гейшы, што адразу ж захапіла Пучыні. Да працы над новым творам зноў былі прыцягнутыя лібрэтысты Іліка і Джакоза, якія лёгка ператварылі мэлядраму Бэласка ў двухактавае лібрэта пад назовам «Мадам Батэрфляй». 17 лютага 1904 году адбылася прэзэнтацыя твору на сцэне Ля Скаля ў Міляне. На гэты раз прэм’ера ня мела посьпеху. Гледачы ў залі сьвішчэлі, а зацемкі ў прэсе выказалі поўнае расчараваньне. Пасьля авантурнага сюжэту «Тоскі» новая опэра падалася мілянцам бязьдзейнай і прыглушана лірычнай. Асноўнай прычынаю няўдачы лічылася расьцягнутасьць двух актаў, што было незвычайным для італьянскай аўдыторыі. Пучыні перарабіў твор, і абноўленая опэра была выкананая ў траўні 1904 году ў тэатры Грандэ ў Брэшыі. Новае выданьне атрымала добрыя водгукі і ўхвалу. З гэтага часу «Мадам Батэрфляй» трыюмфальна пракрочыла па тэатрам Эўропы і Амэрыкі. У 1907 годзе кампазытар зрабіў фінальныя праўкі, і менавіта гэтая пераробленая вэрсія на сёньня лічыцца клясычнай. Опэра вызначаецца прыгожай мэлёдыяй, якая добра запамінаецца і якая трымае гледача ў сталым напружваньні.

Апошнія працы

рэдагаваць
 
Пучыні з дырыгентам Артура Тасканіні ў 1910 годзе.

Пасьля 1904 году творы Пучыні пачалі зьяўляцца радзей. У 1906 годзе памёр Джакоза, а ў 1909 годзе адбыўся сямейны скандал, калі жонка кампазытара Эльвіра, ілжыва зьвінаваціла іхную пакаёўку Дорыю Манфрэдзі ў стасунках з Пучыні. Пакаёўка ўрэшце скончыла жыцьцё самагубствам. Нарэшце, у 1912 годзе сканаў заступнік аўтара і ягоны выдаўца Джуліё Рыкардзі. Такім чынам, скончыўся самы прадуктыўны пэрыяд кар’еры Пучыні.

 
Пучыні ў 1910 годзе.

Яшчэ ў 1910 годзе Пучыні завяршыў твор «Дзяўчына на Залатым Захадзе», які быў створаны на базе п’есы Дэйвіда Бэласка. Прэм’ера адбылася ў Нью-Ёрку ў Мэтраполітан-опэры, а галоўныя ролі Дыка Джонсана і Міні выканалі Энрыка Каруза і Эмілі Дэстын. Дырыгентам зноў быў Тасканіні, які на той час працаваў у Мэтраполітан-опэры музыкальным дырэктарам[19]. Да таго ж опэра стала першай, чыя прэм’ера ладзілася ў гэтым нью-ёрскім тэатры[20]. Выступ меў вялікі посьпех, аднак кампазыцыйны стыль, які выкарыстоўваўся ў творы, зь нешматлікімі асобнымі арыямі, быў раскрытыкаваны[21]. Некаторыя сучаснікі таксама ганілі опэру за тое, што яна ня здолела дасягнуць амэрыканскага тону[22]. Аднак, крытыкі адзначалі, што опэра мела перадавую гарманічную мову і рытмічную складанасьць у італьянскай опэрнай форме[23]. У дадатак, адна арыяў опэры, «Ch’ella mi creda», была ўлучаная ў складанку для опэрных тэнараў. Мяркуецца, што за час Першай сусьветнай вайны італьянскія жаўнеры сьпявалі гэтую арыю, каб падтрымаць свой настрой[24].

Пучыні скончыў «Ластаўку» на лібрэта Джузэпэ Адамі ў 1916 годзе пасьля двухгадовай працы. Першапачаткова опэра была замоўленая венскім Карлтэатрам, але пачатак Першай сусьветнай вайны перашкодзіў прэм’еры ў Аўстрыі. Пагатоў, фірма Рыкардзі, якую па сьмерці кіраўніка ачоліў ягоны сын Тыта Рыкардзі, адмовіла кампазытару ў падтрымцы. У выніку, прасоўваньнем опэры заняўся іхны канкурэнт Лярэнца Санцаньнё, які арганізаваў першы выступ у нэўтральным Манака. Ад пачатку «Ластаўка» была задуманая як апэрэта, аднак Пучыні выключыў з твору гутарковыя дыялёгі, што наблізіла працу да опэры. Рэцэнзэнт ахарактарызаваў твор як сумесь мэлёдыі вальсу, папулярных мэлёдыяў і настальгічнай музыкі каханьня[25].

Ягоная наступная опэра «Трыптых» была прэзэнтаваная публіцы ў 1918 годзе ў Нью-Ёрку. Яна складалася з аднаактавых твораў «Плашч» у стылі парыскага тэатру Гран-Гіньёль, сэнтымэнтальнай трагедыі «Сястра Анджэліка» і камэдыі «Джаньні Скікі» 1918 году. Апошняй працай аўтара стаў «Турандот», пры гэтым прывёў да ладу твор Франка Альфана, бо Пучыні памёр у Брусэлі 29 лістапада 1924 году, ня скончыўшы працу. «Турандот» атрымаў прэм’еру ў Ля Скаля ў 1926 годзе. Лібрэта опэры базавалася на аднайменнай п’есе Карлё Гоццы[26]. Музыка опэры была моцна насычаная пэнтатанічнымі матывамі, каб даць ёй пазнавальны азіяцкі стыль.

Нясхільны да музычнага наватарства, Пучыні проста выкарыстоўваў прыёмы, якія яму падабаліся, вынайдзеныя папярэднікамі і сучасьнікамі (у прыватнасьці, Вэрдзі, Вагнэрам і вэрсытэамі). Незвычайна адароны мэлядычна, ён няўхільны сьледваў сваёму перакананьню, што музыка і дзеяньне ў опэры павінны быць неразрыўныя. З гэтай прычыны, у прыватнасьці, у опэрах Пучыні няма ўвэртураў. Дзякуючы багацьцю мэлёдыяў, опэры Пучыні, у шэрагу з опэрамі Вэрдзі і Вагнэра, зьяўляюцца тымі, якія найбольш часта выконваюцца ў сьвеце. Рэдкі опэрны тэатар сёньня асьмельваецца скласьці рэпэртуар сэзону, не ўключыўшы ў яго прынамсі аднаго твора гэтага кампазытара.

Пасьлядоўнікі

рэдагаваць

Мэлядычны ўплыў Пучыні быў агромністы. Пучыністамі назваў ягоных пасьлядоўнікаў вядомы музычны крытык Іван Салертынскі, адзначыўшы, што самым ярым прадстаўніком гэтага руху стаў Імрэ Кальман. Да Пучыністаў таксама належалі Франц Легар і Ісаак Дунаеўскі.

Водгукі і меркаваньні некаторых сучасьнікаў Пучыні

рэдагаваць

У 1912 годзе адзін вельмі вядомы італьянскі крытык, у сувязі з пастановай адной з опэраў Пучыні, напісаў у сваім артыкуле наступнае: «Гэта проста ганьба, што сьвет мяркуе, быццам італьянская музыка — гэта, у асноўным, творы гэтага старамоднага мэлядыста, у той час як у Італіі ёсьць такія капазытары-інтэлектуалы, як Ільдэбранда Піцэцьці». Іншы крытык, Карлё Бэрзэцыё, так апісаў свае ўражаньні ад прэм’еры «Багемы»: «Багема не пакіне ніякага сьледа ў гісторыі опэрнага тэатру. Аўтару гэтае опэры варта лічыць свой твор памылкай». Выдавец Рыкордзі, даведаўшыся пра суменьні, у якіх знаходзіўся кампазытар падчас першых рэпэтыцыяў «Багемы», напісаў яму «Калі вы гэтай опэрай не трапілі ў кропку, маэстра, я зьмяню прафэсію і пачну гандляваць салямі».

  1. ^ а б Giacomo Puccini // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.
  2. ^ а б Giacomo Puccini // Nationalencyklopedin (шв.) — 1999.
  3. ^ Giacomo Puccini // Babelio (фр.) — 2007.
  4. ^ а б в Пуччини Джакомо // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  5. ^ а б Архіў гістарычных запісаў — 1808.
  6. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  7. ^ Schickling D. PUCCINI, Giacomo // Dizionario Biografico degli Italiani (італ.) — 2016. — Vol. 85.
  8. ^ а б «Cattedrale di S. Martino». Centro di Studi Giacomo Puccini.
  9. ^ а б в г д е ё ж Girardi, Michele (2000). «Puccini: His International Art». Chicago: University of Chicago Press.
  10. ^ Carner, Mosco (1959). «Puccini: A Critical Biography». Alfred Knopf. — С. 49.
  11. ^ а б «Arte e Scienze». La Stampa.
  12. ^ Phillips-Matz 2002. С. 64.
  13. ^ Budden 2002. С. 107.
  14. ^ Budden 2002. С. 494.
  15. ^ Casaglia, Gherardo (2005). «La bohème». L’Almanacco di Gherardo Casaglia.
  16. ^ Phillips-Matz 2002. С. 106—107.
  17. ^ «Una disgrazia automobilistica al maestro Puccini». La Stampa.
  18. ^ Phillips-Matz 2002. С. 123.
  19. ^ Smith, Peter Fox (2004). «A Passion for Opera». Trafalgar Square Books. — С. 544. — ISBN 1-57076-280-5.
  20. ^ Randall, Annie J.; Davis, Rosalind G. (2005). «Puccini and the Girl – History and Reception of the Girl of the Golden West». Chicago: University of Chicago Press. — С. 42. — ISBN 0-226-70389-4.
  21. ^ «The Stage». Munsey’s Magazine.
  22. ^ «Plays and Players». Hampton’s Magazine. 26 (3): 364.
  23. ^ Siff, Ira (2012). «Puccini: La Fanciulla del West»]. Opera News. 77 (1).
  24. ^ Osborne, Charles (1982). «The Complete Operas of Puccini: A Critical Guide». Da Capo Press. — С. 195.
  25. ^ Davis, Peter G. (3.09.1984). «Puccini mit Schlag». New York. Vol. 17, no. 35.
  26. ^ Ashbrook, William; Powers, Harold (1991). «Puccini’s Turandot: The End of the Great Tradition». Princeton University Press. — С. 43. — ISBN 978-0-691-02712-8.

Літаратура

рэдагаваць
  • Ashbrook, William, The Operas of Puccini (1985);
  • Budden, Julian Puccini: His Life and Works. — Oxford: Oxford University Press, 2002. — ISBN 978-0-19-816468-5;
  • Carner, Mosco, Puccini, 2d ed. (1977); Di Gaetani, John L., Puccini the Thinker (1987);
  • Greenfield, E., Puccini: Keeper of the *Seal (1958);
  • Jackson, Stanley, Monsieur Butterfly: The Story of Giacomo Puccini (1974);
  • Marek, George, Puccini: A Biography (1951);
  • Phillips-Matz, Mary Jane Puccini: A Biography. — Boston: Northeastern University Press, 2002. — ISBN 1-55553-530-5;
  • Specht, Richard, Puccini (1933; repr. 1970);
  • Weaver, William, and Hume, Paul, Puccini: The Man and His Music (1977).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць