Турандот
«Турандо́т» (пэрс. توران دخت — дачка Турана(en)) — італьянская опэра 1926 году ў трох дзеях аб сватаньні татарскага вартаўніка Калафа да дачкі кітайскага імпэратара. 25 красавіка 1926 г. у мілянскім тэатры «Ля Скаля» адбылася прэм’ера опэры на музыку Джакама Пуччыні (1858—1924), якую той за 4 гады дапісаў да сцэны гібелі рабыні Лю (у апошняй 3-й дзеі)[2]. У хуткім часе пастаноўкі прайшлі ў Рыме (29 красавіка) і Вэнэцыі (тэатар «Фэнікс»; 9 верасьня). Да канца 1926 году арыгінальныя паказы адбыліся ў 4 іншых краінах: Аргентыне (Тэатар Калюмба(es), Буэнас-Айрэс; 23 чэрвеня), Аўстрыі (Вена; 14 кастрычніка), Нямеччыне (Бэрлін; 8 лістапада) і ЗША (Сталічны опэрны тэатар(en), Нью-Ёрк; 16 лістапада). У перакладзе на нямецкую пастаноўка прайшла ў Дрэздэне (Нямеччына; 6 верасьня), на францускую — у Брусэлі (Тэатар мынцы(fr), Бэльгія; 17 сьнежня). У 1927 г. прэм’еры адбыліся ў Нэапалі (тэатар сьвятога Карла; 17 студзеня), Парме (12 лютага), Турыне (17 сакавіка) і Балёньні (кастрычнік). У 1927—1931 гг., цягам наступных 5 гадоў, пастаноўкі прайшлі ў яшчэ 5 краінах: Ангельшчыне (Каралеўскі опэрны тэатар, Лёндан; 7 чэрвеня 1927 г.), ЗША (Сан-Францыска; 19 верасьня 1927 г.), Францыі (Парыж; 29 сакавіка 1928 г.), Аўстраліі (Сыднэй; 1928) і СССР (Вялікі тэатар, Масква; 1931). 29 красавіка 2013 г. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі ўпершыню паставіў опэру «Турандот» у Менску[3].
Турандот | |
італ. Turandot | |
Плякат 1926 г. | |
Лібрэта (1926 г.) | |
Жанр | Опэра |
---|---|
Паводле | Трагікамэдыя «Турандот»(en) (Карла Гоцы(it), 1762) |
Аўтары | Джузэпэ Адамі(it), Рэната Сімоні(it) |
Мастак-пастаноўнік | Артура Тасканіні |
Кампазытар | Джакама Пуччыні |
Акторы | Мігель Флета(es), Роза Раіса(pl) |
Працягласьць | 2 гадзіны 45 хвілінаў[1] |
Краіна | Італія |
Мова | Італьянская |
Год прэм’еры | 25 красавіка 1926 (98 гадоў таму) |
Дзея
рэдагавацьПершая
рэдагавацьКаля сьцяны імпэратарскага палаца ў Пэкіне (Кітай) канцлер Пінг абнародвае ўказ: «Кожны, хто жадае дамагчыся рукі княжны Турандот, мае разгадаць тры загадкі. Таго, хто не адгадае, чакае сьмерць. Сёньня пакараюць юнага пэрсідзкага княжыча». Месьцічы бягуць да палаца, дзе іх спыняе варта. Начальнік варты Калаф пазнае сярод натоўпа свайго бацьку Цімура, якога зрынулі з царскага стальца Татарыі(en). Цімура суправаджае рабыня Лю. Калаф працягвае хаваць сваё імя на службе.
З узыходам месяца пэрсідзкага княжыча забіваюць на пляцы перад палацам. Пры зьяўленьні Турандот месьцічы падаюць ніцма. Калаф крочыць да Турандот насуперак адгаворам свайго бацькі дамагчыся яе рукі. Канцлер Пінг, надзіральнік Панг і кухмайстар Понг перасьцерагаюць і кпяць з Калафа. Лю моліць Калафа сысьці. Слуга тройчы б’е ў гонг для абвяшчэньня намеру Калафа дамагчыся жаніцьбы на Турандот.
Другая
рэдагавацьПінг, Панг і Понг разважаюць пра пажаданасьць вяртаньня да жыцьця ўдалечыні ад імпэратарскага палаца. На пляцы перад палацам імпэратар Альтум беспасьпяхова імкнецца адвадзіць Калафа ад удзелу ў выпрабаваньні. Пінг паўтарае ўмовы. Турандот тлумачыць сьмяротнасьць выпрабаваньня сваёй нянавісьцю да прышэльцаў (ксэнафобія), бо даўней у гэтым самым палацы татарскі заваёўнік згвалціў і забіў кітайскую князёўну Лулінь.
Турандот абвяшчае першую загадку: «Што за яркая здань нараджаецца ўначы і вабіць чалавека, а ранкам памірае, каб уначы адрадзіцца?» Калаф слушна адказвае: «Гэта надзея», што мудрацы пацьвярджаюць паводле ўласных скруткаў. Гучыць другая загадка: «Што падобна да полымя і ня полымя? Калі гіне чалавек, яно застывае, а калі перамагае — тое палае нібы сонца». Калаф знаходзіць разгадку пасьля падбадзёрваньня з боку Альтума і Лю: «Гэта кроў», чым выклікае гнеў і страх Турандот. Тады тая задае трэцюю загадку: «Што падобна лёду, але ад агню замярзае? Жадаеш быць вольным, яно трымае цябе ў рабстве. А станеш яго рабом — зробіць царом». Турандот кпліва дадае: «Што гэта за лёд, у якім ён згарыць?» Калаф разгадвае: «Гэта Турандот, і лёд яе сэрца згарыць у полымі яго каханьня». Турандот у жаху моліць бацьку Альтума адмовіцца аддаваць яе ў жонкі чужынцу Калафу. Альтум вырашае стрымаць дадзенае Калафу слова. Калаф адмаўляецца жаніцца з Турандот супраць яе волі. Ён кажа, што гатовы памерці, калі Турандот разгадае да ўзыходу сонца яго загадку: «Ва ўсім Пэкіне ніводны чалавек ня ведае яго імя».
Трэцяя
рэдагавацьНа пляцах Пэкіна вяшчальнікі паведамляюць: «Пад страхам сьмерці ніхто не павінны спаць гэтай ноччу ў Пэкіне — такі загад Турандот». Калаф пяе арыю «Нікому ня спаць(it)». Пінг, Панг і Понг беспасьпяхова спрабуюць спакусіць Калафа любошчамі і багацьцем ды выклікаць жаласьць: «Усе жыхары Пэкіна загінуць у пакутах, калі да ранку Турандот ня будзе ведаць яго імя». Варта схапіла Цімура і Лю, бо іх бачылі зь невядомым. Лю кажа Турандот аб веданьні імя, аднак адмаўляецца раскрыць таямніцу. Месьцічы запрашаюць ката, каб змусіць Лю да прызнаньня. Лю забівае сябе, каб пазьбегнуць выдачы імя Калафа пад катаваньнем. Сьляпы Цімур сыходзіць у суправаджэньні сына Калафа[1].
У пачатку 1926 г. кіраўнік Турынскай кансэрваторыі Франка Альфана дапісаў яшчэ адну сцэну, дзе Калаф раскрывае Турандот сваё імя. Тая абвяшчае бацьку Альтуму, што ведае імя, і кажа: «Гэта каханьне».
Ролі
рэдагаваць- Альтум, кітайскі імпэратар — Франчэска Дамінічы(it) (тэнар)
- Калаф, начальнік варты імпэратара — Мігель Флета (тэнар)
- Турандот, дачка імпэратара — Роза Раіса (сапрана)
- Цімур, бацька Калафа — Карла Вальтэр (бас)
- Лю, рабыня Цімура — Марыя Замбоні(it) (сапрана)
- Пінг, канцлер імпэратара — Джакама Рыміні(it) (барытон)
- Панг, імпэратарскі надзіральнік — Эміліё Вэнтурыні(it) (тэнар)
- Понг, кухмайстар імпэратара — Джузэпэ Нэсі(it) (тэнар)
Іншыя: пэрсідзкі княжыч, кат, 8 мудрацоў, вартаўнікі, музыкі, прывіды жаніхоў, саноўнікі, сьвятары, служанкі і сьцяганосцы.
Суправаджэньне
рэдагавацьСымфанічны аркестар мае ўлучаць:
- Драўляныя духавыя інструмэнты: 3 папярочныя флейты (трэцяя падвойная малая(en)), 2 габоі, 1 ангельскі ражок, 2 клярнэты ў Сі-бемоль(en), 1 бас-клярнэт, 1 фаготы, 1 контрафагот і 2 сцэнічныя альтавыя саксафоны ў Мі-бемоль;
- Медныя духавыя інструмэнты: 4 валторны ў Фа, 3 трубы ў Фа, 3 тэнаравыя трамбоны, 1 кантрабасовы трамбон, 6 сцэнічных трубаў і Сі-бемоль, 3 сцэнічныя трамбоны і 1 сцэнічны басовы трамбон;
- Ударныя інструмэнты: літаўры, талерка, гонг, 1 трохкутнік, 1 малы барабан, 1 вялікі барабан, 1 тамтам, 1 званочак, 1 ксыляфон, 1 басовы ксыляфон, званы(en), настроеныя кітайскія гонгі, сцэнічная драўляная скрыначка(en) і сцэнічны вялікі гонг;
- Струнныя інструмэнты: 2 арфы, першая і другая скрыпкі, альты, віялянчэлі і кантрабасы.
Беларусь
рэдагавацьУ 2000 г. дырыгент Вячаслаў Воліч упершыню паставіў «Турандот» на падмостках Нацыянальнага акадэмічнага тэатра опэры Беларусі ў канцэртным выкананьні[4]. 24 сьнежня 2008 г. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусьціў 25 тыс. памятных срэбных манэтаў «Турандот» масай 28,28 грама і наміналам 20 рублёў, якія вырабіў Манэтны двор Польшчы(pl) (Варшава). Проба срэбра склала 925[5].
14 лютага 2012 г. рэжысэрка Галіна Галкоўская паставіла ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балету Беларусі канцэртна-сцэнічную перапрацоўку «Турандот», у якой падзеі адбываліся ў палацы беларускай княжны. Ролі выконвалі Сяргей Франкоўскі (Калаф), Тамара Глаголева (Турандот), Міхаіл Пузанаў (Альтум), Алена Бундзелева (Лю) і Аляксандар Дрынеўскі (саноўнік)[6]. Пастаноўка мела посьпех падчас паказу на замежных гастролях[2].
29 красавіка 2013 г. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі ўпершыню паставіў опэру «Турандот» на сваіх падмостках. Рэжысэрам выступіў Міхаіл Панджавідзэ, дырыгентам — Віктар Пласкіна, хормайстаркай — Ніна Ламановіч[1]. У пастаноўцы ўдзельнічалі звыш 150 актораў. Галоўныя ролі выконвалі Сяргей Франкоўскі (Калаф), Ніна Шарубіна (Турандот), Станіслаў Трыфанаў (Цімур), Настасься Масквіна (Лю), Уладзімер Громаў (Пінг), Аляксандар Жукаў (Панг), Янаш Налепа (Понг)[2]. «Турандот» стала 29-й пастаноўкай агулам і 4-й опэрай менавіта кампазытара Пуччыні ў рэпэртуары Вялікага тэатра опэры і балета Беларусі[7].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Турандот // Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 16 красавіка 2016 г.
- ^ а б в Алена Лісава. Загадкавы Ўсход // Мастацтва : часопіс. — Чэрвень 2013. — № 6 (363). — С. 12-13. — ISSN 0208-2551.
- ^ Вольга Нікалаеўская. Слынная опэра Пучыні на беларускай сцэне // Літаратура і мастацтва : газэта. — 26 красавіка 2013. — № 17 (4715). — С. 2. — ISSN 0024-4686.
- ^ Вячаслаў Воліч // Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Рэспублікі Беларусь, 24 сьнежня 2008 г. Праверана 16 красавіка 2016 г.
- ^ Памятная манэта «Турандот» // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 24 сьнежня 2008 г. Архіўная копія ад 23 сьнежня 2008 г. Праверана 16 красавіка 2016 г.
- ^ Ларыса Цімошык. Імгненьні каханьня і магія любові // Зьвязда : газэта. — 14 лютага 2012. — № 29 (27144). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Вольга Чайкоўская. Пучына Пучыні // Жырандоля. — 4 траўня 2013. — № 17 (187). — С. 3.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Арыгінальную пастаноўку опэры «Турандот» ўпершыню прадставяць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра опэры і балета Беларусі // Радыё «Беларусь», 24 красавіка 2013 г. Праверана 16 красавіка 2016 г.
- Пучыні. «Турандот» (Дзімітрава, Дамінга, Рычарэлі; Маазэль), 1983 г., Ля Скаля // Італьянскае тэлерадыёвяшчаньне(it), 5 студзеня 2014 г. Праверана 16 красавіка 2016 г.