Гісторыя Бачэйкава
Бачэйкаў — даўняе мястэчка[1] гістарычнай Полаччыны. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барокавага клясыцызму сядзібна-паркавы комплекс Цеханавецкіх, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся Спаская царква і палац Цеханавецкіх, помнікі архітэктуры XVIII ст.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Бачэйкаў як уладаньне князя Я. Ямантовіча датуецца 1460 годам. Пазьней маёнтак належаў яго нашчадку — князю С. Ямантовічу-Падбярэскаму (памёр у 1540 годзе бязьдзетным). У выніку працяглых судовых спрэчак Бачэйкаў і іншыя маёнткі ў 1542 годзе адсудзіла ягоная сястра, князёўна Ўльяна, на карысьць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. На той час уладаньне складалася з двара, якія ўлучаў мястэчка і воласьць (вёскі Плескунова, Стрыжава і інш.). Пры падзеле Бачэйкава дасталося Рыгору (пачынальніку шляхецкага роду Падбярэскіх), а Стрыжава з навакольнымі вёскамі — Івану. Частка маёнтку Бачэйкава належала і А. Цеханавецкаму — імаверна, сыну Ўльяны ад другога шлюбу. Па сьмерці Р. Падбярэскага ў 1585 годзе паселішча цалкам перайшло да роду Цеханавецкіх.
У Інфлянцкую вайну (1563—1580) Бачэйкаў некалькі разоў спусташалі маскоўскія захопнікі. У 1626 годзе ён складаўся з умацаванага фэўдальнага маёнтку (двара), мястэчка і воласьці зь вёскамі Астраўлянамі, Высакагорай (цяпер Высокая Гара), Жарнасекамі (цяпер Жарнасекава), Забельлем, Клешчынам. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе маскоўскія акупанты ўшчэнт спалілі паселішча. На 1692 год у Бачэйкаве было 45 мяшчанскіх радзінаў і 13 прымакоў, да воласьці належалі вёскі Адамашкава, Дзятлы, Жарнасекі, Забельле-Баярскае, Клешчына, Сенькаўшчына, Старынкі, Філіпенкі. У канцы XVIII ст. у мястэчку дзейнічалі суконная фабрыка, збройная і карэтная майстэрні, дахоўчаты, ганчарны, вінакурны, піваварны заводы. У 1769 годзе адмыслова да прыёму караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага тут збудавалі новы мураваны палац. У гэты час у мястэчку было каля 50 радзінаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бачэйкаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Лепельскага павету Полацкай, з 1802 году Віцебскай губэрні.
У 1852 годзе да маёнтку Бачэйкава, які знаходзіўся ў валоданьні Цеханавецкіх[2], належалі 14 вёсак: Багданава, Валькоўшчына, Грыцькаўка, Дзятлы, Дубровы, Жарнасекі, Забельле, Клешчына, Навасёлкі, Промыслы, Прыгожае, Сенькаўшчына, Тарантова, Шыпулі і 4 засьценкі: Займішча, Касмыры, Сушытна, Талвіншчына. На 1886 год у мястэчку было 29 двароў, лякарня, школа, вінакурня і бровар, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак; штогод праводзіліся 3 кірмашы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым — увосень 1918 году Бачэйкаў займалі нямецкія войскі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бачэйкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Бачэйкаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам сельсавету. Неўзабаве статус паселішча панізілі да вёскі.
На 1970 год у Бачэйкаве было 238 двароў, на 1995 год — 423, на 2005 год — 853. У 2000-я гады Бачэйкаў атрымаў афіцыйны статус аграгарадку.
Галерэя
рэдагаваць-
Палац да разбудовы, каля 1900 г.
-
Палац па разбудове, 1908 г.
-
Палац, інтэр’ер
-
Дом лоўчага
-
Парк, 1928 г.
-
Палац, 1928 г.
-
Палац, 1928 г.
-
Палац, 1934 г.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 377.
- ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 271.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГісторыя Бачэйкава — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў