Гран-пры Вялікабрытаніі
Гран-пры́ Вялікабрыта́ніі (па-ангельску: British Grand Prix) — аўтагоначнае Гран-пры, якое ладзіцца ў Вялікабрытаніі з 1926 року. З 1948 ладзіцца штороку, а з 1950 увайшло ў каляндар чэмпіянату сьвету МФА ў Формуле-1.
Сыльвэрстоўн | |
Гісторыя | |
---|---|
Праведзеныя гонкі | 79 |
Першая гонка | 1926 |
Апошняя гонка | 2024 |
Лідэр (гоначнік) | Льюіс Гэмілтан (9) |
Лідэр (канструктар) | Фэрары (18) |
Траса | |
Працягласьць кола | 5,891 км |
Працягласьць гонкі | 306,198 км |
Колькасьць колаў | 52 |
Поўл-пазыцыя |
|
Подыюм |
|
Найхутчэйшае кола |
|
Вонкавыя спасылкі | |
silverstone.co.uk | |
Сучасная гонка адбываецца на трасе ў Сыльвэрстоўне (Нортгэмптаншыр, Ангельшчына). Гэта адна з найстарэйшых аўтагонак у сьвеце і найстарэйшае Гран-пры Формулы-1, паколькі менавіта ў Вялікабрытаніі адбыўся першы этап чэмпіянату 1950 року. Адзінае Гран-пры разам з італьянскім, на якіх формульныя гонкі адбываліся бесьперапынна ад часу зьяўленьня.
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1907 року ля Ўэйбрыджу (Сарэй) была збудаваная авальная траса Бруклэндз, першая адмыслова прызначаная для гонак. Першыя аўтамабільныя Гран-пры прыйшлі ў Вялікабрытанію ў 1926 року. Першае Гран-пры адбылося 7 жніўня таго году і афіцыйна звалася Гран-пры Каралеўскага аўтамабільнага клюбу; першымі пераможцамі сталі Рабэр Сэнэшаль ды Люі Вагнэр на аўтамабілі Delage 15 S 8. Праз год Delage 15 S 8 зноў перамог, гэтым разам з Рабэрам Бэнуа за стырном. Болей да вайны Каралеўскі аўтаклюб гонак ня ладзіў.
У II сусьветную вайну Бруклэндз быў значна пашкоджаны і закінуты. На месцах былых аэрадромаў паўсталі некалькі новых трасаў, адной зь якіх быў Сыльвэрстоўн на мяжы Нортгэмптаншыру ды Бэкінггэмшыру. Першае Міжнароднае Гран-пры Каралеўскага аўтаклюбу адбылося тут 2 кастрычніка 1948 року; пераможцам стаў Люіджы Вільлярэзі на Maserati. У 1949 трасу значна зьмянілі ў бок хуткасьці, і ў такім выглядзе яна праіснавала дзесяцігодзьдзямі.
У 1950 року быў заснаваны Чэмпіянат сьвету сярод гоначнікаў, і першым ягоным этапам стала Гран-пры Вялікабрытаніі, а першым пераможцам — кіроўца Alfa Romeo Ніна Фарына. Надзвычай захапляльнай стала гонка праз год: упершыню ў гісторыі Формулы-1 «Альфа Рамэо» саступіла перамогу, якую сьвяткавала больш паліваэфэктыўная Фэрары з аргентынцам Хасэ Фройлянам Гансалесам за стырном.
З 1955 гонка па чарзе ладзілася ў Сыльвэрстоўне і Эйнтры пад Лівэрпулем. Першыя чатыры месцы ў тым року заваяваў Мэрсэдэс, і сваю першую перамогу здабыў на роднай зямлі Стэрлінг Мос. Гонка ў Эйнтры ладзілася па няцотных гадох, але ў 1962 адбылася паўторна, пасьля чаго траса скасаваная. У 1957 року Стэрлінг Мос перамог зноўку, але гэтым разам за каманду «Ванўол» — першая ў гісторыі перамога брытанскіх канструктараў.
З 1964 року па цотных гадох Гран-пры Вялікабрытаніі пераехалі на трасу Брэндз-Гэч у Кенце; няцотныя гады па-ранейшаму прымаў Сыльвэрстоўн. І так хуткая траса, з разьвіцьцём тэхналёгіяў ён станавіўся ўсё хутчэйшым, і ў 1980-я рокі кіроўцы ўжо маглі праехаць кола меней чым за 1 хвіліну. У 1985 року фін Кеке Росбэрг усталяваў рэкорд Формулы-1, праехаўшы кваліфікацыйнае кола з сярэдняй хуткасьцю 258,983 км/г. У 1986 року ў аварыю трапіў Жак Ляфіт, зламаўшы абедзьве нагі, пасьля чаго быў вымушаны скончыць кар’еру ў Формуле-1. Пераможцам стаў брытанец Найджэл Мэнсэл на запасным аўтамабілі сукамандніка Нэльсана Піке. Менавіта канкурэнтназдольнасьць роднага гоначніка ўзьняла папулярнасьць брытанскага Гран-пры. Тым ня меней, 1986 рок стаў апошнім для Брэндз-Гэчу, паколькі яна стала небясьпечна хуткай. Але асноўнай прычынай стала ўвядзеньне Міжнароднай фэдэрацыяй аўтамабільнага спорту практыкі заключэньня доўгатэрміновых кантрактаў з адной трасай. Сыльвэрстоўну была аддадзеная перавага. У 1987 яго зьмянілі ўпершыню з 1949 року. Тым ня менш, Сыльвэрстоўн заставаўся хуткаснай трасай, і ў тым годзе Найджэл Мэнсэл 11 разоў абнаўляў рэкорд трасы паводле хуткасьці. Апошні раз у такой канфігурацыі Сыльвэрстоўн прыняў Гран-пры 1990 року. З 1991 траса стала больш тэхнічнай і на 15% павольнейшай.
Пасьля трагедыяў у Імале-1994 Сыльвэрстоўн зноўку зьмянілі ў бок запаволеньня. У 1996 року адзін з паваротаў вярнулі да выгляду 1991 року. У 1999 року акурат у гэтым павароце чэмпіён сьвету Міхаэль Шумахэр разьбіў свайго баліда, зламаў нагу і выбыў з чэмпіёнскай гонкі.
З 2008 року зноўку адбываецца ўздым папулярнасьці гонкі ў Сыльвэрстоўне дзякуючы посьпехам Льюіса Гэмілтана і Джэнсана Батана. З 2010 року ўведзеная новая канфігурацыя трасы.
У 2017 року Льюіс Гэмілтан здабыў у Сыльвэрстоўне свой першы і пакуль што адзіны «Вялікі шалом» — поўл-пазыцыя, перамога, найхутчэйшае кола і лідэрства цягам усёй гонкі. У 2024 року ён стаў пераможцам у дзявяты раз, пабіўшы рэкорд Міхаэля Шумахэра паводле колькасьці перамог на адным Гран-пры.
Сыльвэрстоўн дагэтуль застаецца надзвычай хуткім: сярэдняя хуткасьць аўтамабіляў Формулы-1 складае тут 233 км/г.
Пераможцы
рэдагавацьЗялёнае тло азначае, што гонка ўваходзіць у каляндар Сусьветнага чэмпіянату вытворцаў МАПАК(d) .
Ружовае тло азначае, што гонка не ўваходзіць у каляндар Чэмпіянату сьвету Формулы-1.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ British GP. ChicaneF1. Праверана 14 September 2021 г. Архіўная копія ад 14 September 2021 г.
- ^ Higham, Peter The Guinness Guide to International Motor Racing. — London, England: Motorbooks International, 1995. — P. 391–392. — ISBN 978-0-7603-0152-4
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |