Гомельтранснафта Дружба
Каардынаты: 52°26′6″ пн. ш. 31°0′5″ у. д. / 52.435° пн. ш. 31.00139° у. д.
«Гомельтранснафта Дружба» — дзяржаўнае нафтатранспартнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў лістападзе 1964 году.
«Гомельтранснафта Дружба» | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 23 лістапада 1964 (60 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Міністэрства газавай прамысловасьці СССР |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Гомель, Цэнтральны раён, вул. Артылерыйская, д. 8а |
Ключавыя фігуры | Алег Барысенка, Андрэй Вярыга |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | нафтаперапампоўка |
Абарачэньне | ▼3 220,295 млрд руб[1] ($198,128 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼819,673 млрд руб (2015 г.; $50,43 млн) |
Чысты прыбытак | ▼665,280 млрд руб (2015 г.; $41,9 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 1400 (2019 г.) |
Матчына кампанія | канцэрн «Белнафтахім» |
Прадпрыемства перапампоўвае беларускую і расейскую нафту на «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод». Транзыт расейскай нафты ажыцьцяўляўся ў напрамку: 1) Унеча — Мазыр — Адамова (Падляскае ваяводзтва) з далейшым перапампоўваньнем у Польшчу і Нямеччыну, 2) Унеча — Мазыр — Броды (Львоўская вобласьць, Украіна) з далейшым перапампоўваньнем у Вугоршчыну, Славаччыну і Чэхію[2]. У 2018 годзе ААТ «Гомельтранснафта Дружба» перапампавала 60,4 млн тонаў нафты, зь іх 58,8 млн тонаў з Расеі, што склала каля чвэрці расейскага экспарту нафты. Уласная сетка сувязі ўлучала 1562 км медных і 887 км оптавалаконных магістральных лініяў, прапускная здольнасьць якіх складала 2,5 гігабіт/сэкунда. Тэлефонную сувязь забясьпечвалі 8 аўтаматызаваных тэлефонных станцыяў на 2020 абанэнтаў[3]. Лінейная вытворча-дыспэтчарская станцыя (ЛВДС) «Мазыр» мела 25 нафтавых рэзэрвуараў абсягам ад 10 000 да 75 000 кубамэтраў, якія былі 2 відаў: жалезабэтонныя падземныя і вэртыкальныя сталёвыя наземныя[4]. У 2015 годзе прадпрыемства ўвайшло ў 10-ку найбольш прыбытковых у Беларусі.
Будова
рэдагавацьНа 2019 год ААТ «Гомельтранснафта Дружба» ўлучала:
- 6 нафтаперапамповачных станцыяў (НПС) — «Гомель», «Зашчоб’е» (Рэчыцкі раён», «Тураў» (Жыткавіцкі раён), «Пінск», «Кобрынь» і лінейная вытворча-дыспэтчарская (ЛВДС) «Мазыр»;
- галоўную базу вытворчага абслугоўваньня (выраб абсталяваньня, рамонт нафтаправодаў і аўтамабіляў);
- базу адпачынку «Мілаград» (Рэчыцкі раён);
- вытворчы камбінат харчаваньня (Бабовічы, Гомельскі раён).
Прадпрыемства выкарыствоўвала каля 2000 км нафтаправодаў, зь іх 667 км нафтавай магістралі дыямэтрамі 102, 82, 72, 63 и 53 см ад мяжы з Расеяй да межаў з Польшчай і Ўкраінай. Нафтаправоды праходзілі па 8 раёнах Гомельскай і 8 раёнах Берасьцейскай вобласьці. Для кіраваньня перапампоўкай выкарыстоўвалі каля 5000 прыладаў ад маномэтра да газааналізатара[5].
Мінуўшчына
рэдагаваць23 лістапада 1964 году Міністэрства газавай прамысловасьці СССР выдала Загад аб утварэньні Гомельскага кіраўніцтва нафтаправода (ГКН) «Дружба», якому перадалі ўчастак на поўдні Беларускай ССР да Берасьця. Таксама ўвялі ў дзеяньне нафтаперапамовачную станцыю (НПС) «Пінск» (Берасьцейская вобласьць). У 1965 годзе Кіраўніцтва магістральнымі нафтаправодамі «Дружба» зацьвердзіла Загад аб складзе і межах Гомельскага кіраўніцтва нафтаправода. Таксама ў нафтаправод пачала паступаць нафта Рэчыцкага радовішча. Запусьцілі НПС «Гомель». У 1967 годзе запусьцілі яшчэ 3 НПС — «Кобрынь», «Тураў» (Жыткавіцкі раён) і «Зашчоб’е» (Рэчыцкі раён). У 1973 годзе ўвялі насосную № 3 лінейнай вытворча-дыспэтчарскай станцыі (ЛВДС) «Мазыр». У 1975 годзе пусьцілі насосную № 4 ЛВДС «Мазыр» і 2-ю чаргу НПС «Гомель». У 1977 годзе здалі 2-ю чаргу НПС «Кобрынь» і «Тураў», увялі рэзэрвуар 2-й чаргі і абсталяваньне ўліку нафты на ЛВДС «Мазыр». У 1978 годзе пусьцілі 2-ю чаргу НПС «Зашчоб’е». У 1980 годзе ўвялі насосную № 5 ЛВДС «Мазыр».
У 1992 годзе ГКН «Дружба» пераўтварылі ў прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба». 20 ліпеня 1992 году ў Маскве старшыні ўрадаў Беларусі і Расеі падпісалі па-беларуску і па-расейску Пагадненьне «Аб асноўных прынцыпах і ўмовах узаемаадносін у галіне транспартаваньня нафты». Паводле 3-га артыкула Пагадненьня, «Бакі ўпаўнаважваюць дзяржаўныя прадпрыемствы транспарту нафты ажыцьцяўляць сумесныя і скаардынаваныя дзеяньні, накіраваныя на забесьпячэньне бесьперабойнага і ўстойлівага забесьпячэньня нафтай спажыўцоў Расейскай Фэдэрацыі, Рэспублікі Беларусь і трэціх краінаў шляхам транзыту нафты па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем сыстэмы магістральных нафтаправодаў, што склалася»[6]. У 1999 годзе збудавалі 37 км лупінгу для 3-й ніткі нафтаправода «Мазыр — Адамова». У 2003 годзе пачалі выкарыстаньне 3-й ніткі нафтаправода «Мазыр — Адамова» і ўвялі ў дзеяньне 2 рэзэрвуары па 75 000 куб.м на ЛВДС «Мазыр». У 2006 годзе дабудавалі валаконна-аптычную лінію сувязі на ўсім працягу магістральнага нафтаправода прадпрыемства. У 2006 годзе на РУП «Гомельтранснафта Дружба» прыпала 70 % нафтавага транзыту (63 млн тонаў), які перавысіў 90 млн тонаў[7]. 8-10 студзеня 2007 году ААТ «Транснафта» (Масква, Расея) перакрывала транзыт праз нафтаправод РУП «Гомельтранснафта Дружба» ў ходзе беларуска-расейскага энэргетычнага канфлікту[8]. У 2009 годзе Савет міністраў Рэспублікі Беларусь выключыў РУП «Гомельтранснафта Дружба» зь ліку прадпрыемстваў, што не падлягалі прыватызаваньню, і пераўтварыў яго ў адкрытае акцыянэрнае таварыства[9].
У 2010 годзе на ЛВДС «Мазыр» прынялі да выкарыстаньня 2 рэзэрвуары па 50 000 куб.м нафты кожны. За 2010 год ААТ «Гомельтранснафта Дружба» перапампавала 75,5 млн тонаў нафты, у 2011-м — каля 72 млн тонаў для ААТ «Транснафта». Прадпрыемства пастаўляла беларускую і расейскую нафту на ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод». Таксама «Гомельтранснафта Дружба» ажыцьцяўляла транзыт казаскай і расейскай нафты ў 6 краінаў — Польшчу, Нямеччыну, Украіну, Вугоршчыну, Славаччыну і Чэхію[10]. 12 красавіка 2012 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 330, паводле якой «Гомельтранснафта Дружба» трапіла ў сьпіс 60 высокапрыбытковых дзяржаўных прадпрыемстваў па выніках 2011 году. Такія прадпрыемствы абавязваліся штомесяц роўнымі долямі пералічваць частку прыбытку ў Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага разьвіцьця[11]. У 2012 годзе прадпрыемства стала 11-м найбольшым падаткаплатнікам Беларусі[12]. Паводле абсягу чыстага прыбытку ў памеры 909,4 млрд рублёў ($108,7 млн) прадпрыемства заняло 8-е месца ў краіне[13]. У 2013 годзе «Гомельтранснафта Дружба» перапампавала звыш 60 млн тонаў нафты, што склала каля траціны расейскага экспарту нафты[14].
У 2014 годзе прыбытак склаў $55,8 млн, што зрабіла прадпрыемства 14-м найбольш прыбытковым у Беларусі[15]. У 2015-м прадпрыемства займала 9-е месца з $41,9 млн прыбытку[16]. 23 траўня 2017 году ў Менску кіраўнікі ААТ «Гомельтранснафта Дружба» і АТ «Укртранснафта» падпісалі Пагадненьне аб выкарыстаньні нафтаправода «Мазыр — Броды»[17].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Аляксей Касьцючэнка (1997 — 12 ліпеня 2008)[18]
- Сяргей Сасноўскі (31 кастрычніка 2008[19] — 20 лютага 2017)[20]
- Алег Пачынок (14 сакавіка 2017[21] — 2018)
- Алег Барысенка (з 5 сакавіка 2018 году)[22]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Транспарт нафты (рас.) // ААТ «Гомельтранснафта Дружба», 2019 г. Праверана 14 сакавіка 2019 г.
- ^ Сувязь (рас.) // ААТ «Гомельтранснафта Дружба», 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Рэзэрвуарны парк (рас.) // ААТ «Гомельтранснафта Дружба», 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Будова прадпрыемства (рас.) // ААТ «Гомельтранснафта Дружба», 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Пагадненьне «Аб асноўных прынцыпах і ўмовах узаемаадносін у галіне транспартаваньня нафты» (рас.) // Афіцыйны інтэрнэт-партал прававой інфармацыі Расеі, 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Юры Дракахруст. Беларуска-расейскі нафта-газавы канфлікт у лічбах // Радыё «Свабода», 8 студзеня 2007 г. Архіўная копія ад 8 студзеня 2007 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Сямён Печанко, Мікола Бугай. Шасьцідзённая вайна // Наша ніва : газэта. — 12 студзеня 2007. — № 1 (503). — С. 3-6. — ISSN 1819-1614.
- ^ Расея пачала будаўніцтва БТС-2 // Эўрарадыё, 12 чэрвеня 2009 г. Архіўная копія ад 12 чэрвеня 2009 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Ганна Кот. Беларусь і Расея працуюць над узгадненьнем тарыфаў на транзыт нафты ў 2012 годзе // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 сьнежня 2011 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Больш як 60 высокарэнтабэльных арганізацый Беларусі пералічаць частку прыбытку ў фонд нацразьвіцьця // БелТА, 17 красавіка 2012 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Ганна Кот. Пералік буйнейшых падаткаплацельшчыкаў Беларусі ў 2012 годзе ўзначалілі «Белтрансгаз», «Нафтан», «Беларуськалій» // БелТА, 10 красавіка 2013 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Ганна Кот. «Беларуськалій» па выніках 2012 года стаў найбольш прыбытковым ААТ у Беларусі // БелТА, 30 траўня 2013 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ «Гомельтранснафта Дружба» адзначае паўвекавы юбілей // Белтэлерадыёкампанія, 23 лістапада 2014 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Ягор Марціновіч. Топ-20 самых прыбытковых кампаній краіны // Наша ніва. — 3 чэрвеня 2015. — № 21 (906). — С. 5.
- ^ Ягор Марціновіч. Прыбытак Машэнскага ўпаў у 440 разоў, Чыжа — у 20 разоў // Наша ніва. — 25 траўня 2016. — № 20 (953). — С. 5.
- ^ Ігар Губарэвіч. Беларусь і Ўкраіна супрацоўнічаюць пад пагрозай расейскага націску // Цэнтар Астрагорскага, 28 ліпеня 217 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ У Дняпры патануў дырэктар «Гомельтранснафты» // Наша ніва. — 17 ліпеня 2008. — № 26 (576). — С. 22.
- ^ Натальля Кароткая. Аляксандар Лукашэнка: У краіне крызісу няма, і ні пра які крызіс гаворка ісьці ня будзе // БелаПАН, 31 кастрычніка 2008 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Распрацавалі схему // Зьвязда : газэта. — 21 лютага 2017. — № 35 (28399). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Лукашэнка ўзгадніў прызначэньне новых кіраўнікоў «Нафтана» і Мазырскага НПЗ // БелТА, 14 сакавіка 2017 г. Архіўная копія ад 14 сакавіка 2017 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- ^ Аліна Грышкевіч. Барысенка ўзгоднены на пасаду гендырэктара ААТ «Гомельтранснафта Дружба» // БелТА, 5 сакавіка 2018 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Электронны зварот у адміністрацыю (рас.) // ААТ «Гомельтранснафта Дружба», 2019 г. Архіўная копія ад 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
- Зваротная сувязь, вакансіі (рас.)
- Аўтамыйня, аўтазаправачная станцыя (рас.)
- Вытворчы камбінат (рас.)
- База адпачынку «Мілаград» (Рэчыцкі раён) (рас.)