Герб Крупак
Герб Крупак — геральдычны знак гораду Крупкі (Менская вобласьць, Беларусь).
Герб Крупак | |
Апісаньне | |
---|---|
Носьбіт | Крупкі |
Апісаньне
рэдагавацьБлакітнае поле гішпанскага шчыту перасякае срэбраны хвалісты пояс, які сымбалізуе раку і падзяляе шчыт на дзьве часткі. У верхняй частцы сярэбранае кола вадзянога млына, у ніжняй — сярэбранае сьцябло травы Крупкі дуброўнай з залатымі кветкамі. Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 22 чэрвеня 1999 года пад № 35.
Рака
рэдагавацьВыказвалася думка пра паходжаньне назвы гораду ад рэчкі Крупкі (Крупенiцы, Курнееўкі), якая цяпер працякае праз горад і ўпадае ў Бобр, быццам гідронім Крупка ў старабеларускай мове меў значэньне 'кароткі, незамярзалы рачны прыток', а Крупка была менавіта такой да маштабнай мэліярацыі. Аўтары засноўваюць сьцвярджэньне на аналёгіі, на іх думку, назвы многіх паселішчаў у рэгіёне паходзіць ад гідронімаў, прыкладамі яны даюць вёскі Начу на рацэ Начы, Еленку на Еленцы, Мажаны на Можы, Сьвiрыдаўку на Сьвiрыдаўцы, Плісу на Плісе, пасёлак Бобр на Бабры.[1] Аднак, Гістарычны слоўнік беларускай мовы ведае слова крупка ў адзіным значэньні 'дробназярністая соль'[2]. Паходжаньне ж тапонімаў трэба разглядаць паасобку і ў гістарычным кантэксьце, бо зваротная зьява — названьне ракі ад паселішча на ёй, была настолькі ж распаўсюджаная.
Вадзяны млын
рэдагавацьНа думку аўтараў вадзяны млын быў візытнай карткай мястэчка Крупкі на працягу XVII—XIX стагоддзяў. Упершыню ён згадваецца ў тарыфе падымнага падатку Аршанскага павету за 1667 год, згадваецца і пазьней — у 1765, 1812, 1859 гадах. Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх 1880 года выданьня паведамляе: «У мястэчку Крупцы губэрні Магілёўскай на Бабры ёсьць млыны, на якіх вырабляецца найдалікатнейшая мука пшанічная і пад назвай Крупецкай альбо Крупчаткі развозіцца да найгалоўнейшых гарадоў»[3].
Трава-кветка
рэдагавацьТравяністая расьліна Крупка дуброўная расьце па берагах Бабра і Крупеніцы і ў ваколіцах гораду. Найменьне расьліны супадае з імем ракі і горада, што падалося складальнікам герба вартым зьмяшчэньня як «галінкі» на гербе гораду.[1]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б https://web.archive.org/web/20221020202531/https://krupki.gov.by/be/regijon/geraldyka
- ^ ГСБМ. — Т. 16. — С. 183.
- ^ Bobr // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 258.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Герб города Крупки // «Геральдика Беларуси» (рас.)
- ГЕРБ ГОРАДА КРУПКІ Архівавана 2 кастрычніка 2018. // http://www.krupki.gov.by/